Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговыя спробы сарваць вылучэньне дэлегатаў на Кангрэс дэмсіл


Любоў Лунёва, Менск Штодня ў рэгіёнах Беларусі адбываюцца раённыя сходы па вылучэньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. Кангрэс, на якім будуць вызначаць адзінага кандыдата на прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў, мае адбыцца ў верасьні. Дата правядзеньня залежыць ад таго, якую зь 55 заяваў на арэнду памяшканьня зацьвердзіць Менгарвыканкам.

Лідэры апазыцыйных партыяў сьцьвярджаюць, што Кангрэс дэмакратычных сілаў адбудзецца ў любым выпадку. Кампанія ў вылучэньні кандыдатаў пачылася 15 чэрвеня. З заплянаваных 300 дэлегатаў раённыя сходы ўжо вылучылі 100 чалавек. Са 143 раёнаў сходы адбыліся ў 60. Абавязковая ўмова легітымнасьці сходу – кворум у 25 чалавек.

У выходныя дні лідэры апазыцыйных партыяў выязжаюць у рэгіёны і ўдзельнічаюць у сходах. Некалькі разоў супрацоўнікі міліцыі наведвалі месцы сходаў. У Маладэчне туды прыйшлі пажарныя, у Жодзіне заблякавалі дом, дзе адбываўся сход, бо ў ім нібыта была разьлітая ртуць, у Рэчыцы была спроба папросту не даць праводзіць сход, у Баранавічах супрацоўнікі міліцыі затрымалі Станіслава Шушкевіча, Анатоля Лябедзьку, Сяргея Калякіна і іншых лідэраў палітычных структураў. Некалькі разоў на месцы правядзеньня сходу раптам з’яўляліся асацыяльныя элементы і пачыналі гучна паміж сабой спрачацца і нецэнзурна лаяцца. Супрацоўнікі міліцыі на гэта ніяк не рэагавалі. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што такія дзеяньні ўладаў ёсьць сьведчаньнем боязі кансалідацыі апазыцыйных сілаў.

(Лябедзька:) “Улады, безумоўна, запалоханыя гэтым працэсам. На прагнозы і сьцьвярджэньні пэсымістаў аб тым, што не будзе супольных дзеяньняў, то яны ёсьць. Гэта азначае не што іншае, як мабілізацыю актывістаў, палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і паказвае, што практычна ў кожным рэгіёне такія людзі ёсьць. Гэта тое, што будзе касьцяком каманды адзінага кандыдата. Я думаю, што менавіта таму такая нэрвовая рэакцыя з боку ўладных структураў.”

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка дадаў:

(Вячорка:) “Беларускія дэмакратычныя сілы адбудоўваюць структуру на раённым узроўні ў маштабах усёй краіны. Менавіта таму ўлады нэрвова рэагуюць на гэтыя сходы. Усё залежыць ад ступені іхняга розуму, ад іхняга страху і іхняга жаданьня выслужыцца перад вышэйшым начальствам.”

Міліцыя спрабавала сарваць і сёньняшні сход у Бабруйску, на які сабралася каля 60 чалавек. Каля 15 супрацоўнікаў міліцыі спрабавалі ўвайсьці ў прыватны дом, дзе праходзіў сход, і перапісаць імёны яго ўдзельнікаў. Але міліцыянты ня мелі на гэта афіцыйнай санкцыі, таму іх папросту не пусьцілі.

24 ліпеня лідэры апазыцыйных партыяў наведаюць Магілёў. На думку Анатоля Лябедзькі, менавіта ўдзельнікі сходаў будуць самымі актыўнымі дэманстрантамі ў часе выбарчай кампаніі.

(Лябедзька:) “Гэтыя людзі прыходзяць на сходы, ведаючы, што могуць быць правакацыі, што яны могуць быць затрыманыя, што пасьля іх будуць “цягаць” у КГБ. Гэта тыя людзі, якія не баяцца нічога і нікога. Гэта значыць, што яны будуць зьбіраць подпісы і на адзінага кандыдата. Калі трэба, яны выйдуць на наш беларускі майдан – Кастрычніцкую плошчу.”

Кампанія ў вылучэньні кандыдатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў працягнецца да канца жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG