Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады думалі, што пакажуць, наколькі мы ўбогія». Арганізатары #БНР100 зрабілі «Ўчынак году»


Пераможцаў прэміі «Ўчынак году» абіралі чытачы і падпісчыкі Радыё Свабода.

Рок-канцэрт, фудкорт, зварот Нобэлеўскай ляўрэаткі і дзясяткі тысяч шчасьлівых людзей разам — #БНР100 стаў самым буйным сёлетнім сьвяткаваньнем незалежнасьці. Заснавальнік «Арт-сядзібы» і дырэктар Symbal.by Павал Белавус, блогеры Антон Матолька і Эдуард Пальчыс распавядаюць, як зрабілі сьвята.

Дзень волі-2018
Дзень волі-2018

Павал Белавус, бізнэсовец: #БНР101 пройдзе пад слоганам «Жыве незалежная Беларусь!»

— Чаму ў нас атрымалася? Па першае, ёсьць каманда. І гэта, мабыць, асноўнае. Хтосьці ведае, якія гурты запрашаць, дзе зрабіць дызайн хутка, хтосьці працуе з фудкортамі. Склалася супольнасьць апантаных людзей, якія шчыра хочуць, каб усё атрымалася і гатовыя ахвяраваць свой час, каб зрабіць сапраўды добра. І нават рызыкаваць. Бо аўтарытэт некаторых паўплываў, каб нам не адмовілі ў пракаце абсталяваньня, ведаючы, што можа здарыцца, што заўгодна: могуць і забраць, і арыштаваць, і канфіскаваць, як бывала ў мінулыя гады.

Павал Белавус
Павал Белавус

Па-другое, зваротная сувязь. Ты пачынаеш рабіць, а цябе падтрымлівае вялікая колькасьць людзей, яны нешта раяць, прапаноўваюць дапамогу. Калі Глеб Лабадзенка кінуў кліч, каб зьбіралі на шыльду БНР, за дзень гэтыя грошы былі сабраныя. Гэтак жа атрымалася і з краўдфандынгам на само мерапрыемства, бо гэта самы масавы па колькасьці людзей збор грошай.

Па-трэцяе: актуальнасьць, адчуваньне гістарычнага моманту. Такое вось пачуцьцё, што калі мы менавіта зараз нічога ня зробім, то ў будучым мы самі сабе будзем гаварыць, што мы лохі і ў самыя важныя моманты нічога не змаглі зрабіць хаця б таго, што ад нас залежала.

Дзень волі 25 сакавіка 2018
Дзень волі 25 сакавіка 2018

Усё пачалося ўжо 24-га сакавіка. Калі пад вечар ужо была ўсталяваная сцэна і расьцяжкі з воклічам «Хай воля вечна будзе з намі». Мяне ўжо тады крыху «падкалбашвала», што нешта важнае мусіць адбыцца.

Сам дзень 25-га для мяне праляцеў незаўважна, бо ты ўвесь час бегаеш. Кожны хоча з табой альбо прывітацца, альбо нешта сказаць. Паралельна адчуваеш сябе зоркай, якую ўсе пазнаюць.

Затрыманьні на Дзень волі 25 сакаіка 2018
Затрыманьні на Дзень волі 25 сакаіка 2018

Расчараваньні былі і іх было некалькі. Нашая задача была — зрабіць так, каб сабралася максымальная колькасьць людзей і была мінімальная колькасьць затрыманьняў. Але затрыманьні былі, непрыгожыя і жорсткія. І было штучна створанае міліцыяй адчуваньне, што людзі выйшлі з загону свабоды, калі прымушалі адразу на выхадзе прыбраць сьцяг ці каб дзяўчынка сьцерла са шчакі намаляваны бела-чырвона-белы сьцяг.

У нас была вусная дамоўленасьць, што калі мы выйдзем па рэглямэнце за заяўлены час на паўгадзіны-гадзіну, то ня страшна. Але па выніку ўжо за гадзіну за дамоўленага часу пачалі падыходзіць супрацоўнікі міліцыі і казаць: «Хлопцы, у вас канчаецца час мерапрыемства». У выніку вусная дамова і абяцаньне ня спраўдзіліся. Выступы некаторых артыстаў давялося скарачаць і гнаць праграму, каб укласьціся. Нельга было, каб нават на хвілінку ўсё зацягнулася.

Дзень волі 25 сакаіка 2018
Дзень волі 25 сакаіка 2018

З уладамі асабістыя кантакты былі працоўныя і адэкватныя. Але было непрыемна, калі дамоўленасьці, якія абмяркоўваліся, не выконваліся. З той жа шыльдай БНР. Канкрэтна была размова, я яе памятаю, са спадаром Паўлам Скалабанам (на той час кіраўнік упраўленьня ідэалёгіі Менгарвыканкаму — РС.) , што калі мы пагаджаемся на гэты сцэнар каля Опэрнага тэатру, то далей будзе спрыяньне таму, каб зьявілася шыльда ў гонар стагодзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці, зьявіўся помнік братам Луцкевічам. Але па выніку мы бачым, што ня ўсё было выканана.

Цяпер трэба замацаваць тое, што атрымалася. Вырашылі не цягнуць, запусьціць кампанію ў сьнежні. Дзень волі 2019 году хочам зрабіць з акцэнтам на незалежнасьць. І галоўны слоган мы вызначылі ўжо цяпер — «Жыве незалежная Беларусь!». Хочацца зрабіць гэта днём кансалідацыі беларускага грамадзтва на агульных каштоўнасьцях, разуменьні значнасьці незалежнасьці, сувэрэнітэту краіны.

Антон Матолька, блогер: «Чытаў водгукі пасьля сьвята і не сказаць, каб плакаў, але было прыемна»

— Доўгія гады Дзень волі быў днём пратэсту супраць Лукашэнкі, існуючай дзяржаўнай сыстэмы і так далей. Сёлета атрымалася іншая гісторыя. Людзі з тымі ж поглядамі і каштоўнасьцямі прыйшлі, але не на пратэст, а на сьвяткаваньне важнай гістарычнай даты — стагодзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР.

Антон Матолька
Антон Матолька

Людзі прыйшлі туды, дзе сабраліся іх аднадумцы. Туды, дзе былі людзі, аб’яднаныя адзіным бачаньнем гісторыі і будучыні Беларусі. Яны ведаюць, якія ў іх нацыянальныя сымбалі.

Для мяне ў апошнія гады былі арыенцірам тры мерапрыемствы: Мірум — фэстываль пад Мірскім замкам, ФСП і Рок за Баброў. Вось апошняе — гэта тое, да чаго варта імкнуцца па маштабе і па камэрцыйным складніку. Вялікія мерапрыемствы мусяць неяк сябе акупляць, бо затраты значныя. Мы гатовыя валянтэрыць, пакуль жонкі, сям’я і блізкія гатовыя трываць. Але ў пэўны момант яны таксама ж скажуць: «Хлопцы, хопіць, вяртайцеся дахаты».

Дзень волі 25 сакавіка 2018
Дзень волі 25 сакавіка 2018

Мне, здаецца, на сьвяце былі ўсе. Прыходзілі як прыхільнікі, так і праціўнікі. Апошнія прыходзілі паглядзець, што гэта такое. Прыйшло шмат абыякавых, якія ня ведалі, што адбываецца, а пабачылі рушняк, музыку, усьмешлівыя твары і засталіся. Я зьдзівіўся, пабачыўшы там шмат сваіх знаёмых, пра якіх думаў, што яны на такое ня ходзяць.

Што мне запомнілася з Дня волі? Запомніўся момант, калі я дайшоў да кватэры, зьняў адзеньне, лёг на канапу, напісаў твіт «Мы гэта зрабілі» і выдыхнуў. Пасьля гэтага адчуў, што твар гарыць і тэмпэратура ўжо даўно ўзьнялася. Галоўнае, што арганізм усё гэта на адрэналіне вытрымаў. Галоўнае, што ўсё скончылася добра.

Дзень волі 25 сакавіка 2018
Дзень волі 25 сакавіка 2018

Наша задача была, каб мерапрыемства прайшло добра па меркаваньні іншых людзей. Пасьля сьвяткаваньня мы запусьцілі збор водгукаў. Я чытаў гэтыя 550 на той момант водгукаў і не сказаць, каб плакаў, але мне было вельмі прыемна. Прыемна, што атрымалася зрабіць тое, што не атрымлівалася шмат гадоў да таго, і ўдалося аб’яднаць людзей.

Пра сьвяткаваньне #БНР101 нічога пакуль не скажу, але як кажа адзін чыноўнік: «Усё добра, а будзе яшчэ лепш»

Эдуард Пальчыс, блогер: «Мы рыхтавалі #БНР99, але пачаліся „дармаедзкія“ пратэсты»

— Мой першы Дзень Волі — 2009 год. Пасьля я хадзіў штогод, і ў 2013-14 гадах гэта ўжо ўвогуле быў сум, тлен, паўтары тысячы чалавек.

Эдуард Пальчыс
Эдуард Пальчыс

​Я шмат цікавіўся гісторыяй мітынгаў, і ў мяне было пытаньне, чаму цяпер няма такой вялікай колькасьці людзей. Галоўнае, што я зразумеў: людзі ўвогуле не ўсьведамлялі, што гэта за дата. Замест таго, каб ствараць альтэрнатыву ў поглядах, у гісторыі, мы проста выходзілі і ўсё прысьвячалі пратэсту супраць Лукашэнкі.

Калі я выйшаў з турмы, то ўжо напрыканцы 2016-17 у галаве нарадзілася ідэя, што трэба мяняць канцэпт. І мы пачалі рыхтаваць #БНР99. Але пачаліся пратэсты дармаедаў. Нас бы не зразумелі, бо гэта не было актуальна. І ўжо на стагодзьдзе вырашылі дакладна годна адзначыць.

Дзень волі 25 сакавіка 2018
Дзень волі 25 сакавіка 2018

У арганізацыі было задзейнічана вельмі шмат людзей. Але неяк так склалася, што нас абазначылі публічна. Гэта зручна, напэўна, прэсе. Мы гэта ініцыюем, зараджаем на працу, а працуе шмат хто: робяць сайт, валянтэры, ахова.

Я адказваў за ахову і вельмі хваляваўся за людзей. Мы ня ўсюды давяралі ўладам, сілавікам. І ўлады нам ня вельмі давяралі. Я баяўся нейкіх невядомых правакацый. Ня тое, каб тэракту, а сілавой правакацыі з боку невядомых, каб не напалі на каго. Інтэрнэт не працаваў. І мне было непрыемна, калі я даведаўся, што міліцыя прымушала на выхадзе здымаць бел-чырвона-белыя сьцягі, шмат каго затрымлівала. Я калі ўвечары прачытаў пра гэта, быў вельмі злы, бо не пра гэта мы казалі і дамаўляліся.

Дзень волі 25 сакавіка 2018
Дзень волі 25 сакавіка 2018

Калі ўсе разышліся, то было відаць і на відэа і на фота, што нават сьмецьця не было. Ня трэба было нічога прыбіраць.

Як я правёў 25 сакавіка 2018-га? За сцэнай бегаў, нічога ня бачыў, нават ня ведаў, колькі людзей прыйшло. Насіўся сюды-туды. Толькі ўвечары прыйшоў дахаты і пачаў глядзець на ютубе, як гэта ўсё выглядала. Паглядзеў і такі: «ну норм», і лёг спаць.

Улады думалі, што калі даць дазвол за тры тыдні, то мы нічога ня зробім, прыйдзе паўтары тысячы чалавек, будуць нейкія барды, і яны пакажуць, наколькі мы ўбогія. Таму тое, што не даюць дазволу, каб шыльду ў гонар стагодзьдзя БНР павесіць, то гэта, думаю, эмацыйная рэакцыя: як усё прайшло добра, то ўжо хаця б шыльду не дазволім.

Я адчуваю шкадаваньне, чаму гэтага ніхто не рабіў раней. Адкрываеш фэйсбук, і так шмат там экспэртаў, разумных людзей, партый, арганізацый, НДА, актывістаў... А мне даводзілася ўсіх зьбіраць на кватэры і казаць «давайце рабіць». Чаму да гэтага раней не дадумаліся? Чаму калі я быў малады, хадзіў на панылыя Дні Волі, на якія калі моладзь і прыходзіла, то пасьля ставіла крыж на апазыцыі, нацыянальных думках і ідэях?!. Калі я цяпер на гэта гляджу, думаю, што мы маглі б гэта зрабіць нашмат раней і гэта дало б нашмат больш карысьці для ўсяго грамадзтва.

Прэмія «Ўчынак году» — выбар чытачоў і падпісчыкаў Радыё Свабода. У галасаваньні на трох плятформах (svaboda.org, «Укантакце», Telegram) паўдзельнічалі болей за 3000 чалавек. На перамогу прэтэндавалі 12 асноўных намінантаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG