«Рэпартэры бязь межаў» крытыкуюць забарону палётаў зь Беларусі

Самалёты «Белавія» ў аэрапорце, ілюстрацыйнае фота

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» (RSF) асьцерагаецца нэгатыўных наступстваў рашэньня Эўразьвязу аб пазбаўленьні беларускіх авіякампаній права на пасадку і вылет з эўрапейскіх аэрапортаў.

«Можа аказацца, што гэтыя санкцыі контрапрадуктыўныя. Важна не закрываць усе дзьверы для журналістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці», — заявіў кіраўнік нямецкага філіялу RSF Крыстыян Мір (Christian Mihr) у інтэрвію Redaktionsnetzwerk Deutschland, апублікаваным 26 траўня.

Крыстыян Мір пазытыўна ацаніў той факт, што Эўразьвяз хутка і згуртавана ўзгадніў санкцыі супраць Беларусі. У той жа час ён адзначыў, што авіярэйсы — адна зь нешматлікіх магчымасьцяў выехаць зь Беларусі, паколькі, да прыкладу, наземная мяжа з Польшчай закрытая праз каранавірус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выехаць за мяжу стане немагчыма? Што рабіць беларусам пасьля рашэньня ЭЗ аб спыненьні палётаў у Беларусь

Экспэрт партыі «Зьвяз 90 / Зялёныя» ў замежнай палітыцы Юрген Трытын (Jürgen Trittin) таксама назваў абмежаваньні на грамадзянскія авіярэйсы зь Беларусі «ня вельмі разумнай мерай», паколькі яна, паводле яго, пазбаўляе людзей магчымасьці выехаць з краіны.

«Санкцыі павінны быць сканцэнтраваныя на эканоміцы. Нафта і калій — галоўныя экспартныя тавары Беларусі. 30 працэнтаў даходу ад замежнага гандлю прыпадае на дзяржаўны нафтавы і хімічны канцэрн. Нацэльвацца трэба на іх, калі хочаш нанесьці ўдар па рэжыму Аляксандра Лукашэнкі», — цытуе Трытына DW.

Беларуская лідэрка Сьвятлана Ціханоўская таксама лічыць, што прыпыненьне палётаў зь Беларусі не вырашае галоўнай праблемы, якая выклікала крызіс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ціханоўская: «Прыпыненьне палётаў не вырашае галоўнай праблемы»

Эўразьвяз увёў санкцыі супраць беларускай дзяржаўнай авіякампаніі «Белавія» на тле канфлікту вакол экстранай пасадкі ў Менску самалёта Ryanair дзеля затрыманьня беларускага блогера Рамана Пратасевіча.