Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нечарговы зьезд “Грамады” паўторна абраў старшынём Аляксандра Казуліна


Альгерд Невяроўскі, Менск Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада” правяла сёньня ў Менску свой нечарговы дзясяты зьезд. Галоўнай мэтай гэтага зьезду было легітымнае абраньне новага партыйнага кіраўніцтва. Міліцыя спрабавала перашкодзіць працы дэлегатаў, заявіўшы, што ў будынку, дзе яны сабраліся, знаходзіцца бомба. Нягледзячы на перашкоды, дэлегаты абралі новым старшынём партыі прафэсара Аляксандра Казуліна.

Падрыхтоўка да зьезду і дастаўка дэлегатаў на месца яго правядзеньня праходзілі ў кансьпірацыйных умовах. Раніцай 99 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі сабраліся ў раёне менскага чыгуначнага вакзалу. Адтуль дэлегаты пад кіраўніцтвам былога рэктара Белдзяржунівэрсытэту Аляксандра Казуліна і ў суправаджэньні асобаў у цывільным накіраваліся ў Дом літаратара. Там пад выглядам прыватнага банкету зьезд і пачаў сваю работу. Старшыня партыі БСДП “Грамада” Анатоль Ляўковіч так патлумачыў мэту гэтага зьезду:

(Ляўковіч: ) “Нашая партыя ўжо абрала лідэра – гэта адбылося 10 красавіка. Але нам тады зьезд у поўным фармаце правесьці не далі. У нас не былі абраныя ўсе кіроўчыя органы. Таму сёньня мы зноў праводзім зьезд, каб паўтарыць гэтую працэдуру і цалкам абраць усе кіроўчыя органы партыі”.

Нагадаю, што 10 красавіка сёлета прадстаўнікі партыі “Народная грамада” і так званая група Аляксея Караля, якая пакінула шэрагі БСДГ, праводзілі аб’яднаўчы зьезд на адкрытым паветры ў вёсцы Сеньніца пад Менскам. Тады старшынём партыі, якая цяпер называецца БСДП “Грамада”, быў абраны Аляксандар Казулін, але Міністэрства юстыцыі не прызнала легітымнасьці таго зьезду. Пасьля было яшчэ некалькі безвыніковых спробаў правесьці зьезд.

Працэдурныя пытаньні зьезду былі вырашаныя даволі хутка, і дэлегаты перайшлі да выбараў старшыні і шасьці намесьнікаў. На пасаду старшыні безальтэрнатыўна прэтэндаваў Аляксандар Казулін.

Калі дэлегаты ўжо прагаласавалі за старшыню, ягоных намесьнікаў і сяброў новага Цэнтральнага камітэту, у Доме літаратара зьявіліся міліцыянты й асобы ў цывільным, якія заявілі, што ў будынку знаходзіцца бомба, і запатрабавалі, каб дэлегаты пакінулі памяшканьне. Вось што сказаў з гэтай нагоды Аляксандар Казулін:

(Казулін: ) “Відаць, мы пачынаем прадстаўляць нейкую сілу. Калі ўжо ёсьць значная сіла, то натуральна, што яна ня можа не выклікаць пільнай увагі спэцслужбаў”.

Дэлегаты пасьпелі зацьвердзіць вынікі галасаваньня па кандыдатурах старшыні, ягонага першага намесьніка і сяброў ЦК, пасьля чаго міліцыянты выціснулі іх з будынку. Кіраўніком БСДП “Грамада” абраны Аляксандар Казулін, ягоным першым намесьнікам Анатоль Ляўковіч. Падлік галасоў па кандыдатурах іншых намесьнікаў правядзе Цэнтральны камітэт, пасьля чаго іх абраньне пісьмова зацьвердзяць усе дэлегаты зьезду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG