Улады Беларусі падазраюць дзяўчыну экс-рэдактара Nexta Рамана Пратасевіча, грамадзянку Расеі Софʼю Сапегу, у арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, паведаміла «Новая газета» з спасылкай на крыніцу, знаёмую з матэрыяламі справы.
Гэта частка 1 арт. 293 і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу.
Паводле суразмоўцы «Новай газеты», 25 траўня Софʼю дапыталі ў прысутнасьці дзяжурнага адваката ў Галоўным сьледчым упраўленьні Сьледчага камітэту. Ейнага абаронцу Аляксандра Філановіча на допыт не пусьцілі. Пасьля гэтага яе перавялі з ізалятара на Акрэсьціна ў СІЗА КДБ.
Напярэдадні ўлады распаўсюдзілі відэа, дзе Софʼя Сапега прызнаецца, што нібыта рэдагавала тэлеграм-канал, у якім публікаваліся пэрсанальныя дадзеныя сілавікоў.
23 траўня, падчас вымушанай пасадкі ў Менску рэйсу FR 4978 Атэны — Вільня авіякампаніі Ryanair, спэцслужбы рэжыму Лукашэнкі затрымалі блогера Рамана Пратасевіча і ягоную сяброўку, студэнтку Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Софʼю Сапегу. Сапега — грамадзянка Расеі і вучыцца ў ЭГУ на праграме «Міжнароднае права і права Эўрапейскага Зьвязу».