Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто і як прапануе зьмяніць Канстытуцыю Беларусі


Старшыня Канстытуцыйнага суду Пётар Міклашэвіч прапанаваў унесьці зьмены ў Канстытуцыю — прапісаць у ёй прававы статус Вярхоўнага суду. Глядзім, што яшчэ ў апошнія гады хацелі зьмяніць у Канстытуцыі.

Кастрычнік 2016. Лукашэнка: «Трэба стварыць групу мудрацоў, якія прааналізуюць Канстытуцыю»

Пра зьмены ў Асноўны Закон неаднойчы казаў Аляксандар Лукашэнка.

«Нам трэба стварыць групу мудрацоў, юрыстаў, якія прааналізуюць Асноўны Закон. І калі трэба будзе, мы на гэта пойдзем», — казаў ён у 2016 годзе.

Праз два гады Лукашэнка зноў нагадаў пра зьмены ў Асноўны Закон.

«Усё вельмі проста, ня трэба ў гэтым шукаць нейкія навіны, аж да фэйкавых, — казаў Аляксандар Лукашэнка. — Трэба разумець, што заканатворчасьць — жывы працэс, як і ўсе законы, падзаконныя акты, гэта жывы арганізм, які павінен удасканальвацца, каб не адстаць ад таго жыцьця, якое пульсуе наогул у сьвеце», — сказаў Лукашэнка.

Апошні раз ён прыгадваў зьмены ў Канстытуцыю сёлета падчас «Вялікай размовы».

«Я схіляюся да таго, што новую Канстытуцыю трэба будзе прымаць, — казаў кіраўнік дзяржавы. — Гэтая Канстытуцыя ня будзе праціскацца, ня будзе прымацца нахрапам... Я зацікаўлены, каб Канстытуцыя адпавядала тым рэаліям, якія склаліся ў нашай дзяржаве».

Лістапад 2016. ЛДП: «Павялічыць тэрмін прэзыдэнцтва»

Лібэральна-дэмакратычная партыя ў 2016 годзе прапанавала канкрэтныя зьмены ў Канстытуцыю:

  • перайсьці на выбары дэпутатаў усіх узроўняў па прапарцыйна-мажарытарнай сыстэме (палова дэпутатаў абіраецца наўпрост, палова — па партыйных сьпісах);
  • павялічыць тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў абедзьвюх палат парлямэнту і мясцовых саветаў з 4 да 5 гадоў;
  • павялічыць тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта з 5 да 7 гадоў.

Гэтыя зьмены яны прапанавалі вынесьці на рэфэрэндум, які б прайшоў паралельна зь мясцовымі выбарамі ў 2018 годзе. Рэфэрэндум не адбыўся.

Сакавік 2019. Ярмошына: «Для зьмены Канстытуцыі не заўжды патрэбны рэфэрэндум»

Калі Лукашэнка казаў пра зьмены ў Асноўны Закон, ён заўжды казаў, што гэта трэба рабіць праз рэфэрэндум. Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына прапанавала ўносіць зьмены ня толькі праз рэфэрэндум.

«Цяпер і трэба нешта мадэрнізаваць у Канстытуцыі, кажа кіраўнік дзяржавы, але паспрабуй правядзі рэфэрэндум, паспрабуй крані Канстытуцыю. Наступствы могуць быць самыя нечаканыя і вельмі складаныя. Таму ўжываць [рэфэрэндум] трэба, але, напэўна, у якасьці кансультацыі, а далей павінен прымаць рашэньне нейкі паўнамоцны орган», — сказала Ярмошына.

Красавік 2019. Міклашэвіч: «Замацаваць статус Вярхоўнага суду»

Паводле Пятра Міклашэвіча, у Асноўным Законе не хапае канкрэтна прапісанага статусу Вярхоўнага суду. А трэба вызначыць, што гэта найвышэйшы судовы орган. Словы старшыні Канстытуцыйнага суда паведамляе «СБ. Беларусь сегодня».

«Неабходна ў Канстытуцыі замацаваць канстытуцыйна-прававы статус Вярхоўнага Суду, вызначыўшы яго найвышэйшым судовым органам па грамадзянскіх, крымінальных, адміністрацыйных, эканамічных справах, падсудных судам агульнай юрысдыкцыі. Усталяваць таксама ў агульнай форме кампэтэнцыю Вярхоўнага суду па ажыцьцяўленьні нагляду (ва ўстаноўленым законам парадку) за дзейнасьцю судоў агульнай юрысдыкцыі і права даваць тлумачэньні па пытаньнях судовай практыкі», — сказаў Міклашэвіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG