Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка параіў не галасаваць за Зяленскага на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне


Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка ў Чарнобылі, 26 красавіка 2017 году
Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка ў Чарнобылі, 26 красавіка 2017 году

У інтэрвію турэцкаму інфармацыйнаму агенцтву Anadolu Аляксандар Лукашэнка зноў заявіў: ён схільны думаць, што на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне пераможа дзейны прэзыдэнт Пятро Парашэнка. Агенцтва пакуль не публікавала інтэрвію ў вольным доступе, яго пераказвае БелТА.

Лукашэнка пракамэнтаваў свой прагноз адносна перамогі Парашэнкі, агучаны падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» 1 сакавіка, і першага месца Зяленскага ў першым туры выбараў.

Ён удакладніў, што «ніхто там нічога ня выйграў» у першым туры, а чым завершыцца другі тур, «ніхто не рашыцца прадказаць», ды дадаў, што ён «схільны думаць», што пераможа Парашэнка.

«Аднаго я вельмі добра ведаю, — разважаў Лукашэнка. — Другога я бачыў толькі ў кіно, я яго як палітыка ня ведаю. Але я вам скажу ад жыцьця: у нас з Парашэнкам быў некалі агульны сябар — гэта Міхэіл Саакашвілі.

Калі Саакашвілі праводзіў выбары, будучы прэзыдэнтам, Канстытуцыю памяняў, яшчэ нешта — пачалі з народам займацца жартамі. Гэта прывяло да таго, што яму давялося пакінуць Грузію і хавацца ў іншых краінах.

Каб Парашэнку не прыйшлося залазіць на дах і з даху заклікаць украінцаў абараніць яго, ён зробіць усё для таго, каб украінцы яго падтрымалі. Ён павінен зрабіць усё для таго, каб народ падтрымаў яго».

Лукашэнка адзначыў таксама, што ва Ўкраіне нямала людзей галасуе за Зяленскага, думаючы, што «галасаваць фактычна няма за каго». Ён параіў так не рабіць.

«Хай мяне прабачаць украінцы, але хачу ім сказаць: калі няма за каго галасаваць, то і галасаваць ня трэба, — параіў Лукашэнка. — Навошта галасаваць за чалавека, у якім ты ня ўпэўнены, бо ўкраінцы такі цяжкі палітычны шлях прайшлі за апошнія гады. Яны ўжо наеліся незразумелых абяцаньняў.

Яны ўжо шмат разоў, рызыкуючы, верылі палітыкам і іх падтрымлівалі. І ўвесь час атрымлівалася наадварот. Апошнія гады досьвед украінскага народу — сьведчаньне таго, што нельга рызыкаваць. Калі ўжо не атрымліваецца, калі няма за каго галасаваць — значыць, паўторныя выбары. Мне здаецца, гэта лепш, чым чарговы раз рызыкнуць, прагаласаваць, а потым горка каяцца дзесяць ці больш гадоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG