Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Бундэстагу — ці будуць зьмены ў беларускім кірунку?


Алена Струвэ, Менск Нямецкі прэзыдэнт Горст Кёлер распусьціў Бундэстаг і прыняў рашэньне адносна правядзеньня датэрміновых парлямэнцкіх выбараў сёлета ў верасьні. Хто мае лепшыя шанцы на перамогу ў выбарчай кампаніі — Шродэр альбо Мэркель? Ці магчымая так званая вялікая кааліцыя паміж хрысьціянскімі і сацыял-дэмакратамі, і наколькі ў выніку той ці іншай перамогі можа зьмяніцца ўсходняя палітыка Нямеччыны, у тым ліку стаўленьне да беларускай праблематыкі? Усе гэтыя пытаньні ў цэнтры сёньняшніх палітычных і мэдыя-дыскусіяў.

Нягледзячы на роспуск парлямэнту, многія дэпутаты Бундэстагу па-ранейшаму на сваіх працоўных месцах. Яны занятыя непасрэднай падрыхтоўкай да выбараў і, як яны кажуць, сёлета ім, відавочна, ня ўдасца пайсьці ў адпачынак. Паводле самых апошніх сацыялягічных апытаньняў, калі б выбары адбыліся сёньня, то іхнымі пераможцамі сталі б чорна-жоўтыя, альбо фракцыя ХДС/ХСС і свабодных дэмакратаў на чале з Ангелай Мэркель.

Тым часам, самі хрысьціянскія дэмакраты лічаць, што два месяцы — гэта той тэрмін, у часе якога могуць адбыцца самыя нечаканыя павароты.

Сябра ХДС, кіраўнік выбарчага штабу дэпутаткі Бундэстагу Кляўдыі Нольтэ, палітоляг Вольфганг Зэндэр кажа:

(Зэндэр: ) “Сапраўды, паводле апытаньняў, мы маем цяпер найлепшыя шанцы. Канечне, цягам двух месяцаў можа зьмяніцца ўсё. Што да зьмены вэктару ў міжнароднай палітыцы ў выніку нашай перамогі, то ён будзе неістотным. Мы хочам крыху зьмяніць акцэнты ў расейскай палітыцы і больш увагі надаць дыялёгу з праваабаронцамі і няўрадавымі арганізацыямі. Што да беларускай палітыкі Бэрліна — гэта неафіцыйнае меркаваньне — мы хочам быць больш актыўнымі. Гэта палітыка будзе ажыцьцяўляцца ў адпаведнасьці з ініцыятывамі Эўразьвязу. Апошнім часам іх паступіла нямала”.

Варта дадаць, што, зьяўляючыся апазыцыяй у нямецкім Бундэстагу, хрысьціянскія дэмакраты неаднойчы крытыкавалі кіроўную чырвона-зялёную кааліцыю за яе мяккую пазыцыю адносна афіцыйнага Менску. Год таму ў часе парлямэнцкіх дэбатаў яны прапанавалі на абмеркаваньне нямецкім дэпутатам дастаткова жорсткую рэзалюцыю па Беларусі. Фракцыя ХДС/ХСС выстаўляла нямецкаму ўраду шэраг патрабаваньняў, скіраваных на тое, каб у 2006 годзе ў Беларусі адбыліся сапраўды адбыліся празрыстыя і дэмакратычныя выбары. Паводле хрысьціянскіх дэмакратаў, Бэрлін павінен адсочваць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, аказваць падтрымку беларускім апазыцыйным партыям, няўрадавым арганізацыям, садзейнічаць стварэньню замежнага тэле– і радыёвяшчаньня на Беларусь. Гэтыя прапановы, як вядома, не знайшлі падтрымкі ў парлямэнцкай чырвона-зялёнай большасьці.

Тым часам нямецкія назіральнікі зьвяртаюць увагу на тое, што партыя ХДС/ХСС не памяняла свайго стаўленьня да беларускага пытаньня. Паводле палітычнага аглядальніка нямецкага радыё Райнгарда Ляўтэрбаха, апошнім часам кандыдат на пасаду Бундэсканцлера Ангела Мэркель неаднойчы зьвяртала ўвагу на неабходнасьць паляпшэньня трансатлянтычнага вэктару.

(Ляўтэрбах: ) “Што да Беларусі, то ў выпадку, калі Мэркель пераможа і замацуе атлянтычны вэктар, нямецкая палітыка ў дачыненьні да Менску абвастрыцца. Яна стане значна больш жорсткай. Што да нямецка-расейскіх дачыненьняў, то яны стануць больш дзелавымі і значна менш сардэчнымі, чым паміж Шродэрам і Пуціным”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG