Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск высылае выконваючага абавязкі амбасадара Польшчы


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня беларускае міністэрства замежных справаў паведаміла, што ў адказ на высылку польскім бокам чарговага беларускага дыплямата – дарадцы амбасады Беларусі ў Польшчы Мікалая Пятровіча, афіцыйны Менск высылае дарадцу амбасады Польшчы ў Беларусі Анджэя Альборскага, які цяпер выконвае абавязкі амбасадара Польшчы ў Беларусі. Пра новы віток беларуска-польскага дыпляматчынага крызысу распавядае наш карэспандэнт.

Учора намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Анджэй Залуцкі выклікаў амбасадара Беларусі ў Польшчы Паўла Латушку. Ён праінфармаваў кіраўніка беларускай дыпмісіі пра завяршэньне знаходжаньня ў Польшчы дарадцы беларускай амбасады.

Як заявіў прадстаўнік польскага зьнешнепалітычнага ведамства, гэта ёсьць адказам на высылку кіраўніка консульскага аддзела амбасады Польшчы ў Беларусі Анджэя Бучка.

Польскі МЗС пры гэтым выказаў гатовасьць да пошуку кампрамісу і паляпшэньня стасункаў зь Беларусьсю. У гэтай сувязі польскі бок мяркуе ў найбліжэйшым часе паменшыць кошт візаў для беларускіх грамадзянаў, а таксама спрыяць разьвіцьцю памежнага супрацоўніцтва, гандлёвага і культурна-навуковага абмену.

Сёньня афіцыйны Менск назваў імя свайго дыплямата, які пакіне Польшчу цягам дзесяці вызначаных дзён. Гэта будзе дарадца амбасады Мікалай Пятровіч. У адказ на гэта беларускія ўлады высылаюць дараду амбасады Польшчы ў Беларусі Анджэя Альборскага. Ён таксама павінен пакінуць Беларусь цягам дзесяці найбліжэйшых дзён.

Прэсавы сакратар беларускай амбасады ў Варшаве Ўсевалад Глушкоў паведаміў, што беларускі дыплямат быў дарадцам амбасадара ў пытаньнях палітыкі і культуры. У амбасадзе Беларусі ў Варшаве працягваюць падлік высланых калегаў.

(Глушкоў: ) “Працаваў ён у Польшчы даўно, гэта яго трэцяе камандаваньне, разам каля 12 гадоў. У рамках рэторсіі беларускі бок высылае польскага дыплямата за тое, што быў высланы беларускі дыплямат. На сёньняшні дзень было выслана разам з панам Пятровічам тры беларускія дыпляматы: тры з польскага і тры зь беларускага боку. Такія дзеяньні як высылка дыпляматаў – гэта крайнія меры і яны не садзейнічаюць разьвіцьцю двухбаковых адносінаў паміж Беларусьсю і Польшчай. Наагул, сытуацыя, канечне, непрыемная, нехта там стаў у позу – і ўсё ”.

У польскай амбасадзе рыхтуецца да ад’езду зь Менску дарадца амбасады Анджэй Альборскі, які на гэты момант выконвае абавязкі амбасадара Польшчы ў Беларусі. Спадар Альборскі сказаў, што камэнтары да гэтай сытуацыі зробіць польскі МЗС.

(Альборскі: ) “Я атрымаў 10 дзён. Мяне запрасілі а палове першай у беларускае МЗС і прадставілі заяву, што гэта адказ за ўчорашні крок польскага боку. Проста гэта такі прынцып дыпляматыі, асабліва, калі нешта адбываецца не зусім добрае паміж краінамі”.

Чаму афіцыйны Менск выслаў дыплямата, які выконвае абавязкі амбасадара Польшчы ў Беларусі? Прэсавы сакратар беларускага МЗС Марыя Ваньшына цьвердзіць, што меры адэкватныя.

(Ваньшына: ) “Альборскі – дарадца амбасады. Пятровіч таксама дарадца амбасады. Але ў дадзеным выпадку сытуацыя аналягічная той, якая адбывалася з Рыжанковым. Калі польскі бок прыняў рашэньне аб высылцы дарадцы-пасланьніка Рыжанкова, Рыжанкоў выконваў абавязкі амбасадара, ён быў часова павераным. З Альборскім тая ж самая сытуацыя. У выпадку, калі Рыжанкова высылаў польскі бок, Рыжанкоў 20 ліпеня выяжджаў, наш амбасадар ў Польшчы Латушка ў гэты дзень ужо знаходзіўся ў Варшаве. І цяпер паводле нашай інфармацыі пасол Польшчы ў Беларусі павінен вярнуцца 31 ліпеня. Таму Альборскаму дадзены час 10 дзён і ён выедзе тады, калі ўжо ня будзе часова павераным”.

Такім чынам, пакуль дыпляматычны лік – 3:3. Нагадаем, на пачатку траўня за дзейнасьць, несумяшчальную зь ягоным статусам, высланы з Польшчы дарадца беларускай амбасады ў справах бясьпекі, афіцыйны прадстаўнік КГБ у Польшчы спадар Катовіч. Беларускія ўлады ў адказ прымаюць рашэньне выслаць з Беларусі за дзеяньні па дэстабілізацыі беларускага грамадзтва дарадцу польскай амбасады ў Менску Марэка Буцька. Польскія ўлады выслалі ў сваю чаргу з Польшчы дарадцу беларускай амбасады ў Польшчы Максіма Рыжанкова. Афіцыйны Менск выслаў у адказ з Беларусі начальніка консульскага аддзелу польскай амбасады ў Менску Анджэя Бучка. На гэта ўлады Польшчы адказалі высылкай дарадцы амбасады Беларусі ў Польшчы Мікалая Пятровіча, які мусіць пакінуць Польшчу цягам дзесяці дзён. У адказ афіцыйны Менск высылае Анджэя Альборскага, які на гэты момант выконвае абавязкі амбасадара Польшчы ў Беларусі.

Гл. таксама • У.Цімашэвіч не выключае, што Польшчу ў Беларусі будзе прадстаўляць трэцяя краіна
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG