Пратэст супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй у Менску, 29 сьнежня 2019 году
Днём раней Сіўчыку таксама далі 15 сутак, хоць ён быў за мяжой. Прысуды Сіўчыку адкладалі цэлы месяц.
У судзе Партызанскага раёну Менску 4 лютага прайшоў чарговы суд над лідэрам руху салідарнасьці «Разам» Вячаславам Сіўчыкам. Судзьдзя Аляксандар Барысёнак, як піша «Прававая ініцыятыва», зачытаў вырак: 15 сутак арышту за «парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў» на акцыі пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі 20 сьнежня.
3 лютага Барысёнак абвясьціў такі самы прысуд. Як і тады, на паседжаньні 4 лютага Сіўчык не прысутнічаў.
Днём раней Сіўчык казаў Свабодзе, што той прысуд — «надзвычай грубае парушэньне беларускага заканадаўства» і «палітычна матываваныя рэпрэсіі». На ягоную думку, пракурор мусіць сам абскардзіць такі прысуд.
Таксама палітык адзначыў, што пасьля месяца адкладаньняў вырак яму вынесьлі «адразу, як толькі дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Амэрыкі Майк Пампэо пакінуў тэрыторыю Рэспублікі Беларусь».
Акрамя ўчорашняга суду за акцыю 8 сьнежня і сёньняшняга за 20 сьнежня, Сіўчыка чакаюць яшчэ тры працэсы ў судзе Партызанскага раёну — штодзень да 7 лютага.
За сьнежаньскія акцыі раней 13 чалавек былі асуджаныя агулам на 345 сутак арышту, аштрафаваныя на 129 тысяч рублёў.