Альбанія, Сэрбія, Чарнагорыя ды іншыя краіны далучыліся да авіябайкоту Беларусі

Самалёт кампаніі «Белавія», ілюстрацыйнае фота.

Краіны – кандыдаткі на ўступленьне ў Эўразьвяз, а таксама дзяржавы – сябры Эўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю далучыліся да рашэньня аб забароне на допуск у сваю паветраную прастору і аэрапорты самалётаў беларускіх авіякампаній.

Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік кіраўніка дыпляматыі Эўразьвязу Пэтэр Стана.

«Краіны-кандыдаты, у прыватнасьці Альбанія, Паўночная Македонія, Сэрбія, Чарнагорыя, а таксама такія чальцы Эўрапейскай эканамічнай зоны як Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн і Нарвэгія далучаюцца да рашэньня Рады Эўразьвязу», — гаворыцца ў распаўсюджаным прэс-рэлізе.

У дакумэнце адзначаецца, што названыя краіны забясьпечаць адпаведнасьць сваёй нацыянальнай палітыкі рашэньню Рады Эўразьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіраўніцтва «Белавія» зьбірае подпісы супрацоўнікаў за адмену эўрапейскіх санкцый

4 чэрвеня была абвешчаная забарона на выкарыстаньне беларускімі самалётамі паветранай прасторы краін Эўразьвязу і іх допуск у эўрапейскія аэрапорты. У дакумэнце адзначаецца, што дзяржавы-чальцы мусяць адмаўляць беларускім лайнэрам у дазволе на пасадку, узьлёт зь іх тэрыторыі або ў выкарыстаньні паветранай прасторы.

23 траўня ў аэрапорце Менску зьдзейсьніў вымушаную пасадку самалёт кампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню. Беларускія авіядыспэтчары інфармавалі экіпаж аб пагрозе на борце, аднак інфармацыя аб міне не пацьвердзілася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гэта была вельмі варожая атмасфэра». Дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж

Пасьля пасадкі сілавікі затрымалі журналіста Рамана Пратасевіча і студэнтку Соф’ю Сапегу.

У выніку надзвычайнага здарэньня саміт Эўразьвязу вырашыў увесьці дадатковыя пэрсанальныя санкцыі ў дачыненьні да беларускіх афіцыйных асобаў.