Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатар #БНР100 прапанаваў перайменаваць Дзень Волі і зрабіць яго дзяржаўным сьвятам


Павел Белавус

Адзін з арганізатараў сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі #БНР100 Павал Белавус апублікаваў у сваім фэйсбуку новую канцэпцыю сьвяткаваньня Дня Волі.

У размове з Радыё Свабода ён сказаў, што фармат сёлетняга «Сьвята Незалежнасьці» ўзьнік летась прыкладна з такой жа ідэі. Першапачаткова паплечнікі Белавуса па Арт Сядзібе думалі, што рэалізаваць такое будзе немагчыма.

Пляцоўка ля менскага Опэрнага тэатру падчас «Сьвята Незалежнасьці»
Пляцоўка ля менскага Опэрнага тэатру падчас «Сьвята Незалежнасьці»

Назву «Дзень Волі» можна замяніць на «Дзень Беларусі», мяркуе Павел Белавус. Маўляў, беларусы маюць некалькі афіцыйных і неафіцыйных Дзён Незалежнасьці і блізкіх да яго, а таксама шматгадовы Дзень Волі. А 25 сакавіка — гэта Дзень нараджэньня Беларусі, пачатак фармаваньня сучаснай краіны і дзяржаўнасьці.​

Дзень Беларусі як дзяржаўнае сьвята

Белавус хоча распачаць кампанію, каб 25 сакавіка прызналі дзяржаўным сьвятам і сьвяточным днём, да таго ж яна мае папулярызаваць «Дзень Беларусі» на міжнародным узроўні. Міжнародная кампанія будзе ўключаць у сябе імпрэзы беларускай дыяспары, а таксама дыпляматычныя і бізнэс-сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх кампаній ва ўсім сьвеце.

«25 сакавіка павінен стаць днём, калі ў сьвеце гавораць пра Беларусь, віншуюць Беларусь, знаёмяцца зь Беларусьсю, прыяжджаюць ці па выніку плянуюць прыезд у нашую краіну», — напісаў Павал Белавус.

На думку арт-мэнэджэра, сёлетняе «Сьвята Незалежнасьці» і магчымы «Дзень Беларусі» могуць спрыяць зьменам у дзяржаве і яе ідэалёгіі мірным шляхам.

Дзень Волі-2018 стаў самым масавым у 21 стагодзьдзі. ІНФАГРАФІКА

Арт-мэнэджэр адзначыў, што пакуль гэта толькі ідэя без дакладных крокаў да дзеяньня.

«Я падзяліўся ідэяй, каб пачуць меркаваньні, наколькі гэта рэалістычна», — сказаў Белавус.

У бліжэйшыя дні арганізатары «Сьвята Незалежнасьці» плянуюць сустрэцца, каб вызначыць свае далейшыя дзеяньні. Іншыя арганізатары таксама прапануюць сваё бачаньне працягу супрацы. Белавус прапануе абмеркаваць і адзначэньне 101 угодкаў БНР.

Пра буйнейшыя лякацыі

Пляцоўку ля Опэрнага тэатру, дзе праводзілася «Сьвята Незалежнасьці» 25 сакавіка, Павал Белавус назваў замалой для такой колькасьці людзей. І прапанаваў новыя пляцоўкі: «Менск-Арэна» і Палац спорту, а таксама пляцоўка каля яго і ГЦ «Галерэя».

«Калі не перакрываць вуліцы, то гэтай тэрыторыі (каля менскай Опэры. — РС) рэальна мала, каб разьмясьціць вялікую колькасьць разнастайных лякацыяў. Напрыклад, нас крытыкавалі, што фудкорт быў малы, і ў нас было значна больш заявак, нават на фудкорт ад „ЛІДО“. Але не было фізычна дзе ўсё гэта разьмясьціць».

Каб зладзіць новы Дзень Беларусі масштабней за «Сьвята Незалежнасьці», трэба ладзіць шэраг буйных мерапрыемстваў, аб’яднаных пад «адной шыльдай», кажа Белавус. Дзеля гэтага трэба прыцягваць да арганізацыі сьвята прафэсіяналаў з розных сфэраў, якія арганізуюць буйныя эканамічныя форумы ці мастацкія выставы. У прыклад Белавус прывёў мерапрыемствы probussiness ці Галерэі «Ў».

Куды пайшлі грошы, сабраныя на Дзень Волі — 2018

Сьвяткаваньне 100 год незалежнасьці БНР у Менску 25 сакавіка праводзілася з дазволу гарадзкіх уладаў.

Падчас краўдфандынгу на Дзень Волі-2018 сабралі 58 860 рублёў, на #БНР100 ахвяравалі больш за тысячу чалавек, таксама далучыліся кампаніі-спонсары.

Паводле розных ацэнак, на пляцоўцы каля менскага Опэрнага тэатру 25 сакавіка сабраліся ад 11 да 50 тысяч чалавек. Афіцыйных лічбаў менская міліцыя не называла, атрымаць камэнтар Свабодзе не ўдалося.

Па колькасьці ўдзельнікаў гэта найбольш масавы Дзень Волі ў ХХІ стагодзьдзі. Паводле падлікаў праваабаронцаў, вядома пра 120 затрыманьняў па ўсёй Беларусі 25 сакавіка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG