Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку можа спадабацца казахстанскі варыянт. Экспэрт пра сыход Назарбаева


Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў, 2017 год
Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў, 2017 год

Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў склаў паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы. З гэтай нагоды дырэктар «Групы ацэнкі рызыкаў», кандыдат палітычных навук Дасым Сатпаеў адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды.

​«Тэма транзыту ўлады пачала абмяркоўвацца ў Казахстане яшчэ ў 2010 годзе»

— Што хаваецца за рашэньнем Нурсултана Назарбаева сысьці ў адстаўку з пасады прэзыдэнта?

Дасым Сатпаеў
Дасым Сатпаеў

— Тэма сыходу кіраўніка дзяржавы пачала абмяркоўвацца ў Казахстане вельмі актыўна апошнія два-тры гады. Хаця тэма транзыту ўлады пачала абмяркоўвацца ў Казахстане яшчэ ў 2010 годзе, калі прэзыдэнт Назарбаеў атрымаў статус елбасы — лідэра нацыі. Гэты статус дазваляе яму вельмі сур’ёзна захоўваць вагары кіраваньня дзяржаваю як ва ўнутранай, так і ў замежнай палітыцы. Гэта азначае, што ягоная заява аб сыходзе — у прынцыпе фармальнае дзеяньне. Бо фактычна ён і будзе кіраваць дзяржавай, хоць і ня будзе прэзыдэнтам. Але як лідэр нацыі, як пажыцьцёвы старшыня Рады бясьпекі Казахстану ён захоўвае ў сваіх руках вельмі сурʼёзныя ўладныя вагары кіраваньня. Усё трэба ўспрымаць крыху адносна. Фармальна ён не прэзыдэнт, але фактычна ён дагэтуль лідэр дзяржавы.

— Чаму гэта адбылося менавіта цяпер?

— Меркавалася, што прэзыдэнт зробіць гэтую заяву крыху пазьней, напярэдадні наступных прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Але зь мінулага году, калі Рада бясьпекі Казахстану атрымала новыя паўнамоцтвы, а прэзыдэнт стаў яе пажыцьцёвым старшынём, і асабліва напачатку гэтага году, калі прэзыдэнт нечакана папрасіў канстытуцыйную раду патлумачыць яму артыкул Канстытуцыі, дзе акурат не было выразна прапісана, як прэзыдэнт павінен сыходзіць у выпадку добраахвотнай адстаўкі, і канстытуцыйнай радзе давялося даць выразнае тлумачэньне, то ўсім стала зразумела, што рыхтуецца сыход. Але ніхто ня ведаў, калі ён канкрэтна адбудзецца: сёлета ці ў 2020-м.

«На постсавецкай прасторы кіраўнікі дзяржаваў адзін у аднаго крыху вучацца»

— Ці сыход Назарбаева можа стаць прыкладам для кіраўнікоў краін СНД, якія доўгі час ня могуць разьвітацца з пасадай прэзыдэнта?

— На постсавецкай прасторы кіраўнікі дзяржаваў адзін у аднаго крыху вучацца. Напрыклад, прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон ня так даўно таксама займеў статус «лідэра нацыі» аналягічна зь лідэрам Казахстану.

Прэзыдэнт Назарбаеў і яго атачэньне вельмі ўважліва сачылі за працэсам зьмены ўлады ва Ўзбэкістане. Не выключаю, што менавіта ўзбэцкая мадэль прымусіла прэзыдэнта пакінуць сваю пасаду, пакуль ён яшчэ жывы. Бо сьмерць Іслама Карымава вельмі добра паказала, што адбываецца, калі прэзыдэнт нечакана памірае. Імгненна гэта прыводзіць да таго, што аслабляецца частка яго атачэньня, потым моцны ўдар наносіцца па сям’і першага прэзыдэнта. І ва Ўзбэкістане гэта таксама адбылося: адна дачка сядзіць у турме, у другой дачкі з мужам моцна пацярпеў бізнэс.

Таму ў выніку назіраньняў кіраўніцтва Казахстану вырашыла згуляць на апераджэньне. То бок прэзыдэнт вырашыў пакінуць пасаду, пакуль ён знаходзіцца ў больш-менш працаздольным стане. Каб, будучы надсыстэмным гульцом, пачаць падрыхтоўку да пераемнасьці ўлады. Хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца на наступных прэзыдэнцкіх выбарах, калі асноўны кандыдат будзе галоўным пераемнікам.

«У Лукашэнкі цяпер шырокая палітра розных мадэляў»

— Ці захоча Аляксандар Лукашэнка, які таксама доўга займае пасаду прэзыдэнта, скарыстаць досьвед Назарбаева?

— У Лукашэнкі цяпер шырокая палітра розных мадэляў, зь якіх ён можа выбіраць. Назарбаеў тут ня быў у пэўнай ступені арыгінальным, бо гэта нечым нагадвае расейскую мадэль, калі Барыс Ельцын добраахвотна пакінуў прэзыдэнцкую пасаду. Хаця ёсьць і пэўныя адрозьненьні, бо Ельцын сышоў як ганаровы пэнсіянэр, а Назарбаеў — як лідэр нацыі і пажыцьцёвы старшыня Рады бясьпекі.

Таму я не выключаю, што Лукашэнку больш спадабаецца казахстанскі варыянт. Калі ён зможа пакінуць пасаду, але пры гэтым захаваць уплыў і ўладу і, больш за тое, паспрабаваць забясьпечыць пераемнасьць улады. Таму гэтая мадэль для яго будзе цікавай. Але яму для гэтага трэба ўнесьці нейкія заканадаўчыя зьмены, калі ўжо не атрымаць статус «лідэра нацыі», то прынамсі засьцерагчы сябе ад небясьпекі ўжо ў статусе экс-прэзыдэнта. А гэта, дарэчы, Назарбаеў зрабіў ужо даўно.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG