Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады зачыняюць прадстаўніцтва эўрапейскага фонду "Дыялёг"


Ігар Карней, Менск Міністэрства замежных справаў Беларусі прыняло рашэньне аб закрыцьці менскага прадстаўніцтва Эўрапейскага фонду “Дыялёг”, зарэгістраванага ў Варшаве. Падставай сталі зьвесткі пра тое, што пад прыкрыцьцём навуковых інтарэсаў прадстаўнікі фонду нібыта займаліся шпіёнскай дзейнасьцю. Кіраўніцтва фонду “Дыялёг” называе падобныя абвінавачаньні абсурднымі, а закрыцьцё фонду ставіць у адзін шэраг з гісторыяй вакол Саюзу палякаў Беларусі і высылкай польскіх дыпляматаў. Кіраўнік Эўрапейскага фонду “Дыялёг” лічыць, што беларускія ўлады паставілі за мэту зьнішчыць усе польскія арганізацыі ў Беларусі.

У Міністэрстве замежных справаў афіцыйна пацьвердзілі, што дзейнасьць Эўрапейскага фонду “Дыялёг” на тэрыторыі Беларусі забароненая. Гаворыць прадстаўніца МЗС Марына Ваньшына:

(Ваньшына: ) “МЗС прыняў рашэньне прыпыніць дзейнасьць фонду ў зьвязку з тым, што гэтая дзейнасьць ажыцьцяўлялася з парушэньнем заканадаўства Рэспублікі Беларусь”.

Напярэдадні ў праграме “Панарама” Беларускага тэлебачаньня дзейнасьць фонду “Дыялёг” наўпрост прыраўноўвалася да “шпіёнскай”: паводле тэлеаналітыкаў, фонд быў створаны дзеля выведніцкай дзейнасьці, а навука служыла прыкрыцьцём. Тыя ж крыніцы заявілі, што цягам усяго існаваньня прадстаўніцтва фонду ў Беларусі польскія “псэўданавукоўцы напрацоўвалі сувязі з асобамі, якія маюць доступ да сакрэтных дакумэнтаў”. Зрэшты, афіцыйна пацьвердзіць падобную інфармацыю ў МЗС адмовіліся.

У адпаведнасьці са статутнымі дакумэнтамі, фонд “Дыялёг” ставіць за мэту супрацоўніцтва паміж навуковымі коламі краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, дзеля чаго арганізуе і фінансуе навуковыя канфэрэнцыі і сэмінары. Фонд месьціцца ў польскім горадзе Быдгашчы і супрацоўнічае з шэрагам беларускіх дзяржаўных і камэрцыйных ВНУ, афіцыйных установаў. 4 студзеня 2001 году менавіта рашэньнем Міністэрства замежных справаў у Менску было адкрытае прадстаўніцтва Эўрапейскага фонду “Дыялёг”. Чаму раптам дзейнасьць фонду пачала раздражняць беларускія ўлады? Старшыня праўленьня фонду “Дыялёг” Славамір Тэцлаў называе абвінавачаньні абсурднымі і зьвязвае гэта з агульнай напружанасьцю ў стасунках паміж Польшчай і Беларусьсю.

(Тэцлаў: ) “Абсалютна нейкая абсурдная сытуацыя. Мы ўсе навукоўцы, і нашыя партнэры гэтаксама навукоўцы. Таму ўсё звалілася як гром сярод яснага неба. Наш прадстаўнік у Беларусі Робэрт Фокс быў у Беларусі ў красавіку, і нічога не паказвала на падобнае разьвіцьцё падзеяў. Ніколі дагэтуль не было праблемаў, калі гаварыць пра стасункі зь беларускімі ўладамі. Мы ўвогуле былі адной зь нямногіх (калі ўвогуле не адзінай навуковай арганізацыяй), якая апошнія гады легальна дзейнічала ў Беларусі. У нас было бюро, рахунак у банку. Я не хаваю, што страшэнна зьдзіўлены гэтай сытуацыяй. Хтосьці хоча “ўплесьці” нас у палітычныя справы, якімі мы ніколі не займаліся”.

Спадар Тэцлаў наўпрост зьвязвае забарону на дзейнасьць фонду “Дыялёг” у Беларусі з агульнай антыпольскай палітыкай беларускіх уладаў.

(Тэцлаў: ) “Гэта ёсьць часткай нейкай большай справы. І не апошняя прычына тут — усё больш напружаныя стасункі па дыпляматычнай лініі паміж Варшавай і Менскам: спачатку — Саюз палякаў Беларусі, потым высылка польскіх дыпляматаў. А паколькі мы адзіная, апроч амбасады, арганізацыя, якая рэальна працавала ў Беларусі, вырашылі, пэўна, і за нас узяцца. У любым выпадку, я ня маю ніякіх тлумачэньняў ад беларускага МЗС”.

Сёньня ў інтэрвію першай праграме Польскага радыё нядаўна высланы дыплямат Марэк Буцько безапэляцыйна заявіў: можна было прагназаваць і далейшыя наступы на польскія арганізацыі, што дзейнічаюць у Беларусі: “Шпіёнаманія ў Беларусі дасягае апагею, а беларускія спэцслужбы робяць усё, каб паказаць, на што яны здольныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG