СМІ: Польскі ўрад загадае нацыянальнай авіякампаніі LOT абмінаць Беларусь

Урад Польшчы хоча забараніць нацыянальнай авіякампаніі LOT Polish Airlines уваход у паветраную прастору Беларусі.

Пра гэта 24 траўня паведаміў польскі радыёканал RMF FM. Рашэньне ў гэтым пытаньні магчымае сёньня або заўтра.

Як адзначае радыёканал, цяпер толькі два маршруты LOT закранаюць беларускую прастору, таму маштаб зьменаў будзе невялікі: яны будуць датычыць рэйсаў у Менск і Маскву. На практыцы рашэньне аб забароне ўваходу машын LOT у беларускую прастору азначае, што рэйсы з Польшчы ў Менск будуць адмененыя, а рэйсы ў Маскву будуць ісьці іншым, больш доўгім маршрутам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Авіякампаніі airBaltic, LOT, KLM, Lufthansa, Wizz Air, SAS і Avia Solutions пачалі абмінаць тэрыторыю Беларусі пасьля захопу Пратасевіча

Польскі ўрад вырашыў зрабіць такі крок, падкрэсьліваюць журналісты RMF FM, паколькі баіцца, што «рэжым Аляксандра Лукашэнкі можа неўзабаве захапіць яшчэ адзін польскі самалёт з пасажырамі». Журналісты дадаюць, што Міністэрства замежных спраў Польшчы папярэдзіла тых, хто публічна крытыкуе Аляксандра Лукашэнку, каб пазьбягалі паездак у Беларусь.

Рашэньне абмінаць паветраную прастору Беларусі ўжо прыняў латвійскі авіяперавозчык airBaltic.