ЭГУ запатрабаваў вызваліць сваю студэнтку, затрыманую ў менскім аэрапорце разам з Пратасевічам

Акцыя салідарнасьці з Раманам Пратасевічам і Соф'яй Сапегай у віленскім аэрапорце
Акцыя салідарнасьці з Раманам Пратасевічам і Соф'яй Сапегай у віленскім аэрапорце

Соф'я Сапега — грамадзянка Расеі. Яе затрымалі ў Менску 23 траўня, яна ляцела разам з Раманам Пратасевічам з Атэнаў у Вільню.

23 траўня падчас вымушанай пасадкі ў Менску рэйсу FR 4978 Атэны — Вільня авіякампаніі Ryanair спэцслужбы рэжыму Лукашэнкі затрымалі студэнтку Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Соф'ю Сапегу, сяброўку блогера Рамана Пратасевіча. ВНУ выступіла з заявай у яе падтрымку.

Сапега — грамадзянка Расеі і вучыцца ў ЭГУ на праграме «Міжнароднае права і права Эўрапейскага зьвязу». Па вяртаньні з адпачынку Соф'ю ў Вільні чакала абарона магістэрскай працы.

«У выніку правядзеньня ўладамі Беларусі спэцапэрацыі па пасадцы самалёта студэнтка была затрыманая супрацоўнікамі ўпраўленьня Сьледчага камітэту па горадзе Менску з надуманых і неабгрунтаваных прычын. Выкладчыкі і аднагрупнікі пацьвярджаюць, што Соф'я вылучаецца высокай пасьпяховасьцю і бездакорнай рэпутацыяй у супольнасьці ЭГУ», — гаворыцца ў заяве ўнівэрсытэту.

Унівэрсытэт настойвае на неабходнасьці прадастаўленьня неадкладнай консульскай дапамогі Сафіі. Акрамя гэтага, ЭГУ зьвяртаецца да міжнародных партнэраў, донараў і праваабарончай супольнасьці для таго, каб спрыяць неадкладнаму вызваленьню студэнткі. Унівэрсытэт падтрымлівае сувязь з сям’ёй Сафіі.

Супольнасьць ЭГУ катэгарычна асудзіла беспакаранасьць уладаў Беларусі і патрабуе выкананьня міжнародных абавязацельстваў дзяржавы, а таксама выкананьня правоў і свабод грамадзян, зафіксаваных у Канстытуцыі Беларусі.

У цяперашні час палітычнымі зьняволенымі ў Беларусі прызнаныя ўжо некалькі цяперашніх і колішніх студэнтаў ЭГУ: Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада, а таксама выпускнікі Мікола Дзядок і Ўладзімер Малахоўскі.

​
XS
SM
MD
LG