Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці здолее Лукашэнка разагнаць усе недазволеныя акцыі пратэсту


Затрыманьні на Дзень волі, Менск, 25 сакавіка 2018

Ці стаў прычынай больш жорсткага падыходу ўладаў да масавых акцыяў раскол у апазыцыі ў сувязі з адзначэньнем стагодзьдзя БНР? Ці захаваецца гэты раскол адносна наступных акцыяў апазыцыі? Якія ўрокі вынікаюць з сёлетняга Дня волі?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітыкі, кіраўнік Руху Салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык і сустаршыня аргкамітэту па стварэньні Беларускай Хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец.

Дракахруст: Абставіны сёлетняга адзначэньня Дня волі застаецца ў цэнтры грамадзкай увагі. І ня толькі з прычыны таго, што ўласна адбывалася сёлета 25 сакавіка, а з прычыны наступстваў, пэўных ростаняў, на якіх апынулася беларускае грамадзтва, прынамсі, яго ладная частка. 27 сакавіка Аляксандар Лукашэнка аддаў загад, каб у будучыні ўсе недазволеныя акцыі жорстка спыняліся і падаўляліся. Міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч, выступаючы па БТ, пацьвердзіў, што загад атрымаў, зразумеў і будзе выконваць.

Варта адзначыць, што прынамсі два апошнія гады міліцыя, як правіла, не разганяла недазволеныя акцыі. Штрафавалі ўдзельнікаў, але не разганялі, не білі, не саджалі. Былі выключэньні, самае значнае – леташні Дзень волі, але збольшага лінія была менавіта такой. Зараз яна мяняецца. Гэта вынік таго, як прайшло адзначэньне Дня волі сёлета – шэсьця і мітынгу-канцэрту? Калі так, то ў якім сэнсе?

Вячаслаў Сіўчык
Вячаслаў Сіўчык

Сіўчык: Па-першае, хачу павіншаваць усіх слухачоў Радыё Свабоды з Днём Волі, бо ў мяне такой магчымасьці не было. З нашым сьветлым сьвятам! Адказ будзе досыць ляканічны. Канешне, гэта наступствы таго, што адбывалася 25-га сакавіка ў Менску, бо так атрымалася, што вельмі цяжка даліся Беларускаму Нацыянальнаму Кангрэсу акцыі пасьля леташняга Дня Волі.

Так, адбываўся вельмі моцны ціск, але ж мы год праводзілі вулічныя акцыі. Да гэтага ўсе звыкліся. І гэта была вялікая каштоўнасьць для ўсяго беларускага народу. На жаль, адным з наступстваў канцэрту на 25 сакавіка было тое, што што ў людзей паспрабавалі адабраць канстытуцыйнае права на вельмі важную рэч. Бо канцэрты мусяць быць. Але ўсё ж такі гэта нераўназначны абмен.

Аляксандр Лукашэнка шмат чаго абяцаў у сваім жыцьці. Шуневіч таксама шмат чаго нагаварыў. Гэтыя словы нічога ня значаць. Яны ня здольныя адмяніць канстытуцыйныя правы беларускага народу.

Дракахруст: А да жніўня 2015 году, да вызваленьня Статкевіча, таксама былі няздольныя? Мне здаецца, былі здольныя. Мне здаецца, са сьнежня 2010 году па жнівень 2015 году ўсё падаўлялі па меры сілаў.

Сіўчык: Калі ў іх гэта атрымлівалася. Бо не ўсё ад іх залежыць. Усё ж такі залежыць яшчэ ад таго, якім чынам будзе далей рэагаваць грамадзтва на парушэньне сваіх канстытуцыйных правоў, і як будуць на гэта рэагаваць палітыкі. Натуральна, нельга падымаць штучныя тэмы, але ўсё роўна, што б ні казаў Аляксандр Лукашэнка, шэсьці будуць. Больш таго, яны іх падаўлялі, але ж шэсьці ўсё роўна адбываліся, нават калі палітвязьні былі.

Твары, сьцягі, затрыманьні. Дзень Волі — 2018 пад песьню «Будзь разам з намі»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:07 0:00

Дракахруст: Павал, а як вы лічыце, тут ёсьць нейкая сувязь? Я думаю, ні для каго з нас не сакрэт, што вельмі важным фактарам быў Захад. У тым, што амаль два гады недазволеныя акцыі не падаўляліся. Захад і застаецца важным фактарам. І ён ім і застаецца. Гэтая новая палітыка па часе была скарэляваная са зьменамі ў стасунках з Захадам: увосень 2015 году санкцыі былі прыпыненыя, увесну 2016 – скасаваныя.

Зараз Захад з Масквой у вельмі жорсткім клінчы. І Лукашэнка відавочна ўстаўляе невялічкія шпількі Маскве ў гэтай даволі вострай сытуацыі. Я маю на ўвазе і яго візыт у Тбілісі і цяперашні візыт Макея ў Лёндан. Ну дык магчыма ў гэтай сытуацыі Лукашэнка проста вырашыў: «Я заплачу Захаду вось гэтым. А тое, што я буду ўнутры сваёй краіны рабіць – гэта мая справа». Такое тлумачэньне магчымае? Можа, 25-е тут увогуле ні пры чым?

Севярынец: Трэба сказаць, што 25-е ў гэтых раскладах адыгрывала ролю, але згаджуся з вамі, што хутчэй за ўсё тут пытаньне было ў адносінах Лукашэнкі з Захадам. І сапраўды Лукашэнка пэўны час устрымліваўся і стрымліваў сілавыя структуры ад жорсткіх, дэманстратыўных падаўленьняў акцыяў пратэсту. Гэта было некалькі гадоў. Але па меры таго, як гэтыя адносіны разьвіваліся, па меры таго, як Захад ішоў на знакавыя візыты, пачаліся выплаты Захаду Беларусі па ліні розных міністэрстваў, па лініі супрацоўніцтва з рознымі мясцовымі структурамі.

І вось тут, мне здаецца, Лукашэнка вырашыў намацаць новую «чырвоную лінію», бліжэйшую да ягонага разуменьня гвалту, як інструмэнту дзяржаўнай палітыкі. І падчас Дня Волі вось гэтая інтрыга, якую закінуў рэжым у асяродзьдзе апазыцыі, была зьвязана з менавіта з гэтым намацваньнем. Уладам трэба было апазыцыю паміж сабой пасварыць, сутыкнуць ілбамі, адсекчы радыкальную частку, то бок выбіць альбо вырваць апазыцыі зубы. А потым сказаць Захаду, што, маўляў, глядзіце, яны выходзяць, пратэстуюць, гэта ж няправільна, у вас таксама такія мітынгі падаўляюцца.

І праблема тут была сапраўды не ў Дні Волі, не ў канцэрце, і нават не ў тым, што частка апазыцыі ўзялася рыхтаваць той самы канцэрт, які прайшоў, па-мойму, добра. Праблема была ў тым, што частка апазыцыі прыняла гэтыя правілы гульні. Гаворка ідзе ў першую чаргу пра палітыкаў, якія за сьпінай аргкамітэту падалі заяўку на канцэрт пасьля таго, як была дасягнутая дамоўленасьць дзейнічаць разам. І вось тут ёсьць праблема.

Таму што калі для часткі апазыцыі Шуневіч больш адэкватны, чым Статкевіч, а Макей робіцца большым беларусам, чым паэт Уладзімер Някляеў, то тады мы «прыплылі». Я прыхільнік таго, што апазыцыя ў гэтай сытуацыі проста крытычна павінная была заставацца разам, наколькі гэта было магчыма. Трэба было не даваць нагоды для гэтага расколу. Бо памяркоўныя і радыкалы ёсьць у любой сыстэме.

Дракахруст: А ці спадабаўся б вам такі сцэнар, калі бы тыя, хто быў за канцэрт, сказалі: калі ня будзе шэсьця, то адмаўляемся ад канцэрту, мы арыентуемся толькі на шэсьце, на якое б, магчыма, прыйшло пару тысячаў, якое б, магчыма, таксама разагналі. Вам бы спадабаўся такі сцэнар?

Севярынец: Насамрэч, такі сцэнар не патрабаваўся ад тых, хто быў за канцэрт. Патрабавалася толькі адно – захоўваць еднасьць, не ствараць канфліктаў паміж сабой і каардынаваць дзейнасьць адных у падрыхтоўцы шэсьця, другіх у падрыхтоўцы канцэрта. Гэта павінна было быць разам. Калі няма каардынацыі, разабьюць па адным. Спачатку радыкальных, а пасьля памяркоўных. Ніхто ж ня будзе вырошчваць памяркоўную апазыцыю, даваць ёй масавасьць, даваць магчымасьць рабіць усё, што заўгодна. Гэта проста этап. Разводзіць, а потым хапаць і памяркоўных. І памяркоўных таксама падзеляць на пару частак, і пачнецца тая ж самая гісторыя. Можа быць нават на Чарнобыльскім шляху.

Як затрымлівалі 25 сакавіка на плошчы Якуба Коласа. ВІДЭА
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:30 0:00

Але ў рэальнасьці і то, і другое можна было б зрабіць больш масавым. І шэсьце, і канцэрт. Таму што я ведаю дзясяткі людзей, зь якімі асабіста знаёмы, якія проста махнулі рукой падчас гэтых двухмесячных сварак і сказалі, што ня пойдуць ні на шэсьце, ні на канцэрт.

Сіўчык: Я згаджаюся з тым, што сказаў Павал, толькі дадам, што ня два месяцы ўсё ж такі было спрэчак. Першы месяц непасрэдна падрыхтоўкі да Дня Волі быў вельмі плённы. Мы шмат што на ўзроўні аргкамітэту зрабілі. І вось як раз тое, што адбылася сакрэтнае падача заяўкі ў канцы лютага, вельмі пашкодзіла сьвяткаваньню Дня Волі. Ня толькі ў Менску, а яшчэ і ў рэгіёнах, і ў замежжы. Шмат чаго было ня зроблена. Напрыклад, мы плянавалі правесьці апытаньне па незалежнай прэсе, каб былі выбраны дваццаць дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Замест гэтага нам навязалі штучную апытанку «за шэсьце ці за канцэрт». Дык вось як адзін з тых людзей, хто арганізоўваў шэсьце, я магу сказаць, што гэта была проста маніпуляцыя. Бо мы заўсёды былі за культурніцкія акцыі і натуральна мы больш хацелі, каб адбыўся канцэрт.

Дзень волі-2018 - прэцэдэнт ці ўнікальны выпадак

Дракахруст: У спрэчках вакол сёлетняга Дня волі важным чыньнікам была ўнікальнасьць даты. Сто гадоў бывае раз у сто гадоў. Прыхільнікі мітынгу-канцэрту падкрэсьлівалі, што адзначэньне павінна быць сьвятам. Таму, на іх погляд, і варта было прыняць умовы, прапанаваныя ўладамі. Але іншыя нагоды, у тым ліку і традыцыйныя штогадовыя, Чарнобыль, Дзяды і іншыя – гэта, як правіла, не сьвяты. Магчыма, у сувязі з гэтымі нагодамі, а таксама зь іншымі, кшталту леташніх «антыдармаедзкіх» пратэстаў, ніхто асабліва і ня будзе настойваць на кампрамісе з уладамі?

Хачу нагадаць, што тыя людзі, якія былі ў іншым лягеры, у свой час удзельнічалі і ў недазволеных акцыях, і тыя ж Дашкевіч і Пальчыс удзельнічалі ў абароне Курапатаў. Тады яны не пыталіся дазволу. І магчыма, тое, што адбылося 25-га, гэта проста выключны выпадак. Тут яны паводзілі сябе так, а ў другой сытуацыі будуць паводзіць сябе інакш. Ці гэты падзел будзе такой структурнай асаблівасьцю?

Павал Севярынец
Павал Севярынец

Севрынец: Мне здаецца, што гэта вельмі сурьёзная рана. І размова нават ня столькі пра палітыкаў, палітыкі – людзі гнуткія, яны здольныя паміж сабой дамаўляцца сытуацыйна. А вось тое, што ў грамадзтве бушавала гэтая сварка па розных лініях, на мой погляд, гэта проста ўдача рэжыму. Тое, што палітыкі павяліся на нянавісьць з аднаго і другога боку і пачалі выстаўляць, на мой погляд, не настолькі прынцыповую рэч, прывяло да пройгрышу нас усіх І думаю, што гэта будзе такі сцэнар, які працягнецца ў палітычным жыцьці прынамсі на гады.

Рэжым свой ломік будзе засоўваць кожнага разу і спрабаваць разламаць нас на дзьве часткі, на памяркоўную і радыкальную апазыцыю, фактычна з кожнай значнай нагоды. Але думаю, што на Чарнобыльскі шлях усё ж такі атрымаецца дамовіцца. Тут вы сапраўды маеце рацыю, тут больш вузкі фармат, гэта ня ёсьць стагодзьдзе, тут ёсьць тэма Астраўца, ёсьць тэмы экалягічныя: той жа акумулятарны завод пад Берасьцем, той жа кітайскі завод цэлюлёзы пад Сьветлагорскам. Мы на аргкамітэце Чарнобыльскага шляху абмяркоўвалі, што менавіта такія рэчы трэба падымаць на Чарнобыльскім шляху. Таму магчыма, што фармат будзе бліжэй да такіх традыцыйных Чарнобыльскіх шляхоў, але мы, канешне, паспрабуем і ўлічыць досьвед 25-га.

Дракахруст: Гэты канфлікт, напружаньне, які быў, нагадаю, з унікальнай нагоды, ён зараз зноў усплывае, у прыватнасьці, у сувязі з Чарнобыльскім шляхам? І ёсьць тыя, хто гатовы на нейкія пагадненьні, а ёсьць тыя, якія адстойваюць тактыку, што няма пра што ўлады пытаць і аб чым зь імі дамаўляцца? Якая зараз сытуацыю?

Практычна ўсё, што прывяло да кепскіх наступстваў, адбылося па-за межамі аргкамітэту адзначэньня гадавіны БНР.

Сіўчык: Я думаю, што сапраўды гэта рана досыць глыбокая, і ўдар прыйшоўся па беларускім грамадзтве. І вось такія яскравыя адзіночкі, якіх вы ўзгадалі, яны досыць шмат працавалі ў гэтым кірунку. І гэта абсалютна невыпадкова, бо калі была абарона Курапатааў, ніхто не зьвяртаў увагі на многія рэчы. Я проста хацеў бы нагадаць, што практычна ўсё, што прывяло да кепскіх наступстваў, адбылося па-за межамі аргкамітэту адзначэньня гадавіны БНР. Бо адзіночкі няздольныя да сурьёзнай сыстэмнай працы. І натуральна, калі ўсе сядзяць за адным сталом, то аргумэнтаў у іх вельмі мала. Пачалася гістэрыка, што паказаў стрым з пасяджэньня арггкамітэту. Ну а што кепскага было ў стрыме? Як ты хочаш, так і гаворыш, гэта ж галоснасьць. Шмат хто быў абураны тым, што стрым быў паказаны. Гэта зноў такі невыпадкова. Я ужо сустракаўся з прапановамі праводзіць канцэрт падчас Чарнобыльскага шляху. Я сам займаўся маніторынгам наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, і, на вялікі жаль, ужо амаль няма нікога з маіх калегаў, хто працаваў па гэтай праблеме. І я не разумею, як у цяперашніх умовах можна на гэтую дату ладзіць нейкі канцэрт і як гэта атрымаецца.

Дракахруст: Я так разумею, што на аргкамітэце некаторыя яго чальцы выступілі з прапановай зладзіць і на 26-га красавіка канцэрт?

Сіўчык: Не, гэтая прапанова прагучала па-за межамі аргкамітэту, як яно было і напярэдадні 25-га сакавіка. На паседжаньні аргкамітэту ўсё было добра, рашэньні прымаліся дэмакратычна, а тая канфліктная сытуацыя, якую вы бачылі, узьнікла па-за межамі аргкамітэту па адзначэньні стагодзьдзя БНР. Паўтору, я думаю, ня будзе. Бо, як вы слушна сказалі, стагодзьдзе было ўнікальнай падзеяй. Я думаю, што Чарнобыльскі шлях адзінае, што можа азмрочыць – гэта яўныя пакасьці сёньняшняй улады.

Дракахруст: А з прапановай канцэрту на 26-га красавіка выступаюць людзі кшталту Антона Матолькі?

Сіўчык: Больш дробныя пэрсанажы, як я прачытаў у сацыяльных сетках.

Дракахруст: То бок пакуль у межах аргкамітэту таго падзелу, які быў напярэдадні 25-га сакавіка, нейкіх альтэрнатыўных прапановаў, у тым ліку і з боку ўлады, няма?

Сіўчык: Пакуль нічога няма. Будзе ў панядзелак пададзеная заяўка. Яна традыцыйная, бо Чарнобыльскі шлях – традыцыйная акцыя беларускай апазыцыі. Думаю, што асабліва нічога мяняць ня трэба. Асабліва, калі лічыць, што яны ўжо хутка зьбіраюцца распачаць працу Астравецкай АЭС.

Хто на што здольны

Дракахруст: Адзін з арганізатараў мітынгу-канцэрту Павал Белавус паведаміў, што арганізатары зрабілі 100 тысячаў адзінак агітацыйнай прадукцыі напярэдадні акцыі. Прычым, паводле яго, сродкі былі здабытыя шляхам краўдфандынгу, іншымі словамі, гэта былі не замежныя гранты, а грошы беларусаў. Калі не сакрэт, колькі адзінак агітацыйнай прадукцыі зрабілі арганізатары шэсьця?

Сіўчык: Вельмі значная колькасьць была зробленая, але была вельмі сур’ёзная палітычная праблема – улады нас увесь нас ціснулі. Уся прадукцыя рабілася з разьлікам на пачатак акцыі ў 14 гадзінаў. Вы ж ведаеце, што ўжо пайшлі налепкі па гораду. Але мы вымушаныя былі перанесьці пачатак шэсьця, дзеля таго, каб не ствараць канфрантацыю з тымі людзьмі, якія праводзяць канцэрт. І натуральна ў тых умовах рэжыму, у якім мы існуем, я адкрыта сказаў, што такім чынам мы ў некалькі разоў памяншаем колькасьць удзельнікаў шэсьця. Аднак улады ня здолелі да канца раскалоць беларускую апазыцыю.

На жаль, бываюць такія моманты, калі трэба прымаць рашэньне, калі ведаеш, што гэтыя рашэньні будуць кепскія, але такое адбываецца. Што тычыцца лічбаў, дык я наогул чакаю, пакуль хто-небудзь скажа, што ля Опэрнага быў мільён чалавек. Бо лічбы – яны ёсьць лічбы, больш важна хто, калі і дзе быў.

Дракахруст: Павал, вы не былі цалкам ні на адным баку, ні на другім. Паводле вашай ацэнкі, калі параўнаць адных і другіх, якія вынікі арганізацыйных дзеяньняў?

Севярынец: Вынік такі: калі арганізоўваць дазволены канцэрт, то натуральна людзі гатовыя скідвацца значна больш, бо ніхто ж за гэта не пакарае. А на несанкцыянаваную акцыю зьбіраць грошы значна складаней. Зараз нават калі ты разьмяшчаеш абвестку ў сацсетках – прыходзьце на шэсьце а 12-й гадзіне, то ты рызыкуеш пятнаццацьцю суткамі. Проста ўсяго за пост у Фэйсбуку. Перад намі прыклад Уладзімера Някляева – даў інтэрвію і атрымаў прысуд.

А на несанкцыянаваную акцыю зьбіраць грошы значна складаней.

Таму, канешне, арганізацыйны патэнцыял з боку тых, хто арганізоўваў канцэрт, прадказальна быў большы, можа нават на парадак, можа і на два парадкі. Але, зь іншага боку, я і сам бачыў заклікі на шэсьце, улёткі, налепкі. Ведаю, што шмат каго затрымлівалі, арганізатары шэсьця нават не давалі гэтую інфармацыю ў СМІ, каб не палохаць людзей. Людзей затрымлівалі за паклейку ўлётак на шэсьце, а арганізатары гэтую інфармацыю не давалі, каб не ствараць такога ўражаньня, што ідзе тэрор.

Мне здаецца, што дэманізаваць канцэрт і яго арганізатараў зусім ня варта.

Ну і думаю, што тут супрацьпастаўляць усё ж такі ня варта. Трэба рыхтаваць пляцоўку для каардынацыі несанкцыянаваных і санкцыянаваных дзеяньняў. Вось калі гэта пляцоўка будзе, то адны будуць адыгрываць ролю добрых сьледчых, іншыя – злых сьледчых, і разам мы пераможам. Таму мне здаецца, што велізарны арганізацыйны патэнцыял Паўла Белавуса, Антона Матолькі, Эдуарда Пальчыса, безумоўна спатрэбіцца і разгорнецца на поўную моц тады, калі для гэтага будуць умовы. А тыя, хто зараз робіць несанкцыянаваны акцыі – гонар ім і хвала. Гэта сапраўды тыя людзі, якія падымаюць сьцяг, стаяць пад ударамі, якія адграбуць яшчэ і суткі, і штрафы, і біць іх будуць таксама.

Але яны стаяць, яны адстойваюць гэтую радыкальную опцыю. Я нагадаю, што на Майдане называлі правакатарамі прадстаўнікоў «Правага сэктару», калі яны ішлі на штурм на Грушэўскага. Ім казалі – што вы робіце, вы правакуеце, вы, напэўна, агенты Масквы альбо Януковіча. А потым гэтыя хлопцы сталі героямі. Таму самім сабе выдаляць зубы беларускай апазыцыі зусім ня трэба.

Ці мяняе рэальнасьць пазыцыі бакоў?

Дракахруст: Ці ўплывае на пазыцыі бакоў спрэчкі рэальнасьць, тое, што насамрэч адбылося? Вось вы Павал прывялі прыклад Майдана, калі Яцэнюк, Клічко называлі байцоў, якія ішлі на штурм Грушэўскага, іх правакатарамі. А калі бы Майдан прайграў, іх бы і ўспрымалі як правакатараў, як тых, хто прывёў да паразы. Але яны выйгралі.

Дык калі б мы з вамі вялі гэтую размову 24-га сакавіка, напэўна гутарка ішла б інакш. Але мы яе вядзем, калі ўжо ведаем, што адбылося 25-га. А насамрэч магло адбыцца рознае. На плошчу Коласа насуперак уладзе, насуперак запалохваньням маглі б прыйсьці, умоўна кажучы, пяць тысяч чалавек ці дзесяць тысяч чалавек, столькі, колькі прыйшло летась на 25-га сакавіка. Калі б так было, то згадзіцеся, што мы б сёньня вялі размову пра іншае 25-га 2018-га году.

Зь іншага боку, на канцэрт магло прыйсьці тысячы тры і ня больш. А маглі б напачатку канцэрту ўлады сказаць, што вы ўсе адным мірам мазаныя, нацыяналісты клятыя, разыходзьцеся, і адключыць апаратуру. Так таксама магло быць. Але было так, як было. У гэтым сэнсе, на пазыцыі бакоў тое, што адбылося, неяк уплывае, неяк іх карэктуе? Ці не?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Севярынец: Насамрэч, рэальнасьць такая. Быў адзін месяц аб’яднаньня беларускай апазыцыі. Два месяцы тэма стагодзьдзя БНР была галоўнай тэмай незалежных СМІ. І ў прынцыпе былі дзясяткі тысячаў людзей, якія былі гатовыя выйсьці, гэта быў патэнцыял. Мой прагноз, што калі б не адбылося гэтага падзелу і канфрантацыя не стала б галоўным зьместам падрыхтоўкі да 25-га, мы б мелі нашмат больш людзей і на канцэрце, і на шэсьці.

Гэта ў прынцыпе клясычныя суадносіны радыкалаў і памяркоўных.

Ведаеце, колькасьць тых, хто гатовы дзейнічаць радыкальна і падстаўляць галовы пад дубінкі ахвярна, ведаючы, што будуць альбо дубінкі, альбо затрыманьні, альбо штраф, яна не асабліва мяняецца. На Плошчы 2010-га году я назіраў такую карціну: тры сотні людзей каля дзьвярэй і вокнаў Дому ўраду б’юцца з АМАПам, штурхаюцца, прабіваюцца ўнутр, і каля трыццаці тысячаў чалавек стаяць і глядзяць на тое, што адбываецца. Яны не рызыкуюць падыйсьці бліжэй.

То бок суадносіны засталіся тыя самыя. І на Майдане было тое ж самае. Гэта ў прынцыпе клясычныя суадносіны радыкалаў і памяркоўных. Але на гэтай падставе нельга казаць, што радыкалы няважныя. Яны зусім ня лішнія ў гэтай схеме. Яны як раз і ёсьць неабходная частка перамогі. Таму, на мой погляд, рэальнасьць магла б быць значна лепшай, калі б мы, палітыкі, праявілі адказнасьць і захавалі еднасьць.

Сіўчык: Тут ёсьць яшчэ адна бяда. Рэальнасьць – яна ўсё ж такі не зусім такая, як яе адлюстравалі нават незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Па-першае, я бы ня змог з вамі гаварыць 24-га сакавіка, як і практычна ўсе арганізатары шэсьця, бо мы ўсе ўжо знаходзіліся на Акрэсьціна і нас вызвалілі толькі пасьля таго, як адбыўся Дзень Волі. Вызвалілі, між іншым, гэтак жа незаконна, як і пасадзілі. Але мне найбольш не спадабалася, што ня толькі не давалася інфармацыя пра шэсьце напярэдадні 25-га сакавіка незалежнымі СМІ, але і тое, што рэзка была заніжаная колькасьць затрыманых на плошчы Якуба Коласа.

Там даваліся неверагодна нізкія лічбы, хаця размова ідзе пра людзей. І я бы хацеў выкарыстаць свой удзел у вашай перадачы дзел таго, каб сказаць дзякуй кожнаму, хто выйшаў на плошчу Коласа, кожнаму, хто быў затрыманы каля свайго дома ці калі ён ехаў у Менск, каб далучыцца да шэсьця.

Асабліва мяне натхніў такі, можа і дробны момант. Нягледзячы на ўсе рэпрэсіі рэжыму, ужо пасьля таго, як нашыя актывісты адседзелі ў РАУСах, сустаршыня Руху Салідарнасьці «Разам» Алена Талстая і яе паплечнікі ўсё роўна прынесьлі кветкі, якія меркавалася ўскласьці да помніку Коласу, і ўсклалі. І гэта пасьля гадзінаў катаваньняў, якія прайшлі ўсе, хто трапіў у пастарунак у гэты дзень. Для мяне гэта не выпадковасьць, і гэта для мяне самая галоўная рэальнасьць 25-га сакавіка – гэта тыя жанчыны вельмі сталага ўзросту, які ў абдымку ідуць ад плошчы Я. Коласа, дзе каля ста чалавек было ўжо затрымана, за імі едзе знакаміты сіні бус, на іх бел-чырвона-белыя шалікі, стужкі, у руках букеты кветак. І яны ўсё ж даходзяць да помніку Максіму Багдановіча і ўскладаюць гэтыя кветкі.

Таму рэальнасьць крыху іншая, ня ўсе пагаджаюцца быць рабамі. Я хацеў бы сказаць самае галоўнае. Гэты канцэрт у пэўнай ступені праводзіла тая ўлада, якая сёньня пануе над беларусамі. У першую чаргу ім таксама трэба было знайсьці нейкае выйсьце. Яны знайшлі такі фармат. З гэтым фарматам пагадзіліся ня ўсе. І гэта дае аптымізм для будучыні.

Севярынец: Мне здаецца, што дэманізаваць канцэрт і яго арганізатараў зусім ня варта. Бо людзі зрабілі, што маглі. І вялікі дзякуй ім за гэта. Вялікі дзякуй тым, хто там быў. Вялікі дзякуй дзясяткам тысячаў ці тысячам людзей, хто там быў. Гэта таксама быў выбар, некаторыя за тое, што схадзілі на канцэрт, пацярпелі. Я лічу, што ні ў якім разе ня варта супрацьпастаўляць. Мы адзін народ, мы, дэмакратычныя сілы, разам. І тут трэба шукаць узаемаразуменьне і каардынацыю. Гэта галоўнае пытаньне, якое ёсьць зараз.

Сіўчык: Далучаюся да падзякі тым людзям, якія былі на канцэрце. Вельмі добра, што яны прыйшлі, бо некаторыя ж і туды баяліся прыходзіць. Я вельмі ўдзячны Касі Камоцкай, якая ня толькі сьпявала свае песьні, але ж і казала пра тых людзей, якія знаходзяцца ў зьняволеньні. І іншым выступоўцам дзякуй. Але ж гэта не адмаўляе тых праўдзівых словаў, якія я сказаў. Гэта ўсё ж такі канцэрт, які праводзіўся ўладамі.

Дракахруст: Дык а можа гэта ня так і кепска? Улада беларуская падтрымлівае гадавіну БНР.

Сіўчык: Кепска ў якім аспэкце? Непрафэсіяналізм нашых калегаў прывёў да таго, што рэзка былі пагоршаныя ўмовы правядзеньня гэтага канцэрту ў апошні момант. Калі б яны не адмяжоўваліся ад нас, ім самім было б лягчэй. Гэта адзін з трох момантаў, якія мне не падабаюцца найбольш.

Другі момант, калі вам цікава, гэта тое, што ў некалькіх гарадах былі забаронены шэсьці. Гэта яўна маскоўская схема, каб нашыя сьцягі не бачылі на вуліцах. Ну і самае галоўнае.

Вы ведаеце, што дзяржаўны друк, выкарыстаўшы пэўную схільнасьць да піару пэўных асобаў, і тое, што пайшла падмена паняцьцяў, практычна не адрэагаваў на стагодзьдзе БНР.

Дракахруст: Вячаслаў, вы сказалі, што сьвята ля Опэрнага ладзіла ўлада. Гэта адзін пункт. А другі – дзяржаўны друк як вады ў рот набраў. Вам не здаецца дзіўным, што дзяржаўны друк праігнараваў сьвята, якое, паводле вас, ладзіла ўлада?

Сіўчык: Абсалютна мне гэта не падаецца дзіўным. Бо я казаў пра канцэрт. А на саму дату 25-га сакавіка, як вы заўважылі, дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ўжо маглі сабе дазволіць набраць у рот вады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG