Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына прапанавала мяняць Канстытуцыю без рэфэрэндумаў


Лідзія Ярмошына падчас галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах 2016 году
Лідзія Ярмошына падчас галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах 2016 году

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына расказала ў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь-24», што зьменаў у выбарчае заканадаўства перад бліжэйшымі выбарамі не плянуецца.

Галасаваць праз інтэрнэт — хіба за мяжой

Але ў пэрспэктыве, кажа Ярмошына, папраўкі будуць уносіцца. У прыватнасьці, яна хоча прапанаваць не ствараць замежных выбарчых участкаў пры амбасадах, а дапусьціць беларусаў за мяжой да галасаваньня праз інтэрнэт.

У Беларусі галасаваньня праз інтэрнэт або пошту пакуль не плянуецца. Ярмошына мяркуе, што цяпер «увесь сьвет адмаўляецца» ад такога — у тым ліку праз скандал з расейскім умяшаньнем у замежныя выбары праз хакерскія атакі (Ярмошына лічыць, што скандал «абсалютна надуманы»). Затое выбарнікам прапануюць, магчыма, мабільную праграму з інфармацыяй пра выбары.

Выбарчае заканадаўства Беларусі — «самае міласэрнае»

Што да зьменаў у выбарчае заканадаўства і рэкамэндацыі ЦВК, дадала Ярмошына, то Беларусь прыслухоўваецца да рэкамэндацыяў міжнародных структураў, і ня толькі АБСЭ.

«Вы ведаеце, мае паездкі на выбары ў тыя ці іншыя дзяржавы наштурхоўваюць мяне на думку, што нашае выбарчае заканадаўства, практыка стасаваньня права найбольш міласэрныя адносна выбарнікаў, — сьцьвярджае Ярмошына. — Бо вельмі многія дзяржавы змагаюцца за тое, каб было добра тым, хто ўдзельнічае ў выбарах на правах кандыдатаў».

Партыйныя сьпісы і жаночыя квоты

Бліжэй за ўсё да ідэалу выбарчай сыстэмы падышлі ў краінах старой дэмакратыі, адзначыла Ярмошына. Як прыклад яна назвала дзяржавы Скандынавіі, але пазытыўна ацаніла і краіны Балтыі, у прыватнасьці згадала галасаваньне за адкрытыя партыйныя сьпісы.

Таксама Ярмошынай спадабалася малдоўская ідэя: кандыдатцы-жанчыне трэба сабраць удвая менш подпісаў, чым кандыдату-мужчыну. Але ёй не да канца спадабалася, як у Малдове рэалізавалі квоту колькасьці жанчын, ня меншай як 40%, — там іх паставілі ў канцы партыйных сьпісаў, а ў Швэцыі мужчыны і жанчыны маюць чаргавацца ў партыйных сьпісах.

Раней Ярмошына адхіліла прапановы праўладных Лібэральна-дэмакратычнай партыі і арганізацыі «Белая Русь» наконт зьмяшанай сыстэмы з партыйнымі сьпісамі і мажарытарнымі акругамі.

Слабыя партыі і цяжкая праца прэзыдэнта

«Дэпутатам быць вельмі добра: прывілеяў шмат і ні за што не адказваеш. А прэзыдэнтам быць вельмі цяжка. Ёсьць прывілеі, але адказнасьць якая, рызыка якая!» — заявіла Ярмошына, камэнтуючы колькасьць кандыдатаў у прэзыдэнты на выбарах ва Ўкраіне.​

Палітычныя партыі Беларусі дэградуюць, адзначыла яна: зь 15 зарэгістраваных актыўнымі яна лічыць толькі 8. У першыя гады незалежнасьці Беларусі партыі былі больш актыўнымі. Актыўнымі палітыкамі Ярмошына лічыць толькі некалькі дзясяткаў чалавек, якія ўдзельнічаюць у ток-шоў на дзяржаўнай тэлевізіі. Тое, што новых палітычных партыяў у Беларусі не рэгістравалі амаль 20 гадоў, яна ня згадвала.

Пра рэфэрэндум

Рэфэрэндум аб выхадзе Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу Ярмошына палічыла няўдалым рашэньнем і «гісторыяй безадказнасьці палітыкаў, якія выцягнулі гэта на народнае абмеркаваньне»: такое пытаньне трэба было вырашаць без рэфэрэндумаў.

Ярмошына мяркуе, што «ня трэба злоўжываць гэтай дубінай» — рэфэрэндумамі. У Беларусі, лічыць яна, трэба адыходзіць ад правіла, што ўсе разьдзелы Канстытуцыі могуць мяняцца толькі праз рэфэрэндум.

«Разумееце, цяпер і трэба нешта мадэрнізаваць у Канстытуцыі, як кажа кіраўнік дзяржавы, — разважае яна. — Але ж паспрабуй правядзі рэфэрэндум, паспрабуй закрані Канстытуцыю! Наступствы могуць быць самымі нечаканымі і вельмі складанымі. Таму, я думаю, ужываць гэты інструмэнт трэба, але ў якасьці кансультацыйнага рэфэрэндуму».

Рашэньні аб зьменах у Канстытуцыі, дадала яна, мусіць прымаць «нейкі паўнамоцны орган», але не сказала, ці гэта мае быць Нацыянальны сход, ці нейкі іншы орган.

Цяперашняя Канстытуцыя дазваляе рабіць зьмены ў некаторых разьдзелах і без рэфэрэндуму (іх павінны ўхваліць дзьве траціны кожнай з палатаў Нацыянальнага сходу). Але выключна праз рэфэрэндум можна мяняць разьдзелы I (Асновы канстытуцыйнага ладу), II (Асоба, грамадзтва, дзяржава), IV (Прэзыдэнт, парлямэнт, урад, суд) і VIII (Дзеяньне Канстытуцыі і парадак яе зьмяненьня). І гэта замацавана ў VIII разьдзеле, які нельга мяняць без рэфэрэндуму — то значыць, каб рэалізаваць ідэю Ярмошынай, спатрэбіцца «рэфэрэндум аб рэфэрэндумах».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG