Карэспандэнт: Як большасьць посткамуністычных краінаў, Літва ў пачатку 1990-х увяла люстрацыю, забараняючы ўплывовым камуністычным дзеячам папярэдняй эпохі займаць дзяржаўныя пасады. Якую ролю адыгралі вы, як прэзыдэнт Літвы, у падрыхтоўцы і ўвядзеньні люстрацыі?
Ландсбэргіс: Калі я быў прэзыдэнтам, рэформы толькі пачыналіся. Мы спрабавалі прыняць люстрацыйны закон, падобны да таго, што быў прыняты ў Чэхаславаччыне. Мы ўзялі чэхаславацкі закон як узор і працавалі над сваім праектам. Але потым мы сустрэліся з супрацівам левага крыла, зь вельмі моцным супрацівам, які здолеў перацягнуць на свой бок вялікую колькасьць цэнтрысцкіх дэпутатаў. Урэшце яны набралі большасьць, і гэты люстрацыйны працэс быў спынены. Той факт, што я кіраваў парлямэнтам, нічога не зьмяніў. Парлямэнцкай рэспублікай можна маніпуляваць пры дапамозе хабараў і стварэньня новых большасьцяў.
Карэспандэнт: Хто даваў тыя хабары?
Ландсбэргіс: Сілы мінулага, папярэдні рэжым.
Карэспандэнт: Ці хочаце вы сказаць, што нават сёньня ў Літве няма кансэнсусу, як ставіцца да злачынстваў камуністычнага рэжыму?
Ландсбэргіс: Не, няма. У краіне з камуністычнай спадчынай ня можа быць кансэнсусу. Нават цяпер яна падзеленая, глыбока падзеленая.
Карэспандэнт: Дзе сёньня палітыкі, пракуроры і супрацоўнікі сакрэтных службаў камуністычнай эпохі? Ці яны і надалей адыгрываюць ролю ў грамадзкім жыцьці Літвы, ці, можа, іх адсунулі на ўзбочыну?
Ландсбэргіс: Мы ўвялі пэўныя абмежаваньні для іх, але ў законах ёсьць прагалы, якія дазваляюць ім абмінаць гэтыя абмежаваньні.
Карэспандэнт: На вашу думку, чаму не было гучных працэсаў камуністычных кіраўнікоў, падобных да нюрнбэрскіх працэсаў нацысцкіх кіраўнікоў пасьля Другой сусьветнай вайны?
Ландсбэргіс: Таму што ў камуністычных краінах камунізму ніколі не перамаглі. Краіны ня хочуць ачысьціцца ад гэтай плямы мінулага.
Карэспандэнт: Ці думаеце вы, што такія працэсы дазволілі б Літве і іншым краінам у рэгіёне прымірыцца са сваёй камуністычнай спадчынай?
Ландсбэргіс: Пытаньне датычыць ня нас асабіста, яно датычыць справядлівасьці. Калі няма справядлівасьці, людзі перастаюць верыць у справядлівасьць наогул. Яны незадаволеныя дэмакратыяй, дзяржаўнай палітыкай, бо яны бачаць, што адны і тыя ж асобы застаюцца пры ўладзе або захоўваюць вялікія ўплывы.
Карэспандэнт: Калі б вы маглі вярнуцца да першых дзён посткамуністычнай Літвы, ці вы зрабілі б нешта па-іншаму як прэзыдэнт?
Ландсбэргіс: Я больш уважліва паставіўся б да рафінаваных формаў палітычнай карупцыі. Я верыў — мабыць, замоцна — у добрую волю людзей наогул. Ня ўсе зь іх гэтага заслугоўвалі.