Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казахстанскі транзыт улады: высновы для Беларусі


Нурсултан Назарбаеў

Хоць Назарбаеў насамрэч не адмовіўся цалкам ад уладных паўнамоцтваў, аднак зроблены крок у кірунку паступовага, кантраляванага транзыту ўлады.

Сьцісла

  • Ёсьць розныя варыянты сыходу дыктатараў.
  • Назарбаеў, які нібыта сышоў, насамрэч проста перайшоў на іншую дзяржаўную пасаду.
  • Лукашэнка, магчыма, будзе прыглядацца да такога варыянту.
  • Асабістыя адносіны Лукашэнкі з Назарбаевым былі даволі складанымі.

Варыянты сыходу дыктатараў

Сэнсацыйная адстаўка Нурсултана Назарбаева адбылася на фоне размоваў і развагаў пра нібыта плянаваны сыход Аляксандра Лукашэнкі, на які ён намякнуў падчас «вялікай размовы» 1 сакавіка. Таму казахстанскі досьвед робіцца асабліва цікавым.

Гісторыя ведае розныя варыянты сыходу дыктатараў ці аўтарытарных лідэраў.

Першы варыянт. Валадар сыходзіць зусім, захаваўшы толькі гарантыі ўласнай бясьпекі. Так пакідалі свае пасады Аўгуста Піначэт, Барыс Ельцын, Фідэль Кастра.

Другі варыянт. Валадар абʼяўляе адстаўку, ніякіх значных фармальных пасадаў не займае, але выконвае ролю «шэрага кардынала». То бок захоўвае рэальную ўладу. Такі статус меў Юзэф Пілсудзкі ў міжваеннай Польшчы, Лі Куан Ю ў Сынгапуры.

Трэці варыянт. Лідэр сыходзіць з займанай пасады, перадае яе іншаму палітыку, аднак сам перамяшчаецца на іншую пасаду, надзяляючы яе важнымі паўнамоцтвамі. Так рабіў Слобадан Мілошавіч, мяняючы пасаду кіраўніка Югаславіі на кіраўніка Сэрбіі. Гэткім чынам хацеў застацца пры ўладзе Сэрж Саргсьян у Армэніі, памяняўшы пасаду прэзыдэнта на прэмʼер-міністра, але яму перашкодзілі масавыя пратэсты. Уласна кажучы, так зрабіў і Ўладзімір Пуцін у 2008–2012 гадах, стаўшы кіраўніком ураду, аднак захаваўшы рэальную ўладу.

Нурсултан Назарбаеў зрэалізаваў гэты апошні варыянт. Ён узначальвае Раду бясьпекі Казахстану, папярэдне памяняў Канстытуцыю, паводле якой старшыня гэтай Рады мае нават больш паўнамоцтваў, чым дзейны прэзыдэнт. І гэта пры тым, што Елбасы расставіў паўсюль сваіх людзей, родзічаў, аднак не давярае нават ім. Сваё бачаньне сытуацыі ён калісьці патлумачыў так: «Як толькі пачнеш шукаць замену, вакол усё патаптана. Нікога няма, адзін я. У вас іншых няма, таму трымайцеся за мяне». Каму такі чалавек можа давяраць?

Тады ў чым сэнс замены шыла на мыла? Усё гэта зроблена дзеля паступовага, кантраляванага транзыту улады. Каб раптам ягоных дзяцей пасьля сьмерці не адправілі ў турму, як адбылося ў суседнім Узбэкістане.

Ці магчымы ў Беларусі падобны варыянт транзыту ўлады?

Калі казаць пра пэрспэктывы Беларусі, то, зразумела, ні першы, ні другі варыянт Лукашэнку не пасуе. Але я вельмі сумняюся, што ён пойдзе нават на трэці варыянт. Бо гэта прадугледжвае неабходнасьць дзяліцца з кімсьці ўладай. Што для яго непрымальна. Бо аўтарытарны валадар, які доўга знаходзіцца пры ўладзе, нікому не давярае, усіх падазрае ў неляяльнасьці.

Да таго ж у выніку адмоўнай кадравай сэлекцыі ягонае атачэньне ўсё больш драбнее. На нядаўнім пасяджэньні Рады бясьпекі Лукашэнка сказаў: «Усе, хто сядзіць за гэтым сталом і насупраць мяне: вы — не палітыкі, вы — людзі, якія дакладна працуюць у сваім кірунку». Каму ж тут можна даверыць ня толькі ўладу, але і гарантыі ўласнай бясьпекі, калі за гэтым сталом сядзяць адно толькі выканаўцы, якія старанна канспэктуюць у сшытак словы пра «бабло», «мэрсэдэсы» і «цёлак»? Трагедыя адзіноты, для апісаньня якой патрэбна пяро Шэксьпіра.

Паводле БелТА, Лукашэнка патэлефанаваў Назарбаеву і сказаў, што зь вялікім шкадаваньнем успрыняў гэты крок свайго сябра. Аднак варта адзначыць, што асабістыя дачыненьні паміж лідэрамі не заўсёды былі сяброўскімі. Некалькі фактаў.

Даўнія спрэчкі паміж Лукашэнкам і Назарбаевым

У 1996 годзе, калі Аляксандар Лукашэнка турбаваў усіх лідэраў постсавецкіх краінаў заклікамі да неадкладнай рэінтэграцыі вакол Расеі, Нурсултан Назарбаеў у інтэрвію польскай «Gazecie Wyborczej» ня вытрымаў паліткарэктнасьці і заявіў: «Лукашэнка няхай сабе кажа што хоча. Гэта ваш сусед — вам і галава балець павінна. Лукашэнка ёсьць Лукашэнка, няма пра што гаварыць».

Пра адзін з эпізодаў саміту СНД у 1996 годзе напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі сам Лукашэнка апавёў у адым інтэрвію: «Каля мяне сядзіць Назарбаеў. Я штурхаю яго: слухай, Нурсултан, скажы што-небудзь. „Ды не, лепш ты, табе зручней, ты побач, Садружнасьць“. Я кажу: чаго ж мне вылазіць, звычайна ж парадак вызначаны, па старшынстве. Штурхаю Аліева, ён зьлева сядзеў. Аліеў мне: дай закусіць! Яшчэ 10 хвілін прайшло. Я выступіў. Я вельмі коратка заўсёды выступаю, адкрыта, сумленна. Памятаю, сказаў: Барыс Мікалаевіч, вам трэба будзе цяжкае выпрабаваньне, дай бог, каб вы яго вытрымалі, дай бог вам здароўя. Ну, а потым усіх прарвала. Кучма пачаў, яшчэ нехта. Падымаецца Карымаў. Р-раз, мяне зачапіў — што я, маўляў, камуністаў у Расеі ня лаю. Падымаецца Назарбаеў. Таксама мяне падчапіў, зноў за камуністаў. Я не стрываў: ды хопіць вам, кажу, што вы, Палітбюро сабралася тут! Што вы на мяне наваліліся ?!» («Совершенно секретно», 1997, № 9).

Лукашэнка адказваў той жа манэтай. Калі прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў ў 1999 годзе сказаў, што не разумее, як будзе функцыянаваць канфэдэрацыйнае абʼяднаньне Беларусі і Расеі, Лукашэнка пакрыўдзіўся і даў адказ: «Незразумела? Калі незразумела — чытай кніжкі. Прэзыдэнтам стаў, а ня ведае, што такое канфэдэрацыя». (Белорусская деловая газета, 1999, 25 студзеня).

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG