Расея перашкаджае Эўропе блякаваць паветраную прастору Беларусі

Расея не дала дазволу Austrian Airlines на прыбыцьцё рэйсу зь Вены ў Маскву не праз тэрыторыю Беларусі, паведамілі ў аўстрыйскай авіякампаніі. Пра гэта інфармуе ТАСС.

Напярэдадні француская авіякампанія AirFrance вымушаная была адмяніць рэйс AF1154 з Парыжу ў Маскву. У авіякампаніі патлумачылі, што рэйс прыйшлося адмяніць з тэхнічных прычынаў, зьвязаных з абыходам беларускай паветранай прасторы. Праз гэта экіпажу спатрэбіўся новы дазвол ад Расеі, але ён яго не атрымаў.

Пазьней прыйшла інфармацыя, што пасажыраў гэтага адмененага рэйсу на Маскву перасадзілі на самалёт «Аэрафлоту». У выніку ў самалёце замест першапачатковых 100 чалавек ляцелі 400, кажуць пасажыры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Асьцярожна, неба закрываецца. Як скасоўваюць палёты зь Беларусі, у Беларусь і над Беларусьсю

Яшчэ адзін рэйс AirFrance з Парыжу ў Маскву, заплянаваны на 28 траўня, таксама адмянілі, бо расейскія ўлады не ўхвалілі плян палёту ў абыход Беларусі.

Расейскі «Аэрофлот» адмяніў адзіны на тыдзень рэйс у Вільню, паведамляе тэлеграм-канал «РИА Новости». На онлайн-табло авіякампаніі пазначана, што рэйс, які выконваецца раз на тыдзень у пятніцу, скасаваны. «Аэрофлот» не тлумачыў прычыну адмены. 26 траўня літоўскі ўрад забараніў ляцець у Літву ці зь Літвы праз тэрыторыю Беларусі. Такім чынам, трапіць у Літву, абмінуўшы Беларусь, можна праз тэрыторыю Латвіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«У вас бомба». Беларуская афіцыйная вэрсія перамоваў зь пілётамі самалёта Ryanair: больш пытаньняў, чым адказаў

Сёньняшні рэйс расейскай авіякампаніі «Руслайн» з маскоўскага аэрапорта «Внуково» ў Вільню рыхтуецца паводле раскладу. Ці будзе зьменены ягоны маршрут у абыход Беларусі, невядома.

Ад палётаў над Беларусьсю ўжо адмовіліся многія эўрапейскія перавозчыкі: сярод іх AirFrance, KLM, Lufthansa, AirBaltic, Ryanair. Краіны закрываюць сваю прастору для беларускіх авіякампаній. Аднак цяпер у іх пачалі зьяўляцца праблемы пры палётах у Расею, калі яны вымушаныя выконваць рэйсы ў абыход паветранай прасторы Беларусі.

  • 24 траўня лідэры краін Эўразьвязу прапанавалі спыніць любыя авіязносіны зь Беларусьсю пасьля інцыдэнту з самалётам Ryanair: 23 траўня рэйс ірляндзкай авіякампаніі з Атэнаў у Вільню зрабіў вымушаную пасадку ў аэрапорце Менску на патрабаваньне беларускіх дыспэтчараў. Улады Беларусі патлумачылі гэта паведамленьнем аб мінаваньні борта, якое нібыта паступіла ад «салдатаў ХАМАС». ХАМАС гэта адмаўляе. З рэйсу зьнялі і затрымалі былога галоўнага рэдактара тэлеграм-каналу NEXTA Рамана Пратасевіча, а таксама яго сяброўку, расіянку Соф’ю Сапегу.