«Якое дно». Як адрэагавалі на інтэрвію Сабчак з Пратасевічам

Раман Пратасевіч і Ксенія Сабчак. Скрыншот з відэа www.youtube.com/@sobchak

14 кастрычніка на Youtube-канале расейскай журналісткі Ксеніі Сабчак выйшла інтэрвію з экс-палітвязьнем Раманам Пратасевічам, якога затрымалі ў Менску пасьля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair.

Маральныя аспэкты гэтага інтэрвію выклікалі дыскусіі. Свабода сабрала рэакцыі вядомых расейцаў і беларусаў.

Некаторыя пасьля выхаду інтэрвію на Youtube-канале «Осторожно: Собчак» абвінавацілі журналістку ў тым, што яна дала плятформу для прапаганды, бо Пратасевіч нібыта зьяўляецца закладнікам беларускага рэжыму пасьля свайго затрыманьня ў 2021 годзе. Падобнае інтэрвію, на іх думку, — спроба легалізаваць рэпрэсіі беларускага рэжыму. Некаторыя грамадзкія дзеячы лічаць, што Пратасевіча прымусілі гаварыць пад ціскам, як гэта было раней у яго заявах пасьля затрыманьня. Таму Ксенія Сабчак атрымала крытыку за выбар госьця і спосаб падачы інтэрвію.

Раман Пратасевіч, Рыгор Азаронак і Ксенія Сабчак

Расейскі публіцыст Віктар Шэндэровіч напісаў:

«Сабчак узяла інтэрвію ў Пратасевіча. Глядзець гэта можна — заведама — толькі з прафэсійнай або антрапалягічнай цікавасьці. „Зьбянтэжаная ўсьмешка абняслаўленага“ (Фазіль Іскандэр) спараджае сустрэчнае замяшаньне і вострае шкадаваньне, якое амаль не сьціхае нават ад веданьня, колькі людзей ён здаў пад катаваньнямі або пагрозамі катаваньняў (а хто б ня здаў?). Але бясстрашная „журналістка“, якая атрымала эксклюзіў ад гвалтаўнікоў і адпрацоўваае іхныя парадоксы, выклікае зусім іншыя, вельмі ясныя пачуцьці».

Журналістка тэлеканалу «Дождь» Анна Мангайт у эфіры выказалася, што Пратасевіч у складанай сытуацыі і што ягоныя выказваньні могуць быць вынікам ціску або складаных абставінаў.

«Раман Пратасевіч — журналіст, якога самога не пасадзілі толькі для таго, каб публічна прыніжаць і зьнішчаць. Менавіта ён даў інтэрвію Ксеніі Сабчак, прычым разам з галоўным беларускім прапагандыстам Азаронкам. Пэўна, асноўная задача гэтага выпуску для беларускіх уладаў, а Пратасевіч іх закладнік, паказаць уцякачам-беларусам, што яны могуць вяртацца, яны змогуць працаваць электразваршчыкамі, як Пратасевіч, адпачываць у Дубаі, як Пратасевіч, і палюбіць Лукашэнку ў самыя дзясны, як усе прысутныя ў гэтай студыі. Вось яны і абмяркоўваюць, як Лукашэнка ў любым выпадку перамог бы сваіх палітычных супернікаў, напрыклад Ціханоўскую, напрыклад у дэбатах, хай толькі вернуцца», — сказала Мангайт у эфіры тэлеканалу «Дождь».

Адрэагаваў і нядаўна вызвалены ў выніку маштабнага абмену вязьнямі паміж Расеяй і Захадам расейскі палітык Андрэй Півавараў:

«Мой самалёт разьвярнулі празь месяц пасьля захопу самалёта Пратасевіча і Сапегі, таму сачыў за разьвіцьцём іх справы. Інтэрвію з Сабчак глядзець цяжка, ня варта сьмяяцца з Пратасевіча. Ягоная здрада Сапезе выклікае пачуцьцё гідлівасьці; чалавека паламалі, і думаю, што ўнутры ён абсалютна пусты. Спадзяюся, калі-небудзь ён зможа вырвацца і расказаць, што зь ім рабілі ў КДБ і чаму ён пайшоў на ўсё гэта.

Ну а Сабчак яшчэ адно вітаньне ў карму. Інтэрвію з маньяком-пэдафілам, цяпер з паламаным закладнікам. Прагляды ня пахнуць, як кэш з АП».

Раман Пратасевіч і Ксенія Сабчак

«Мне здаецца, што ў гэтым інтэрвію агідна ўсё», — напісаў журналіст ютуб-каналу «І грянул Грэм» Вадзім Радзівонаў.

«Паглядзеў інтэрвію Сабчак з Пратасевічам. Цяжкае адчуваньне. За ўсім гэтым „пазытывам“ у заводзкім цэху рэальная трагедыя маладога хлопца, якога спачатку паламалі, а затым зрабілі „дрэсаванай сабачкай“ для прапаганды. Думаю, што Сабчак гэта выдатна разумее. Разумее і гуляе з гэтым сабачкам, хоць і без агеньчыка. Там, дарэчы, відаць яе стаўленьне: паглядзіце, калі яны ідуць удваіх па вуліцы Менску, яна „ўключаецца“ толькі на ключавых словах. Проста пасачыце за выразам твару. Мне здаецца, што ў гэтым інтэрвію агідна ўсё. Уключаючы „акцёрскую гульню“ крывавай барыні, якая прыляцела з Масквы, і дадзенага ёй па блату „новага прыгоннага“. Лічыце гэта маёй суб’ектыўнай думкай».

Журналістка «The Insider Russia» Ксенія Ларына таксама нэгатыўна ацаніла падобны фармат інтэрвію:

«Якое дно. Чым жа так перад імі правінавацілася Сабчак, што ёй даводзіцца выконваць самую брудную работу, нават Салаўёва так не апускалі».

Беларускі журналіст Канстанцін Каверын заклікаў увогуле не глядзець размову Ксеніі Сабчак і Рамана Пратасевіча:

«Я прашу вас, вельмі прашу: не глядзіце, калі ласка, інтэрвію Пратасевіча Сабчак. Не глядзіце Азаронка ў Сабчак. Нічога з таго, што робіць Сабчак, наогул ніколі не глядзіце. Таму што гэта проста шкодна. Яна даволі лоўка гуляе ў „чэсную“ журналістыку, і непадрыхтаваны глядач можа беспраблемна прыняць яе дзейнасць за, скажам, праяву пэўнай разважнасьці. Я разумею, што большасць зь людзей, якія чытаюць гэта цяпер, цалкам падрыхтаваныя. Тады я прашу вас: раскажыце тым, хто дагэтуль знаходзіцца пад зачараваньнем гэтай паненкай, што зачараваньне гэтае злачыннае і згубнае. Ад гэтых яе інтэрвію павявае турмой, катаваньнямі і сьмерцю. Але яна непахісная ў імкненьні легітымізаваць злачынныя рэжымы Пуціна і Лукашэнкі. „Вось жа, — нібы кажа яна нам, — усё нармальна! Ну так, ёсць перагібы, але жыццё ідзе сваім парадкам, і не такія яны і людаедзкія, гэтыя рэжымы, усё ж такі дваццаць першае стагодзьдзе і г.д.“. Не глядзіце. І не давайце глядзець гэта іншым. Яна дакладна такая ж злачынца, як і Салаўёў з Азаронкам».

Пракамэнтаваў інтэрвію свайго былога калегі ў эфіры «Обычного утра» заснавальнік мэдыяпраекту Nexta Сьцяпан Пуціла (яго Раман Пратасевіч неаднаразова згадваў у інтэрвію «Осторожно: Собчак»).

«Я думаю, што ён закладнік, і перш за ўсё ня гэтай сыстэмы, а самога сябе, — сказаў Пуціла. — Я ведаю яго даволі даўно, і, па сутнасьці, тое, што ён цяпер кажа і як ён гэта кажа, для мяне не зьяўляецца ніякай навіной або нечаканасьцю. Я проста ведаю яго асабіста, ведаю, у якіх рэдакцыях ён працаваў да нас, як ён сябе паводзіў зь іншымі людзьмі, зь дзяўчатамі, і, падсумоўваючы ўсё гэта, не хачу ўдавацца ў якія-небудзь падрабязнасьці, але для мяне гэта ня стала нечаканасьцю. Я проста ня думаў, што ён будзе казаць тое, чаго не было на самой справе... Гэтага я ўжо зразумець не магу», — сказаў Пуціла.

