Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такая Дарыга Назарбаева, цяпер другая асоба ў Казахстане


Дарыга Назарбаева
Дарыга Назарбаева

Старэйшая дачка Нурсултана Назарбаева Дарыга Назарбаева стала сьпікерам Сэнату. Яе новая пасада — другая ў герархіі палітычнай сыстэмы краіны.

Кандыдатуру Назарбаевай на пасаду кіраўніцы верхняй палаты парлямэнту прапанаваў новы прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў, да якога перайшлі паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы пасьля адстаўкі яе бацькі.

Дэпутаты Сэнату Казахстану «адзінагалосна» падтрымалі кандыдатуру 55-гадовай Дарыгі Назарбаевай, якая прыйшла ў Сэнат больш за два гады таму і ўзначальвала там камітэт па міжнародных справах, абароне і бясьпецы. Членам Сэнату Назарбаева стала ў 2016 годзе паводле ўказу свайго бацькі, Нурсултана Назарбаева, які нязьменна кіраваў краінай амаль 30 гадоў.

Нурсултан і Дарыга Назарбаевы
Нурсултан і Дарыга Назарбаевы

Дарыга Назарбаева прыняла віншаваньне ад Касым-Жамарта Такаева, які 20 сакавіка быў прыведзены да прысягі ў якасьці другога прэзыдэнта Казахстану, і падзякавала калегам, паабяцаўшы прыкласьці «усе свае веды і ўменьні» для дасягненьня пастаўленых яе бацькам задачаў.

«Я глыбока ўсьведамляю ролю парлямэнту ў палітычным і грамадзкім жыцьці краіны, асабліва ў гэты пераломны момант нашай гісторыі. Нашым елбасы ( "лідэр нацыі" — тытул, заканадаўча замацаваны за першым прэзыдэнтам Нурсултанам Назарбаевым. — РС) пастаўленыя маштабныя задачы па мадэрнізацыі грамадзтва, ўзмацненьню сацыяльнай падтрымкі і абароны сацыяльна неабароненых слаёў грамадзтва», — сказала Дарыга Назарбаева.

Палітычная кар’ера старэйшай дачкі

Дарыга Назарбаева раней займала пасады намесьніцы старшыні мажыліса (ніжняя палата парлямэнту — РС) і віцэ-прэмʼера. У яе палітычнай карʼеры быў пяцігадовы перапынак, падчас якога яна практычна выпала з публічнага поля. Яна пакінула палітыку ў 2007 годзе на фоне падзеяў, зьвязаных зь яе мужам Рахатам Аліевым, якога абвінавацілі ў шэрагу крымінальных злачынстваў, у тым ліку выкраданьні, затым у забойстве людзей і нават у спробе дзяржаўнага перавароту (Аліева знайшлі мёртвым у аўстрыйскай турме ў 2015 годзе).

У 2012 годзе старэйшая дачка Назарбаева прайшла ў мажыліс парлямэнту па сьпісе прэзыдэнцкай партыі «Нур Атан» і ўзначаліла камітэт па сацыяльна-культурнаму разьвіцьцю. У красавіку 2014 году дэпутаты мажыліса абралі Дарыгу Назарбаеву намесьніцай старшыні ніжняй палаты парлямэнту. Таксама аднагалосна.

У верасьні 2015 году Дарыга Назарбаева была прызначаная на пасаду віцэ-прэмʼера. У гэтым статусе Назарбаева суправаджала свайго бацьку ў часе ягонага візыту ў Лёндан, дзе іх прымала Брытанская каралева Лізавета II у Букінгемскім палацы. Праз год яна стала дэпутаткай Сэнату.

Імя Дарыгі Назарбаевай фігуравала ў «Панамскім архіве», заснаваным на ўцечцы дакумэнтаў аб афшорах зь юрыдычнай кампаніі Mossack Fonseca. У 2018 годзе журналісты называлі Назарбаеву ўладальніцай афшорнай кампаніі, зарэгістраванай на Брытанскіх Віргінскіх выспах. Па дадзеных Міжнароднага кансорцыюма журналістаў-дасьледчыкаў (ICIJ), Dariga N. Nazarbayeva з 2007 па 2012 год была саўладальніцай афшорнай кампаніі Asterry Holdings LTD. У матэрыялах Mossack Fonseca згадвалася прозьвішча старэйшага сына Дарыгі Назарбаевай, Нуралі Аліева, які незадоўга да скандалу вакол афшору пакінуў пасаду намесьніка акіма (кіраўніка) Астаны. Нуралі Аліеў і Дарыга Назарбаева ніяк не пракамэнтавалі наяўнасьць сваіх пэрсанальных дадзеных сярод меркаваных уладальнікаў афшорных рахункаў.

У Дарыгі Назарбаевай, паводле дадзеных з адкрытых крыніцаў, трое дзяцей — двое сыноў і адна дачка. Згаданы ў «Панамскім архіве» Нуралі Аліеў жанаты з дачкой старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Берыка Імашава. Другі яе сын Айсултан Назарбаеў у апошнія месяцы не зьяўляецца на публіцы — ён зьнік неўзабаве пасьля публікацыі паста-прызнаньня на старонцы ў Facebook пад акаўнтам Aisultan Nazarbayev, у якім гаварылася, што ўнук прэзыдэнта прызвычаіўся да наркотыкаў, лячыўся ад залежнасьці і працягвае змагацца зь ёй.

Дачка Дарыгі Назарбаевай Вэнэра летам мінулага году выйшла замуж за юрыста Далена Чайжунусава. Да замужжа Вэнэра пасьпела паспрабаваць сябе ў творчых праектах: яна сьпявала на рэтра-фэсьце «Алма-Ата, маё першае каханьне», які праходзіў пад патранажам яе маці і выканала невялікую ролю дачкі пастуха ў фільме «Байканур».

Вясельлі Назарбаевых — ад Сары да Вэнэры

У 1990-х Дарыга Назарбаева ўзначальвала тэлеканал «Хабар». Яна зьяўляецца ініцыятаркай правядзеньня Эўразійскага мэдыяфоруму, якія крытыкуюцца праваабаронцамі за замоўчваньне сытуацыі са свабодай слова ў Казахстане. Назарбаева ўзначальвала партыю «Асар», якая ў 2006 годзе зьлілася з прэзыдэнцкай партыяй «Атан», пазьней пераназванай у «Нур Атан».

У Нурсултана Назарбаева і Сары Назарбаевай трое дачок. Сярэдняя, Дынара Кулібаева, зьяўляецца найбагацейшай жанчынай у Казахстане па вэрсіі Forbes. Амэрыканскае выданьне ацэньвае капітал Кулібаевай у 3,2 мільярда даляраў. Малодшая дачка першага прэзыдэнта Алія ўзначальвае абʼяднаньне юрыдычных асобаў (ОЮЛ) «Асацыяцыя экалягічных арганізацый Казахстану», прадусіруе кінакарціны. У мінулым годзе Алія Назарбаева атрымала прэмію ад свайго бацькі за фільм «Дарога да маці».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG