Рада NATO запатрабавала ад Менску вызваленьня Пратасевіча і Сапегі

Паўночнаатлянтычная рада, асноўны орган прыняцьця палітычных рашэньняў NATO, выступіла з заявай з нагоды інцыдэнту з самалётам Ryanair у Менску і затрыманьня Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі.

«Паўночнаатлянтычная рада рашуча асуджае прымусовае перанакіраваньне ў Менск рэйсу Ryanair Атэны — Вільнюс 23 траўня, а таксама зьняцьце з самалёта і арышт вядомага беларускага журналіста Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі, якія ляцелі на ім, — гаворыцца ў дакумэнце. — Гэтым недапушчальным дзеяньнем сур’ёзна парушаны нормы, якія рэгулююць дзейнасьць цывільнай авіяцыі, пастаўлена пад пагрозу жыцьцё пасажыраў і экіпажу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Што выкраданьне Пратасевіча значыць для нас усіх». Піша Тымаці Снайдэр

Палітычны орган NATO падтрымлівае заклікі неадкладна правесьці «незалежнае расьсьледаваньне, у тым ліку з боку Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі». Ён таксама падтрымлівае захады, «прынятыя ў адказ на гэты інцыдэнт саюзьнікамі індывідуальна і калектыўна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Новая газета»: Софʼю Сапегу падазраюць у арганізацыі беспарадкаў

«Затрыманьне спадара Пратасевіча абражае прынцыпы палітычнага іншадумства і свабоды прэсы. Беларусь павінна неадкладна і безумоўна вызваліць спадара Пратасевіча і спадарыню Сапегу. Саюзьнікі з NATO заклікаюць Беларусь паважаць асноўныя правы і свабоды чалавека і выконваць міжнародны парадак, заснаваны на правілах. Саюзьнікі салідарныя з Латвіяй адносна неабгрунтаванай высылкі латвійскіх дыпляматаў», — гаворыцца ў заяве.