Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вільня з гэтага боку мяжы. Пра літоўскі раман, які беларусы прачытаюць як свой


Панарама Вільні, архіўнае фота
Панарама Вільні, архіўнае фота

Фэнамэнальная зьява апошніх гадоў — тры найлепшыя літоўскія раманы (са ста найлепшых) выйшлі з друку па-беларуску.

У выдатных перакладах. На тле навінавай стужкі на тэму беларуска-літоўскіх дачыненьняў тры грунтоўныя кнігі ўспрымаюцца як мэтафара з прыказкі пра караван, які ідзе сваім адвечным шляхам, не зважаючы на мімалётныя палітычныя правакацыі і сваркі.

Сьцісла:

  • Без пазнаньня Вільні немагчыма скласьці поўнага ўяўленьня і пра саму Беларусь.
  • Беларусь і Літва апынуліся не «за мяжой», а на розных прыступках цывілізацыйнага разьвіцьця.
  • Русыфікацыя — галоўны фактар адчужэньня паміж беларусамі і літоўцамі, якое адбывалася з савецкіх часоў.

Пра «Віленскі покер» Рычардаса Гавяліса ў перакладзе Паўліны Вітушчанкі (2018), «Белы саван» Антанаса Шкемы ў перакладзе Сяргея Шупы (2023) крыху пісалі ў беларускім друку. Нават пры цяперашнім заняпадзе літаратурнай крытыкі гэта сапраўды выбітныя творы, міма якіх ня пройдзеш. І вось нарэшце — «Туўла» Юргіса Кунчынаса, пераствораная Сяргеем Шупам (2024), які называе раман самым віленскім і самым беларускім у літоўскай літаратуры.

Сёньня, калі беларускія ўцекачы ад рэпрэсіяў «афіцыйнага Менску» масава прыжываюцца ў Літве, многія адкрываюць для сябе Вільню ўпершыню — і як сталіцу гасьцінных суседзяў, і, глыбей, як нацыятворчы для самой Беларусі цэнтар у часы паўстаньня Каліноўскага, «Прадмовы» Францішка Багушэвіча, нашаніўскай пары і Заходняе Беларусі, і — яшчэ глыбей — як сталіцу супольнай зь літоўцамі дзяржавы, у якой продкі абодвух народаў на працягу 500 гадоў жылі разам з усёй Эўропай, цалкам атрымаўшы досьвед эпохі Адраджэньня і гуманізму.

Высьвятляецца, што без пазнаньня Вільні немагчыма скласьці поўнага ўяўленьня і пра саму Беларусь. Аказваецца, і самому гэтаму працэсу пазнаньня — горада і суседзяў-літоўцаў — сотні гадоў, і ён грунтоўна апісаны ў кнізе пра беларуска-літоўскія літаратурныя сувязі Альмы Лапінскене і Адама Мальдзіса «Перазовы сяброўскіх галасоў» (1988). Аказваецца, ёсьць і беларускі раман пра Вільню, «Віленскія камунары» Максіма Гарэцкага (1931), ёсьць і цэлая анталёгія «Вільня ў беларускай паэзіі ХХ ст.»...

Раман „Туўла“ Юргіса Кунчынаса ў перакладзе Сяргея Шупы
Раман „Туўла“ Юргіса Кунчынаса ў перакладзе Сяргея Шупы

У сёньняшняга беларускага эмігранта ўзьнікае лягічнае пытаньне: «Калі Вільня таксама і наша, беларуская, дык чаму яна за мяжой?». Дапытлівы розум працягвае гэтую лёгіку: ці не таму, што і я цяпер — за мяжой? А значыць, няма ніякай мяжы?

Беларусь засталася ззаду

Савецкая палітыка адчужэньня паміж беларусамі і літоўцамі праводзілася яшчэ тады, калі фізычнай мяжы не было, і яна мела плён. Дакладней будзе назваць гэтую палітыку маскоўскай, бо для расейцаў літоўцы сапраўды «ня свой» народ, «непонятный». Разам з русыфікацыяй беларусаў гэтае «ня свой» мусіла трывала ўвайсьці і ў беларускую сьвядомасьць. Сёньня гэтая палітыка дасягнула свае вострае фазы. Літва і літоўцы — «далёкае замежжа», «недружалюбная краіна», варожае NATO. Але пры чым тут беларусы?

З часоў, калі Расея была яшчэ Маскоўскім княствам, продкі сёньняшніх беларусаў і літоўцаў неяк асабліва і не аддзялялі сябе адны ад адных. Яны і цяпер жывуць разам па абодва бакі гэтай новай рэальнасьці — 600-кілямэтровага кардону — у літоўскіх вёсках у Беларусі і ў беларускіх у Літве. Юргіс Кунчынас у сваім рамане гэтую частку Літвы любасна называе Падбеларусьсю. А Лукашэнка, мабыць, першы ў гісторыі правіцель, які ўлез у гэтае спрадвечнае агульнае сужыцьцё зь беларускага боку, паграміў літоўскія культурныя цэнтры, паразганяў літоўскія школы. Зрабіў прэцэдэнт варожасьці і агрэсіі паміж дзьвюма нацыямі, чаго дагэтуль ніколі не бывала.

Фізычная мяжа зьявілася ўсяго 30 гадоў таму — Вільня і Віленшчына цяпер для Беларусі за кардонам. Калі ж глядзець у сутнасьць таго, што адбылося — Літва і Беларусь апынуліся на розных прыступках цывілізацыйнага разьвіцьця, і, жывучы ў прававым полі прызнаньня непарушнасьці межаў, якраз Літва зрабіла крок да адкрытасьці. Ратуючыся ад спрадвечных набегаў Маскоўскага княства і дбаючы пра будучыню і дабрабыт сваіх людзей, Літва ўступіла ў Шэнген, NATO і Эўразьвяз — на тую прыступку, дзе паміж краінамі няма межаў; у той сьвет, дзе Вільня і Віленшчына якраз не за кардонам. Што зрабіла Беларусь — тыя, хто ў Беларусі захапіў уладу? Нічога. Але адсутнасьць руху наперад часта ператвараецца ў рух назад.

Лукашэнка зрабіў на лесьвіцы цывілізацыйнага разьвіцьця крок назад — ажно ў тую маскоўскую тыранію, дзе яшчэ магчымыя набегі на суседзяў, дзе яшчэ магчымыя войны, бо вайна — адзіны спосаб існаваньня тыранічнай улады. І, скажыце, якія могуць быць тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Літвы, якая перайшла ў той сьвет, дзе эўрапейскія краіны ў прынцыпе пераадолелі гэты гістарычны атавізм — тэрытарыяльныя прэтэнзіі? Літва справілася, мы пакуль ня справіліся, але, прагнучы цывілізацыйнага разьвіцьця, апынуліся... у Літве. І вось Вільня ўжо не за кардонам. Затое Беларусь засталася ззаду.

Пра тое, што яна здольная і гатовая зрабіць свой крок насустрач, найлепшым чынам і сьведчыць фэномэн трох літоўскіх раманаў, якія беларусы прачытаюць, як свае: так, як тое было паміж намі і літоўцамі ад пачатку часоў.

«І гэты час, і гэты лад не назаўсёды»

Яшчэ ў пачатку 1980-х рэжысэр Валеры Мазынскі разам зь віцебскім тэатрам прывез у Менск спэктакль «Клеменс» паводле п’есы Казіса Саі ў перакладзе Алеся Разанава. Дзея адбывалася ў Доме афіцэраў. Заля ўспрыняла паказ як рэвалюцыю — такія сьмелыя там былі песьні. Уявіце сабе, яшчэ жывы Брэжнеў, а са сцэны гучаць словы «І гэты час, і гэты лад не назаўсёды, я клічу гром, я клічу град, жыві, нязгода»... Палітыка адчужэньня мела і адваротны эфэкт: калі п’еса літоўская, «чужая», дык і цэнзура да яе не такая лютая, як да сваёй. Праўда, гэтых словаў у п’есе не было, песьні да спэктаклю напісаў перакладчык, Алесь Разанаў. Але ўсё разам успрымалася зусім натуральна, як узаемапранікненьне культур і ператварэньне іх у адну культурную зьяву.

Юргіса Кунчынас, архіўнае фота
Юргіса Кунчынас, архіўнае фота

Падобная мэтамарфоза адбываецца і з чытачом раману Кунчынаса «Туўла», амаль эсэістычнага ў шчыльнасьці тэксту і амаль паэтычнага ў жывой вобразнасьці. Мноства самых розных сюжэтаў, герояў, краявідаў, пачуцьцяў складаюцца ў вялікі тэкст, быццам напісаны за адным заседам, на адным дыханьні. Аўтар дасягае поўнай арганічнасьці, што ўрэшце і адрозьнівае прыгожае пісьменства ад іншага.

Раман гэты пра Вільню, пра яе ці ня самы загадкавы раён Зарэчча. Праўда, не пра сёньняшняе адрэстаўраванае і прэстыжнае Зарэчча, гарадзкую «аўтаномію» са сваёй канстытуцыяй і штогадовым сьвятам «Рэспублікі Зарэчча», а пра цалкам адваротную рэальнасьць — самае ўбогае і «бамжацкае» Зарэчча, якім яно было яшчэ 30 гадоў таму, і вядзецца апавяданьне ад імя гарадзкога бадзягі і п’яніцы, з самага нізу жыцьця, літаральна зь ніжняга ракурсу. Пры тым у галаве нашага бадзягі — ладны багаж ведаў у гісторыі, культуры і замежных мовах. А ў яго сэрцы — зьбянтэжаная закаханасьць у мастачку зь дзіўным імем Туўла.

«На якую халеру я зноў павалокся на Зарэчча, якое мог бы ў пэўным сэнсе атрымаць у спадчыну? Каб знайсьці кучу розных зачэпак для апраўданьня сваіх бадзяньняў па дварах, могілках, схілах, паўпадвалах і закутках? Можа, тут і сапраўды хаваецца частка маёй духоўнай спадчыны?»

Вільня з самага нізу

Дзякуючы гэткаму бадзяжнаму ракурсу мы бачым аб’ёмную, ні ў чым ня ўрэзаную Вільню, якой яна адкрываецца, напрыклад, з гарадзкога газону — ад мікраскапічнай дакладнасьці дэталяў да агульных пытаньняў этыкі. З другога боку, філязофія бяздомніка як своеасаблівая форма філязофіі свабоды ўнівэрсальная і зразумелая, дзе б у гэтым сьвеце той бяздомнік ні жыў і да якой бы нацыі ні належаў.

«Няма часу засмучацца, бедаваць, сядзець, абхапіўшы галаву рукамі. Безупынна, кожную хвіліну, трэба ахоўваць сваё ўбогае жыцьцё, думаць толькі пра гэты дзень і гадзіну, рупіцца аб тым, што будзеш есьці, што піць, дзе начаваць... Як толькі задумаесься пра поры году, пачнеш рыцца ў памяці, разважаць, што будзе яшчэ праз год або два, амэн! Ты мусіш рупіцца аб кожнай нязначнай дробязі, не прапускаць самай малой нагоды паесьці, выпіць, не саромецца папрасіць зношаныя чаравікі або сухія шкарпэткі. І яшчэ: ты мусіш цалкам ігнараваць ня толькі сваю фізіялёгію, але і сваю мізэрнасьць, нікчэмнасьць... Бадзяжніцкія рысы выяўляюцца ў чалавека не адразу: яшчэ доўга ты саромеесься сваёй беднасьці, голаду і смагі, табе няёмка, калі цябе на вуліцы праводзяць позіркамі. Асабліва калі ты бачыў „лепшыя часы“, хоць якраз ад іх ты і ўцёк на вуліцу, у туман, у бяздом’е».

Прыцягальны кантраст гэтаму вонкава ўбогаму жыцьцю стварае апісаньне архітэктурнай раскошы віленскіх бажніц Бэрнардынаў, Сьвятой Ганны, Прачысьценскага сабора, бо якраз пад імі, каля іх, міма іх адбывае наш бадзяга сваё існаваньне.

Уяўны раман пра Менск

Для паўнаты карціны зазначу, што ўсё адбываецца ў яшчэ зусім савецкай Літве. Вось толькі што памёр Брэжнеў і да ўлады прыходзіць Андропаў. Агульная атмасфэра так сабе.

«Гораду я пазьбягаў, тым больш што і для іншых людзей насталі нялёгкія часы: новы гаспадар імпэрыі, які толькі што зьбіў паўднёвакарэйскі самалёт, ужо ўзяўся за сваіх рабоў — уся вялікая краіна падалася яму логавішчам гультаёў і дармаедаў! Ад самай раніцы каля піўных кіёскаў, на рынках, у кінатэатрах, іншых „месцах масавага збору“ пачалі зьяўляцца і шнырыць плячыстыя мацакі з шырокімі паўнамоцтвамі. Маглі проста надаваць поўхаў, маглі зацягнуць у свае паўсюдныя пастарункі, дзе „размова“ была ўжо інакшая. Для валацугаў і дармаедаў, п’яніц і бамжоў насталі страшныя часы — чысткі адбываліся безупынна, дзень і ноч, паасобныя групы спаборнічалі паміж сабой, змагаліся за прэміі і славу, а я ўсё думаў — колькі ж іх, карнікаў, трэба, каб усе працавалі? Іх жа сотні, тысячы, яны таксама атрымліваюць заробак, ім „ідзе стаж“, яны маюць права на адпачынак...»

Дзіўная думка ня раз узьнікала пры чытаньні «Туўлы» — вось бы ў нас быў такі раман пра Менск, такі гуманістычна глыбокі і такі этапны, як «Туўла» для літоўскай літаратуры. Часам уяўлялася, што я і чытаю раман пра Менск, асабліва калі праскоквалі беларускія найменьні — пра родны аўтару горад Аліту, у той самай Падбеларусі, пра вайсковы аэрадром у Мачулішчах, дзе калісьці служыў лірычны герой, ці пра сам Менск, названы тут «вялікай вёскай».

Той уяўны беларускі раман пра Менск быў бы шмат чым падобны на гэты літоўскі пра Вільню. Ён і чытаецца як бы мэнтальна пра сваё. Кніга аздобленая віленскай тапаграфіяй — мапай лякацыяў, у якіх адбываюцца падзеі раману. То бок кніга можа служыць яшчэ і гідам па самых культавых віленскіх мясьцінах.

Але такога раману пра Менск не напісана. Бо калі б і магло напісацца, дык да сярэдзіны 1990-х, пасьля пачалася зусім іншая гісторыя. Раман Кунчынаса выйшаў у сьвет у 1993-м. І неяк сам сабою адбыўся яшчэ адзін «перазоў сяброўскіх галасоў», якраз у тыя 1990-я.

У першай кнізе Бібліятэкі Свабоды, якая называлася «Верш на Свабоду» я адшукаў верш Зьмітра Бартосіка «Мне б нарадзіцца шэрым віленскім катом». Ён нібыта напісаны на матыў раману Кунчынаса «Туўла», пра які Зьміцер ведаць ня мог, — такі самы бадзяжніцкі, такі ж чалавечы і такі ж тапаграфічны што да віленскіх адрасоў:

Мне б нарадзіцца шэрым віленскім катом

Такою ж шэрай восеньскай гадзінай,

Каб быць прыродным, паўнапраўным і адзіным

Тых пляцаў, вуліцаў, дамоў гаспадаром.

Майго сусьвету мне хапала бы штодня,

Каб і да сьмерці ім не надзівіцца

Ад Пагулянкі да далёкага Зьвярынца,

Дзе кожнае гарышча — нераскрыты скарб.

Мае няшчасныя двухногія сябры

Прыгожа і свабодна жыць не заміналі б.

Я б харчаваўся толькі у «Чырвоным Штралі»,

А ўлетку лена спаў на Замкавай гары.

У сакавіку б распачынаў такі канцэрт,

Што ўсе пародныя, дагледжаныя коткі

Зьбягаліся б ад Добрай Рады да Ліпоўкі,

Каб паспытаць мой не абы-які імпэт.

Мне невядомы быў бы чалавечы жах

Ад акупанцкіх крокаў патруля начнога,

Перабягаў бы ім апошнюю дарогу,

Бы цень зьнікаючы ў антокальскіх дварах.

Свой вольны век пражыўшы, нібы лорд,

Я б змог аднойчы без стагнаньняў недарэчных

На могілках старых любімага Зарэчча

Залегчы, каб сустрэць апошні свой усход.

Мне б нарадзіцца шэрым віленскім катом.

Адчуйце літоўскае як сваё.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG