Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі стадыён «Дынама» адмовіўся праводзіць канцэрт на Дзень Волі, спаслаўшыся на Эўрапейскія гульні


Стадыён «Дынама» ў Менску, архіўнае фота
Стадыён «Дынама» ў Менску, архіўнае фота

Кіраўніцтва менскага стадыёну «Дынама» заявіла Tut.by пра «немагчымасьць правядзеньня Дня Волі на тэрыторыі стадыёну». Раней грамадзкая кампанія #БНР101 падала заяўку ў Менгарвыканкам на сьвяточны канцэрт на «Дынама» 24 сакавіка.

Ня могуць, бо рыхтуюцца да Эўрагульняў

Паводле прадстаўніка «Дынама», праводзіць канцэрт на стадыёне немагчыма, бо ён «ёсьць галоўнай спартовай арэнай краіны, галоўнай пляцоўкай правядзеньня ІІ Эўрапейскіх гульняў».

«Арыентаваны ён на правядзеньне спартова-масавых, культурна-відовішчных мерапрыемстваў, але ў дадзены момант знаходзіцца ў актыўнай фазе падрыхтоўкі да Эўрапейскіх гульняў. Такім чынам, правядзеньне спартыўна-масавых і культурна-відовішчных мерапрыемстваў цяпер абмежаванае», — заявіла кіраўніцтва стадыёну.

Са стадыёнам ня зьвязваліся. Ці ўсё ж зьвязваліся? Ці не?

Таксама ў камэнтары Tut.by прадстаўнікі «Дынама» заявілі, што «з кіраўніцтвам стадыёну папярэдняга абмеркаваньня варыянту правядзеньня Дня Волі на стадыёне не было».

Адзін з арганізатараў сьвята Павал Белавус гэта абверг: ён заявіў Свабодзе, што асабіста размаўляў пра канцэрт з намесьнікам дырэктара стадыёну. Паводле яго, гэта быў Станіслаў Вазьняк, які сказаў падаваць заяўку ў гарвыканкам, якому падпарадкоўваецца кіраўніцтва стадыёну, і назваў прыблізны кошт арганізацыі канцэрту: каля 8000 даляраў.

«Я яму спакойна сказаў, што вось хочам зрабіць, ці рэальна гэта, — сказаў Белавус Свабодзе. — Ён сказаў: усё рэальна, але паколькі мы дзяржаўная ўстанова, вам трэба зьвярнуцца ў Менгарвыканкам. Калі горад дасьць дабро — калі ласка, праводзьце. Мы зь ім пачалі абмяркоўваць кошты. Ён сказаў, што каля 8000 даляраў будзе каштаваць закрыць футбольнае поле і дарожкі спэцыяльнымі насьціламі. Там абмяркоўвалі і іншыя пытаньні, але дамовіліся дачакацца адказу гарвыканкаму».

Сакратарка кіраўніцтва стадыёну таксама спачатку паведаміла Свабодзе, што з кіраўніцтвам зьвязваліся «некалькі разоў», але калі перапытала намесьніка дырэктара, то паправілася: ня зьвязваліся. ​

Эўрапейскія гульні будуць праз тры месяцы пасьля Дня Волі. Іншым яны не перашкаджаюць

Цырымонія адкрыцьця ІІ Эўрапейскіх гульняў заплянаваная на «Дынама» на 21 чэрвеня. Да яе пакуль не анансаваныя ніякія канцэрты або гульні на стадыёне. Бліжэйшы з ужо анансаваных — выступ беларускага рэпэра Макса Каржа 24 жніўня.

Гульні працягнуцца толькі 10 дзён, цырымонія закрыцьця пройдзе ўжо 30 чэрвеня. Пры гэтым стадыён «Дынама», акрамя цырымоніяў, будзе прымаць толькі спаборніцтвы ў лёгкай атлетыцы (5 дзён з 10). Астатнія спаборніцтвы пройдуць на «Менск-арэне», «Чыжоўка-арэне», у Палацы спорту і на іншых пляцоўках, у ліку якіх нават забаўляльны комплекс Falcon Club.

Пры гэтым што «Менск-арэна», што іншыя пляцоўкі, задзейнічаныя ў Эўрагульнях, не адмаўляліся ад правядзеньня іншых імпрэзаў да чэрвеня. Напрыклад, за два дні да Дня Волі на «Менск-арэне» выступіць гурт «ЛСП», праз чатыры дні — «Бі-2».

Адзін зь першых легальных мітынгаў беларускай апазыцыі прайшоў на «Дынама»

Аргкамітэт БНФ арганізаваў 19 лютага 1989 году першы санкцыянаваны масавы мітынг апазыцыі, дазволены ўладамі. Ён праходзіў на галоўнай спартовай арэне краіны — стадыёне «Дынама», пад гістарычным нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам і Пагоняй, і сабраў каля 40 000 чалавек. Прынятая на мітынгу рэзалюцыя патрабавала скасаваць замацаваную ў Канстытуцыі кіроўную ролю камуністычнай партыі, а таксама вярнуць гістарычную сымболіку, зрабіць яе дзяржаўнай.

«Мітынг у падтрымку перабудовы», 19 лютага 1989 году
«Мітынг у падтрымку перабудовы», 19 лютага 1989 году

Што важна ведаць пра падрыхтоўку Дня Волі-2019?

  • 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
  • 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
  • 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
  • 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
  • 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
  • 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
  • 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
  • 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.

Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG