Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстрыйская Die Presse – пра постсавецкія дынастыі


Дзеці цяперашніх кіраўнікоў былых савецкіх рэспублік маюць добрыя шанцы на тое, каб пераняць найвышэйшыя дзяржаўныя пасады ў сваіх краінах.

Пра гэта піша на старонках венскага выданьня Die Presse журналістка Юта Зонэбаўэр.

Паводле аўтаркі, прэзыдэнцкія сынкі і дочкі ўжо цяпер займаюць прэстыжныя пасады. Праўда, у Кіргізстане ў выніку апошніх падзеяў перадаць уладу афіцыйнаму пераемніку Максіму Бакіеву не ўдалося. Хаця такія пляны існавалі.

У лістападзе 2009 году 32-гадовы сын Курманбека Бакіева быў прызначаны кіраўніком створанай для яго, чалавека без палітычнага досьведу, Нацыянальнага інвэстыцыйнага агенцтва. Пасьля красавіцкага перавароту Максім хаваецца ў Латвіі, а бацька асеў побач — у Беларусі.

Прыклад Кіргізстану адлюстроўвае ўсю вастрыню пытаньняў, якія сасьпелі перад аўтарытарнымі кіраўнікамі з Узбэкістану, Казахстану, Таджыкістану, адзначае Die Presse. Для гэтых аўтарытарных кіраўнікоў з амаль 20-гадовым стажам тэма пераемнасьці вельмі актуальная, адзначае аўстрыйская журналістка.

Выданьне піша пра дачок узбэцкага прэзыдэнта Іслама Карымава і таджыцкага — Эмамалі Рахмона. І Гульнара Карымава, і Азода Рахмон атрымалі адукацыю ў элітарных унівэрсытэтах ЗША.

37-гадовая Гульнара — надзвычайны і паўнамоцны амбасадар у Гішпаніі, прадстаўніца краіны пры ААН у Жэневе. Да таго ж на радзіме ў Ташкенце яна лічыцца прафэсарам унівэрсытэту ўсясьветнай эканомікі. Акрамя таго, Гульнара — паэтка і сьпявачка, належыць ёй і дызайнэрскі лэйбл "Guli". Пры пэўных палітычных амбіцыях гэтай асобы і фактычным стане выбарчай сыстэмы ў рэгіёне Гульнара, як кажуць, кандыдатура па-за канкурэнцыяй.

Што да дачкі таджыцкага лідэра, 30-гадовай Азоды, то яна — намесьніца міністра замежных спраў краіны. У якасьці патэнцыйнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта можна разглядаць і малодшага брата Азоды, 22-гадовага Рустама.

Цяпер Рустам — адзін з кіраўнікоў праўрадавай моладзевай арганізацыі, сябра прэзыдэнцкай Дэмакратычнай народнай партыі. Зь перайманьнем улады Рахмоны-малодшыя могуць не сьпяшацца. На чарговых выбарах у 2013 годзе іх бацька ізноў зьбіраецца выставіць сваю кандыдатуру.

Што да старэйшай дачкі кіраўніка Казахстану Нурсултана Назарбаева, 46-гадовай Дарыгі, да нядаўняга часу пасьпяховай прадпрымальніцы і палітычнай дзяячкі, то тут ня ўсё так проста. Магчыма, яна памылілася з выбарам мужа.

Пару гадоў таму ў дачыненьні да зяця Назарбаева, тагачаснага амбасадара ў Аўстрыі, казахстанскія ўлады завялі крымінальную справу. Дарыга мусіла зь ім разьвесьціся. Цяпер яе ўжо больш не сустрэнеш побач з бацькам, як раней, на адказных урадавых прыёмах. Апошнім часам у якасьці патэнцыйных пераемнікаў 69-гадовага Назарбаева называюць ягоных малодшых зяцёў — шэфа КазАтамПраму Цімура Кулібаева і мэра Астаны Імангалі Тасмагамбетава.

Цэнтральнаазіяцкія аўтакраты пільна намагаюцца забясьпечыць пераемнасьць сваёй улады. Нягледзячы на клянавы характар эканомікі, жорсткі кантроль над апазыцыяй і СМІ, іх панаваньне не такое ўжо і непахіснае. І гэта пацьвердзіла нядаўняе зьвяржэньне Бакіева, самага лібэральнага, дарэчы, з цэнтральнаазіяцкіх кіраўнікоў.

Усе кіраўнікі дзяржаў рэгіёну выявілі стрыманасьць у ацэнцы кіргіскіх падзеяў. Казахстан, які цяпер старшынюе ў АБСЭ, увогуле дапамог Бакіеву пакінуць краіну. Кіраўнікі-аўтакраты нічога так не баяцца, як дэстабілізацыі. Тое, што ў суседзяў перадаць уладу ў спадчыну не ўдалося, успрымаецца імі як нядобры знак, піша Die Presse.

Што да прадстаўнікоў дынастыі прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які даў прытулак Курманбеку Бакіеву, то пра старэйшых сыноў — 35-гадовага Віктара і 31-гадовага Дзьмітрыя — той жа аўстрыйскі друк пісаў у сувязі зь нядаўнім скандалам вакол адпачынку беларускай дэлегацыі ў Альпах у 2002 г.

Перад тым як стаць памочнікам прэзыдэнта Беларусі ў пытаньнях бясьпекі, Віктар працаваў кіраўніком аддзелу зьнешнеэканамічных адносін у навукова-дасьледчым інстытуце сродкаў аўтаматызацыі (галаўное прадпрыемства аб’яднаньня "Агат"). Ад 2007 году ён уваходзіць у Савет Бясьпекі Рэспублікі Беларусь.

Сярэдні з сыноў Лукашэнкі Дзьмітры — сябра Нацыянальнага алімпійскага камітэту Рэспублікі Беларусь і начальнік Беларускага дзяржаўна-грамадзкага аб'яднаньня "Прэзыдэнцкі спартовы клюб". Гэты клюб, у сваю чаргу, значыцца сярод акцыянэраў закрытага акцыянэрнага таварыства "Спорт-Пары" — кампаніі, якая займаецца ўкараненьнем па ўсёй Беларусі навейшых гульнявых тэхналёгіяў.

Што да афіцыйных прыёмаў, мерапрыемстваў і замежных візытаў, до кіраўніка беларускай дзяржавы апошнім часам можна сустрэць у кампаніі з малодшым сынам — 6-гадовым Мікалаем.

9 траўня абодва Лукашэнкі прысутнічалі на ваенным парадзе ў Менску. Мікалай быў апрануты ў такую ж вайсковую форму, як і бацька — галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG