Акружны суд Варшавы прыняў рашэньне яшчэ 4 верасьня, піша Gazeta Wyborcza. Судовай пастановай завочна арыштавалі былога дырэктара «Белаэранавігацыі» Леаніда Чуро, начальніка зьмены кантролю Яўгена Цыганова, а таксама неназванага афіцэра КДБ высокага рангу.
Дзяржаўная пракуратура Польшчы абвінавачвае траіх грамадзян Беларусі ў «акце тэрарызму».
У рамках расьсьледаваньня ім выставілі абвінавачаньні ў зьдзяйсьненьні злачынства паводле двух артыкулах Крымінальнага кодэксу Польшчы: «узяцьце падманам пад кантроль самалёта Ryanair» і «незаконнае пазбаўленьне волі пасажыраў і членаў экіпажу».
Высьветліць абставіны пасадкі самалёта дапамог 42-гадовы дыспэтчар, які ўцёк у Польшчу з каштоўнымі доказамі, у тым ліку запісамі з цэнтру кантролю за палётамі, зробленымі на тэлефон. Як вядома, яго завуць Алег Галегаў. Сьледзтва цягам трох гадоў праводзілі Нацыянальная пракуратура і Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы.
Паводле польскага сьледзтва, Чуро 23 траўня прывёў у дыспэтчарскую супрацоўніка КДБ, пасьля чаго на борт перадалі заведама лжывую інфармацыю пра бомбу і запатрабавалі ад пілётаў сесьці ў Менску.
Форум