Пасьля таго, як мы ўпершыню наведалі мастацкую галерэю "Ў" разам з трынаццацігадовым сынам у рамках культурна-асьветніцкай праграмы на выходныя, малы запытаўся: "яна што, антыпрэзыдэнцкая?" Далібог, я не даваў нагоды для такога пытаньня. І не нясу адказнасьці за той прыкры факт, што ў нашай краіне прэзыдэнт стаў мерай усіх рэчаў. Адлегласьць і вагу мы пакульшто не вымяраем у лукашэнках, але сапраўды многія рэчы, якія варта ацэньваць паводле крытэру "добрае - дрэннае", "прыгожае - выродлівае", "разумнае - глупае", "цікавае - нуднае", мы судзім з пункту гледжаньня - "за" або "супраць" Лукашэнкі.