Беларускі блогер і прадпрымальнік Аляксандар Кныровіч у Facebook апублікаваў пост пад назвай «Хлопчык, які выжыў»:

«А я паглядзеў інтэрвію. Выйшла добра, ну праўда. Такую бясконцую пустэчу і бессэнсоўнасьць можна сустрэць хіба што ў апошніх творах „Беларусьфільму“ тыпу „На другім беразе“. Уся праўда ад Рамана гучыць так: „Трэба выжываць“, і гэта ўсё. Ні прынцыпаў, ні поглядаў, а тая самая цудоўная праца зваршчыкам — гэта ўсяго $700 за месяц. Інтэрвію, па сэнсе, павінна было доўжыцца хвілін 10, але — „уплочана“, таму давялося пакутаваць. Ён сам сабе ўсё патлумачыў, апраўдаў сябе „сытуацыяй, якая склалася“. Нічога больш: ні грама, ні ўздыху, ні сантымэтра. Чалавека там няма... А Сабчак (цікава, яна ў карычневае спэцыяльна апранулася?) — так, сёньня гэта такая Лені Ріфэншталь сучаснага разьліву. Ужо не адмыць...»

Раман Пратасевіч і Ксенія Сабчак

Як Сабчак адказала на крытыку

Пасьля хвалі крытыкі ў свой адрас Ксенія Сабчак таксама палічыла патрэбным выказацца. Сярод іншага, яна напісала, што перад тым, як паехаць да Рамана ў Менск, «доўга прыкідвала, думала, узважвала» і «раілася зь сябрамі і калегамі».

«Разумею, што гэта зараз не ўкладзецца ў стройныя тэорыі выкрывальнікаў, але храналёгія маіх гойсаньняў была такой:

Мы напісалі яму праз хвіліну пасьля навіны „Пратасевіч выехаў зь Беларусі“. Ён адразу прапанаваў прыехаць да яго ў Дубай. Я ўзяла паўзу. Падчас наступнага званку ён ужо вяртаўся дадому. Атрымліваецца, каб мы сустрэліся ў Дубаі, а ня ў Менску, дык хоць абвінавачаньняў у тым, што я катую закладніка, не было б. Не дакруціла, вядома», — напісала Сабчак.

Яна адзначыла, што добраахвотнае вяртаньне Пратасевіча ў Менск лічыць доказам суб’ектнасьці чалавека, які прыняў такое рашэньне.

«Пратасевіч — чалавек адкрыты і шчыры, і ў цэлым па інтэрвію аб яго жыцьці ўсё зразумела, а я ні ў якога сьледчага не гуляю і не дапытваю яго на пару з Азаронкам, у інтэрвію гэтага проста няма», — напісала Сабчак.

«Што ў яго [Пратасевіча] цяпер ёсьць, дык гэта вера ў тое, што ён у сваім цяперашнім статусе ў Беларусі можа каму-небудзь дапамагаць. Адным — вярнуцца на Радзіму, па якой многія тужаць, другім — трапіць у сьпіс на памілаваньне. Магчыма, гэтая вера наіўная, але вось так, з ходу адмаўляючы яму ў магчымасьці верыць і па-даросламу выбіраць, вы каго, сябры, прыніжаеце?

Размову з Пратасевічам я лічу важнай і для сябе асабіста, і для людзей, якіх цікавіць жыцьцё ўнутры ня толькі Беларусі, але і Расеі. Таму што ўсе аналёгіі зразумелыя», — адзначыла расейская журналістка.

Некалькімі гадоў таму Ксенія Сабчак выказвала скептыцызм адносна шчырасьці Пратасевіча, калі той даваў інтэрвію на дзяржаўнай беларускай тэлевізіі. Тады яна назвала праграму з Пратасевічам «ў духу маршаў Гебэльса» і адзначыла, што яго прызнальныя паказаньні, зробленыя на дзяржаўным канале, здаюцца ненатуральными і былі магчымыя толькі пад ціскам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Акружны суд Варшавы завочна арыштаваў трох грамадзян Беларусі за пасадку самалёта Ryanair у 2021-м