Алена Струвэ, Менск Cёньня раніцай ў Вашынгтоне, на New Hampshire Avenue, ля будынку беларускай амбасады пачалася дэманстрацыя ў падтрымку васьмі этыёпскіх пілётаў, якія папрасілі палітычнага прытулку ў Беларусі. Напярэдадні праваабаронцы з Этыёпіі, якія ёсьць арганізатарамі гэтае акцыі, заклікалі ўсіх сваіх суайчыньнікаў, у якой бы тыя не знаходзіліся краіне, зрабіць тэлефонныя звароты ў беларускія амбасады з просьбай не выдаваць Адыс-Абэбе ўцекачоў-авіятараў. Этыёпскія праваабаронцы занепакоеныя, што дыктатарскі рэжым Мэлеса пачаў ўжо рабіць ціск на афіцыйны Менск з мэтай выдачы Беларусьсю васьмі лётчыкаў.