Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым выбары ў Малдове непадобныя да выбараў у Беларусі? 10 адрозьненьняў


Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына вярнулася з Малдовы, дзе 24 лютага прайшлі парлямэнцкія выбары. Яна наведвала Кішынэў на запрашэньне сваіх малдоўскіх калегаў.

Пасьля размовы зь Ярмошынай Свабода вызначыла 10 адрозьненьняў паміж выбарчымі кампаніямі ў абедзьвюх краінах.

Датэрміновае галасаваньне. У Малдове яго няма, у Беларусі на апошніх парлямэнцкіх выбарах датэрмінова прагаласавала амаль траціна выбарнікаў.

Дзень цішыні. У Малдове яго няма, агітацыя за кандыдатаў там вядзецца нават непасрэдна ля выбарчых участкаў у дзень галасаваньня.

Электронны рэгістар выбарнікаў. У Малдове ён існуе. Гэта дазваляе адразу зарэгістраваць выбарніка на канкрэтным участку і выключыць яго зь іншага. Такім чынам, адна і тая ж асоба ня можа галасаваць больш за раз на адным участку. У Беларусі рэгістру няма — і пакуль, паводле Ярмошынай, праца над яго стварэньнем не пачыналася.

Пячатка ў пашпарце. У Малдове кожнаму выбарніку, які атрымаў бюлетэні, ставяць адмысловую пячатку ў пашпарце. У Беларусі такой працэдуры няма.

Да пашпарта дадаецца пасьведчаньне выбарніка. У Малдове, каб атрымаць бюлетэнь, неабходна яшчэ да пашпарта далучыць пасьведчаньне выбарніка. У Беларусі хапае аднаго пашпарта альбо дакумэнта, які яго замяняе.

Інфармацыя пра кандыдатаў. У Малдове яна больш сьціслая. Пра кандыдатаў па мажарытарных акругах падаецца толькі прозьвішча, імя і зьвесткі пра прыналежнасьць да партыі (альбо пра самавылучэньне).

Выбарчая сыстэма. У Малдове яна зьмешаная: 50 дэпутатаў абіраюць паводле партыйных сьпісаў, 51 — праз аднамандатныя акругі. У Беларусі ўсіх 110 дэпутатаў абіраюць выключна ў аднамандатных акругах.

Гендэрныя перавагі. У Малдове ня меней за 40% у партыйных сьпісах павінны складаць жанчыны. Калі яны вылучаюцца праз збор подпісаў, ім дастаткова сабраць ад 250 да 500 подпісаў, у той час як мужчынам патрэбна ад 500 да 1000. У Беларусі патрабаваньні да ўсіх кандыдатаў, незалежна ад полу, аднолькавыя.

Парог для партыяў. Каб трапіць у парлямэнт, малдоўская партыя мусіць заручыцца падтрымкай ня менш як 8% выбарнікаў. З 15 партый, якія ўдзельнічалі ў гэтай кампаніі, бар’ер пераадолелі толькі 4. У Беларусі праз партыйныя сьпісы дэпутатаў наагул не абіраюць.

Зацьверджаньне вынікаў выбараў. У Малдове вынікі выбараў падводзіць Канстытуцыйны суд. Ён разглядае ўсе скаргі і вызначае — легітымныя гэтыя выбары ці не. У Беларусі вэрдыкт выносіць Вярхоўны суд. Але толькі ў тым выпадку, калі Цэнтравыбаркам прызнае іх несапраўднымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG