Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не хачу быць прэзыдэнтам». Павал Белавус пра бізнэс на вышымайках, структурную апазыцыю і #БНР101


Павал Белавус

Сем гадоў таму Павал Белавус запачаткаваў «Арт Сядзібу» — культурніцкую пляцоўку, дзякуючы якой сотні беларусаў надзелі вышымайкі, а пасьля — майкі з «Пагоняй». Попыт на гэтыя тавары даў старт патрыятычна арыентаванаму бізнэсу — і вось ужо Белавус ці ня самы вядомы сярод «бел-чырвона-белых» бізнэсоўцаў. У 2018 годзе ён разам з паплечнікамі арганізаваў шматтысячнае сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР у Менску, якое чытачы Свабоды абралі як «Учынак году». Асамблея недзяржаўных дэмакратычных арганізацый Беларусі назвала Белавуса «Грамадзкім лідэрам году».

Бізнэсовец, патрыёт, муж, бацька Павал Белавус даў вялікае інтэрвію. Публікуем тэкставую вэрсію размовы. Поўная гутарка — у відэа.

Зарабіў на Symbal.by і пабудаваў дом за 100 тысяч даляраў

Павал Белавус расказаў, як пяць гадоў таму выкупіў вясковы клюб у вёсцы Па́дневічы, што ў Валожынскім раёне. Прывёз зь Ліды бацьку, які стаў прарабам на перабудове старога драўлянага будынка ў сучасны катэдж у стылі лофт. І вось маёнтак гатовы: 2 паверхі, 300 квадратаў, 3 санвузлы, 4 спальні, гардэробная, вялікі кабінэт, цёплая падлога.

Белавус заяўляе, што ўкладзеныя сродкі — каля 100 тысяч даляраў — ён зарабіў на краме беларускаарыентаваных тавараў Symbal.by.

«Без „Арт Сядзібы“ не было б #БНР100. І без БНФ»

Пры тым, што фронтмэнамі ўжо легендарнага канцэрту 25 сакавіка 2018 году былі Павал Белавус, Эдуард Пальчыс і Антон Матолька, а «ўсе абмеркаваньні і сустрэчы адбываліся ў Арт Сядзібе», імпрэза, як кажа Белавус, абавязаная сваім посьпехам і Партыі БНФ.

«БНФ ня толькі за туалеты адказвала. БНФ з „Арт Сядзібай“ былі асноўнымі заяўнікамі, партыйцы праводзілі кучу перамоваў, сустрэчаў, падцягвалі сваіх валянтэраў. Хлопцы з „Моладзі БНФ“ цягалі апаратуру і рыхтавалі сцэну».

«Музыкі, які адмовіліся выступаць на #БНР100, не разумелі, куды іх запрашаюць»

Белавус кажа, што крытэрам для запрашэньня таго ці іншага музыкі ці калектыву было тое, ці зьбіралі яны раней пляцоўку на 500 чалавек.

«Далей мы выкрэсьлівалі тых, хто ня можа, у каго не атрымліваецца, хто баіцца. Апроч Кулінковіча, Вольскага і Міхалка былі і іншыя, хто адмовіўся, але называць іх не хачу. У той момант яны не пагадзіліся, бо ведалі, як бывала раней, калі [праз падобныя мерапрыемствы] яны гублялі магчымасьць выступаць на многія гады».

«Месца для сьвяткаваньня 25 сакавіка 2019 году будзе большае, чым пляцоўка каля Опэрнага»

Збор сродкаў для сьвяткаваньня 101-й гадавіны БНР стартаваў яшчэ ў сьнежні.

«Амбіцыя — знайсьці большае, чым пляцоўка каля Опэрнага тэатру, месца для сьвяткаваньня 101-годзьдзя БНР. Але шмат будзе залежаць ад посьпеху збору сродкаў. Будзем казаць пра важнасьць кансалідацыі нацыі на глебе незалежнасьці краіны. Ёсьць спадзеў, што, як і летась, чым больш канкрэтыкі па месцы, фармаце, удзельніках будзе зьяўляцца — тым актыўней людзі будуць ахвяраваць. Летась у краўдфандынгу паўдзельнічалі 2000 чалавек, а на канцэрт прыйшло як мінімум у 10 разоў больш. А калі б кожны з гэтых 20 тысяч даў хаця б пяць рублёў, была б зусім іншая сума і зусім іншыя магчымасьці. Таму мы ня просім даваць нам мільёны даляраў, мы просім пяць рублёў».

Як адрозьніць «Арт Сядзібу» ад Symbal.by

«Symbal.by — гэта цалкам камэрцыйны праект, ён існуе за сродкі, якія сам і зарабляе. „Арт Сядзіба“ — культурніцкая пляцоўка, яна зьявілася раней. Symbal.by зьявіўся ў той крытычны момант, калі „Арт Сядзібу“ чарговым разам выгналі з памяшканьня. Я зразумеў, што ёсьць вялікі попыт на беларускія тавары, накшталт вышымаек і бел-чырвона-белых сьцягоў. У выніку таго, што бізнэс пайшоў, зьявілася магчымасьць утрымліваць і „Арт Сядзібу“».

«Ствары суполку „Зубар“ — атрымай пэйджэр»

Павал Белавус расказаў, як адбыўся яго адзіны кантакт з прадстаўнікамі спэцслужбаў.

У 2004 годзе ён, вучань 11-й клясы лідзкай школы, даведаўся, што той, хто створыць суполку папулярнай тады моладзевай апазыцыйнай арганізацыі «Зубар», атрымае пэйджэр. А каб стварыць суполку, трэба было павесіць у публічным месцы бел-чырвона-белы сьцяг, напісаць балёнчыкам на сьцяне «Жыве Беларусь!», а таксама раздрукаваць і расклеіць улёткі з тэкстам «Жыве Беларусь! Стань зубрам!»

«Сьцяг я павесіў з вакна сваёй кватэры, якое выходзіць на кальцавую дарогу. Ніхто яго там асабліва не пабачыў, але ж павесіў і сфоткаў. „Жыве Беларусь“ папрасіў напісаць знаёмага ў нейкай падваротні за гаражамі, бо было страшнавата. А ўлёткі пайшлі ноччу клеіць зь сябрам. Спыняецца машына, людзі ў цывільным выбягаюць і нам: „Што вы тут робіце?“ Мы кінуліся бегчы, я ўцёк, а сябрука злавілі. Празь некалькі гадзін ён прыходзіць і кажа: „Паша, я ўсіх здаў“. А празь дзень у нас лінейка, выпускны, а я „Вучань году“. Прыходзім, нас у школе падводзяць да чалавека ў цывільным. І ў нас быў допыт. Пасьля была камісія, выклікалі бацькоў, ім далі штраф, а нас паставілі на ўлік. І дасюль гэта мой адзіны кантакт з прадстаўніком КДБ».

«Вышымайка — гэта ўжо народная папса»

«Спачатку гэта быў супэрзмагарскі сымбаль, праява нейкай пазыцыі. Пасьля яна стала папулярнай штукай і яе захацелі ўсе. Затым зь яе пачалі рабіць рэмэйкі, і цяпер вышымайка — гэта ўжо папса. Пра майку з Пагоняй і з арнамэнтам я такога не магу сказаць».

«Прынт з Лукашэнкам быў бы папулярны»

«З Лукашэнкам можна было б зрабіць прынт (майку з выявай. — РС). І я думаю, што ён быў бы супэрпапулярны. Але яго трэба так рабіць, каб ён быў прышпільны. Ведаю, што гэта карысталася б попытам, бо Лукашэнка — гэта таксама брэнд гэтай краіны і такі ж сувэнір зь Беларусі, як магніцікі з аўтазакам».

«Вялікая доля прыбытку Symbal.by — гэта карпаратыўныя замовы»

Асабліва гэта актуальна перад сьвятамі, у сьнежні, кажа Белавус.

«Гэта і айцішнікі, і буйныя банкі, і дзяржаўныя прадпрыемствы, і міністэрствы. Нешта замаўляюць з таго, што ў нас і так ёсьць, а нешта мы вырабляем, дадаючы лягатып ці назву замоўніка».

«Перапыніў супрацу зь беларускім футболам»

Павал Белавус падчас прэзэнтацыі новай формы зборнай Беларусі па футболе ў верасьні 2018 году
Павал Белавус падчас прэзэнтацыі новай формы зборнай Беларусі па футболе ў верасьні 2018 году

«Арт Сядзіба» і Symbal.by былі партнэрамі Беларускай фэдэрацыі футболу ў распрацоўцы і прэзэнтацыі новай формы нацыянальнай зборнай, якую паказалі ў верасьні 2018 году. Але на першым жа матчы Лігі Нацый на матч не пусьцілі заўзятараў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Сьцягі забіралі, людзей выводзілі.

Павал Белавус лічыць, што старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Сяргей Румас, ён жа прэм’ер-міністар Беларусі, можа вырашыць гэтае пытаньне.

«Я ім пішу і кажу: „Не, хлопцы, так ня пойдзе. Вы ведалі, што мы бел-чырвона-белыя. І мы супрацоўнічалі з вамі, каб паказаць, што бел-чырвона-белыя і чырвона-зялёныя могуць быць разам і сумесна рабіць нешта важнае“. Але пакуль у фэдэрацыі адказалі, што міліцыя асобна, фэдэрацыя асобна. І яны ніяк ня могуць паўплываць на тое, як паводзіць сябе міліцыя, хоць ім і самім гэта не падабаецца».

Насіў Статкевіча на руках, але пасьля расчараваўся ў ім

22 жніўня 2015 году пасьля больш як чатырох гадоў турмы на волю выйшаў апазыцыйны палітык Мікола Статкевіч. У рэпартажах зь яго прыбыцьця на менскі вакзал можна пабачыць фатаздымкі, на якіх Павал Белавус і яго паплечнікі паднялі Статкевіча на рукі.

«Гэты дзень — мой дзень народзінаў. Мы адзначалі на „Арт Сядзібе“, і тут нехта забягае і крычыць: „Статкевіча вызвалілі! Едзем сустракаць“. І чалавек дзесяць паехалі. Прыяжджаем на вакзал: „Трэба яго падняць на рукі! Падымем, сябры!“. Гэта была вельмі эмацыйная падзея, але тут спрацаваў і сьвяточны дзень, і выпіты алькаголь, і тое, што нас было шмат.

Разам з тым Статкевіча я паважаю і пасьля неаднаразова сустракаўся зь ім. Ён хацеў, каб мы нешта разам рабілі, але я зразумеў, што з гэтага нічога не атрымаецца. Пагатоў, у мяне ёсьць свая арганізацыя, якой мне цікавей займацца. На мой погляд, Статкевіч ня змог згуртаваць вакол сябе тую каманду, зь якой ён можа дасягнуць посьпеху».

«Калі б вярнуўся Пазьняк, гэта б пайшло на карысьць бізнэсу»

«Пазьняка паважаю за тое, што ён з камандай зрабіў у 90-я гады. Але, выбіраючы паміж Радзімай і жыцьцём, ён выбраў жыцьцё. Як той герой ня змог пайсьці за Беларусь да канца. Калі ён зараз вернецца, то наўрад ці глябальна гэта на нешта паўплывае. Але можна будзе выпусьціць зь ім столькі прынтоў клясных — „Зянон вярнуўся“, такую натхняльную кампанію зрабіць».

Пасьля канцэрту #БНР100 яго арганізатараў на чале з Паўлам Белавусам, Антонам Матолькам і Эдуардам Пальчысам пачалі супрацьпастаўляць структурнай апазыцыі, на якой, маўляў, пара паставіць крыж.

Пра палітычныя амбіцыі

«Я не хачу, каб мяне і нашу каманду ўспрымалі як палітычную структуру, на якую можна ўскласьці надзею — і яна ў адзін момант зьменіць краіну. У нас ёсьць супольнасьць людзей з рознымі навыкамі, ведамі і магчымасьцямі. І ў момант важных падзей мы можам хутка мабілізавацца і рабіць нешта карыснае.

Я апошнім часам стаў публічным чалавекам, але я не хачу станавіцца палітыкам, прэзыдэнтам, міністрам. Мне цікавей працаваць на чалавека, які да гэтага імкнецца, прасоўваць яго, працаваць у яго камандзе. Але пакуль няма чалавека, якому я гатовы паверыць, ісьці за ім да канца, нават да сьмерці».

«Забарона пляката зь Някляевым стала дадатковым піярам»

Білборды Symbal.by з паэтам Уладзімерам Някляевым і тэлевядоўцам Юрыем Жыгамонтам
Білборды Symbal.by з паэтам Уладзімерам Някляевым і тэлевядоўцам Юрыем Жыгамонтам

«Я разумеў, што калі б мы павесілі білборд з, скажам, Арловым, гэтага б ніхто не заўважыў. А білборд зь Някляевым — гэта быў экспэрымэнт. Той факт, што білборд усталявалі, — быў інфанагодай. І ў мяне стаяла задача зрабіць з гэтага інфанагоду. Але рабіць інфанагоду з таго, што білборды забаранілі, — такога не было. Але ў выніку атрымалася, што пра рэклямную кампанію даведалася нашмат больш людзей, чым калі б гэтыя плякаты спакойна павіселі нейкі час».

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG