Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўцы пратэстуюць супраць Беларускай АЭС


Праект першага рэактара Беларускай АЭС.
Праект першага рэактара Беларускай АЭС.

Літоўскія палітыкі і прадстаўнікі грамадскасьці зьвярнуліся ў Эўрапарлямэнт з пратэстам супраць плянаў Беларусі пабудаваць АЭС у 23-х кілямэтрах ад мяжы з Літвой. Зварот быўў зроблены пасьля грамадскіх слуханьняў аб ацэнцы ўплыву будучай беларускай АЭС на навакольнае асяродзьдзе, якя прайшлі ў Вільні на пачатку гэтага тыдня, і якія не пераканалі літоўцаў у бясьпечнасьці станцыі.

Апрача справаздачы па ацэнцы уплыву на асяродзьдзе, Беларусь таксама падрыхтавала і апублікавала адказы на пытаньні розных краін адносна плянаванай АЭС. Літва задала 39 пытаньняў, але адказы зь Беларусі не задавальняюць літоўскіх абаронцаў прыроды, грамадзкасьць і палітыкаў. Саўлюс Пікшрыс, кіраўнік літоўскага Таварыства аховы прыроды і помнікаў культуры «Atgaja»:

«Я даволі добра азнаёмлены са справаздачай уплыву на навакольнае асяродзьдзе і нават з некаторымі вэрсіямі гэтай справаздачы, і таксама з пытаньнямі Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя Літвы да беларускага боку і зь яго адказамі. З гэтых адказаў (беларускага боку) я знайшоў хіба пару вартых увагі. Іншыя пытаньні праігнараваныя, некалькі абзацаў размоваў аб нічым і нават узятыя фразы з рэклямных буклетаў «Росатама».

У часе грамадскіх слуханьняў у Вільні спэцыялісты беларускага Мінэнэрга не пераканалі аўдыторыю ў бясьпецы будучай АЭС з экспэрымэнтальным рэактарам па расейскім праекце. На знак пратэсту частка аўдыторыі пакінула залю, у іх ліку і старшыня Камітэта па ахове асяродьдзя Сойма Літвы Ёнас Шымэнас.

«Тое, што тут адбываецца — абсурд. Па-першае, моладзь не разумее па-расейску, а арганізатары не забясьпечылі пераклад, пра што можна гаварыць?! Гэта размова глухога з нямым. Прапанавалі сёньня выслухаць, заўтра пачытаць, і паставяць плюсік — сустрэча адбылася. Імпрэза была, але мы нічога не пачулі. Гэта непарадак, тым больш што ў залі знаходзіўся віцэ-міністар аховы асяродзьдзя (Аляксандрас Сруогіс). Думаю, мы запатрабуем палітычнай адказнасьці гэтага міністэрства»,– заявіў старшыня Камітэта па ахове асяродьдзя Сойма Літвы, які пакінуў залю на знак пратэсту.

Літоўскі парлямэнтарый Гінтарас Сангайла застаўся на слуханьнях, але і ён перакананы, што нельга верыць запэўніваньням Беларусі ў бясьпецы будучай АЭС:

«Гэта такая сфэра, што нам ня варта падзяляцца — гэта важна ўсім, і адной, і другой дзяржаве. Нас не задавальняе справаздача аб ацэнцы ўплыву на асяродзьдзе, тым больш, што з досьведу Чарнобыльскай аварыі бачна, што пададзеныя Беларусьсю лічбы на выпадак аварыі не адпавядаюць рэчаіснасьці. Беларусь запэўнівае, што ўсё будзе нармальна. Але тэхнічныя адкіды ў Вяльлі прыплывуць да нас, і няма яснасьці адносна захоўваньня радыёактыўных адкідаў. Падобна, у незразумелых тэхнічных умовах яны будуць захоўвацца там на месцы, недзе у 10 км ад вёскі Гярвяты. Я ужо не кажу пра культурна-гістарычную і прыродную каштоўнасьць рэгіёна, пра зоны адпачынку. Сапраўды, пляцоўку для пабудовы АЭС Беларусь абрала няўдалую».

Літоўскія ўдзельнікі слуханьняў, у іх ліку і парлямэнтары, і прадстаўнікі мясцовых органаў улады, прагаласавалі за зварот у Эўрапарлямэнт з нэгатыўнай ацэнкай слуханьняў. У звароце сярод іншага заявілі, што зробяць усё магчымае, каб Літва не прызнала задавальняючымі вынікі грамадскіх слуханьняў па ацэнцы ўплыву Беларускай АЭС на асяродзьдзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG