Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У прарыў ідуць штрафныя батальёны


Звольненыя Леанід Заяц і Міхаіл Русы на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Справа — кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава. Менск, 1 красавіка 2019 году
Звольненыя Леанід Заяц і Міхаіл Русы на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Справа — кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава. Менск, 1 красавіка 2019 году

Прызначэньне зьнятых з скандалам высокіх чыноўнікаў на новыя адказныя пасады сьведчыць пра тое, што ранейшыя мэтады кіраваньня не працуюць.

  • Міхаіла Русага і Леаніда Зайца, якіх Лукашэнка пагражаў адправіць за краты, ён прызначыў кіраваць Магілёўскай вобласьцю.
  • Папулісцкія мэтады разносу чыноўнікаў больш не даюць патрэбнага эфэкту.
  • Штрафнікі заўсёды больш адказна працуюць.
  • Высокае чынавенства ў Беларусі — гэта прыгонныя.

Толькі некалькі дзён таму Лукашэнка зь вялікім скандалам адправіў ў адстаўку віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага, міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца, старшыню Магілёўскага аблвыканкама Ўладзіміра Даманеўскага. Больш за тое, ён пагражаў надзець на іх кайданкі «і адразу ў сьледчы ізалятар», «усіх пад нож!».

І вось не прайшло і тыдня, а замест таго, каб адправіць іх за краты, кіраўнік дзяржавы дае тым самым людзям новыя адказныя даручэньні. Леанід Заяц зойме пасаду старшыні Магілёўскага аблвыканкаму, а Міхаіл Русы — пасаду памочніка прэзыдэнта — інспэктара Магілёўскай вобласьці. Трохі раней Лукашэнка прызначыў былога памочніка прэзыдэнта Генадзя Лаўранкова, які таксама быў трапіў у апалу, выканаўцам абавязкаў старшыні Шклоўскага райвыканкаму.

Натуральна ўзьнікае пытаньне: навошта мяняць шыла на мыла? Існуе некалькі прычын, прычым некаторыя зь іх сьведчаць пра новыя трэнды ў грамадзкіх настроях.

Самае важны чыньнік палягае ў тым, што ранейшыя мэтады апэляцыі Лукашэнкі да грамадзтва перасталі даваць эфэкт. Раней прымітыўны папулізм, схема «цар добры, а баяры злыя», разносы і прыніжэньні розных начальнікаў выклікалі моцнае адабрэньне лукашэнкаўскага электарату. Маўляў, во Бацька, маладзец, дае прыкурыць гэтым нядбайным начальнікам, ад якіх усё зло.

Але, здаецца, цяпер у гэтай схеме нешта паламалася. І прычына зразумелая. У першыя гады ягонага кіраваньня можна было ўсё звальваць на чыноўнікаў. Але калі праз чвэрць стагодзьдзя прэзыдэнцтва на кожным кроку выяўляюцца толькі правалы, то нават у самога надзейнага электарату могуць узьнікнуць нязручныя пытаньні. Можа рэч зусім не ў нядбайных чыноўніках? А калі рэч у іх, дык хто ж іх прызначыў на кіруючыя пасады?

Рэпартажы журналістаў незалежных мэдыяў, якія зьезьдзілі ў аграхолдынг «Купалаўскае», паказваюць, што мясцовыя жыхары зусім не падтрымліваюць прэзыдэнцкі гнеў, а хутчэй наадварот, сымпатызуюць начальнікам. І рэзананс у сацыяльных сетках быў не на карысьць кіраўніка дзяржавы.

Цікава, што сам А. Лукашэнка ўбачыў на інтэрнэт-форумах зусім ня тую рэакцыю на «каровін скандал», на якую разьлічваў, і праз пару дзён стаў апраўдвацца, тлумачыць свае дзеяньні. І вось цяпер, падчас прызначэньня новых кіраўнікоў, ён зноў амаль што выбачаўся перад чыноўнікамі: «Слухайце, там ёсьць каму займацца фэрмамі, і яны павінны былі гэтым займацца. Яны цяпер і займаюцца. Гэта справа перш за ўсё кіраўніка гаспадаркі і старшыні райвыканкама... Таму ня трэба думаць пра тое, што беспарадак на фэрмах і машынных дварах ў гэтым "Купалаўскім" прывёў да адстаўкі аднаго і другога».

Другі момант. Разнос на фэрме выклікаў нэгатыўны водгук ў намэнклятурным асяродзьдзі. І Лукашэнка гэта адчуў і вырашыў трохі адкруціць назад. Падчас выбараў ягоная залежнасьць ад намэнклятуры, асабліва ад мясцовай вэртыкалі, узрастае. Менавіта яна даюць патрэбны вынік. І важна не перагнуць кій у ціску на чынавенства, забясьпечыць іх ляяльнасьць. Таму Русага, Зайца, Лаўранкова вярнулі ў абойму.

Нарэшце, трэці момант. Прызначаючы Русага і Зайца на пасады, Лукашэнка даручыў «навесьці парадак і даказаць, што вы тэхналягічныя і сапраўдныя мужыкі». Штрафнікі заўсёды больш адказна працуюць. Чыноўнікі, якія праштрафіліся, цяпер будуць рыць зямлю, каб апраўдаць давер, даказаць, што яны «мужыкі» ў лукашэнкаўскім разуменьні.

28 сакавіка Лукашэнка заявіў: «Я даручыў кіраўніку Адміністрацыі і старшыні Камітэту дзяржкантролю перавесьці на ваеннае становішча такія гаспадаркі. І я не баюся адкрыта пра гэта казаць». 1 красавіка ён зноў кажа: «І на працягу месяца, калі вам трэба перавесьці Магілёўшчыну на ваеннае становішча, як цяпер у "Купалаўскім", пераводзьце».

Гэта значыць, за 25 гадоў кіраваньня сельская гаспадарка дасягнула такой ступені развалу, што для вырашэньня элемэнтарнай праблемы ачысткі кароў трэба ўводзіць у галіне ваеннае становішча.

І яшчэ адна знакавая рэпліка Лукашэнкі падчас прызначэньня: «Гэта загад: вы ўдваіх едзеце ў Магілёўскую вобласьць, наведзяце там жалезны парадак і дакладзяце мне... Вы як грамадзяне Беларусі мой загад павінны выканаць». То бок, высокае чынавенства ў Беларусі — гэта прыгонныя, якія ня маюць волі, ня могуць адмовіцца, пайсьці на іншую працу ці проста сысьці на пэнсію (Русы — чалавек пэнсійнага ўзросту). Пажыцьцёвыя штрафнікі, якія, мусіць, у душы зайздросьцяць апазыцыянэрам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG