Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў з нагоды інцыдэнту з Ryanair у Беларусі:
«Паколькі вы згадалі беларускага грамадзяніна, зь ім таксама засталася, як мы можам зразумець, у Менску яго знаёмая, яна грамадзянка Расеі. Мы ўжо зьвязаліся зь яе бацькам, і наша пасольства зьвярнулася ў МЗС Беларусі з просьбай даць інфармацыю аб нашай грамадзянцы і забясьпечыць да яе консульскі доступ», — цытуе Лаўрова ТАСС.
Напярэдадні ў Менску была затрыманая расіянка Соф’я Сапега. Яе затрымалі разам з былым галоўным рэдактарам інтэрнэт-рэсурсу NEXTA, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім, Раманам Пратасевічам пасьля вымушанай пасадкі самалёта Ryanair у беларускай сталіцы.
Пра інцыдэнт з самалётам: «Менск дэманструе разумны падыход у сувязі з інцыдэнтам»
Што да інцыдэнту з самалётам Ryanair у Беларусі, Лаўроў заявіў, што яго трэба вывучыць «не сьпяшаючыся», і Менск, на ягоную думку, дэманструе разумны падыход у сувязі з інцыдэнтам. Ён сказаў, што беларускія ўлады падкрэсьліваюць сваю гатоўнасьць «дзейнічаць у гэтым пытаньні транспарэнтна, гатоўнасьць прытрымлівацца ўсіх міжнародных правілаў і гарантаваць поўную празрыстасьць, у тым ліку пры неабходнасьці прыняцьця міжнародных экспэртаў», — паведамляе Interfax.by.
«Я думаю, што гэта абсалютна разумны падыход, і яшчэ было падкрэсьлена, што Беларусь павінна прадставіць усе неабходныя матэрыялы, якія пацьвердзяць, як было сказана, што адпаведныя авіяцыйныя ўлады дзейнічаюць у рамках міжнародных правілаў», — заявіў кіраўнік расейскага МЗС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Праз два тыдні ў яе абарона дыплёма». Сябры і прадстаўнік ЭГУ пра затрыманьне дзяўчыны Пратасевіча Соф'і СапегіГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ЭГУ запатрабаваў вызваліць сваю студэнтку, затрыманую ў менскім аэрапорце разам з Пратасевічам