Яшчэ ў сьнежні 2019 году ў Беларусі пачалі судзіць удзельнікаў пратэстаў супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй. У ліку тых, каго меліся судзіць, быў і лідэр руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык. Але прысуды Сіўчыку адкладалі, бо падсудны быў за мяжой.
У судзе Партызанскага раёну Менску 3 лютага прайшоў чарговы суд над Вячаславам Сіўчыкам. Судзьдзя Аляксандар Барысёнак, як піша «Вясна», не перанёс паседжаньне, а абвясьціў вырак: 15 сутак арышту за «парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў».
«Пракурор сам мусіў бы абскардзіць»
Самога Сіўчыка на паседжаньні не было. Палітык пацьвердзіў Свабодзе, што ён і цяпер за мяжой. Ён адзначыў, што ранейшыя суды пераносіліся, бо, паводле зьвестак суду, ён быў за мяжой, але зьдзівіўся: «Адкуль у суду такія зьвесткі?»
«Сам завочны вырак — натуральна, надзвычай грубае парушэньне беларускага заканадаўства, — кажа Сіўчык Свабодзе. — Гэта палітычна матываваныя рэпрэсіі, і гэта зразумела чаму зроблена: хочуць запалохаць мяне, хочуць запалохаць беларускае грамадзтва. Карная сыстэма Аляксандра Лукашэнкі ўсё больш ператвараецца ў нейкіх пуцінскіх халуёў».
На думку Сіўчыка, выракам яму «было растаптанае і беларускае заканадаўства, і міжнародныя пагадненьні, якія заключала Рэспубліка Беларусь».
Ён адзначае, што вырак вынесьлі «адразу, як толькі дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Амэрыкі Майк Пампэо пакінуў тэрыторыю Рэспублікі Беларусь».
Па вяртаньні ў Беларусь Сіўчыка могуць затрымаць і пасадзіць, ня даўшы магчымасьці абскардзіць вырак. Ён кажа, што будзе вяртацца ў Беларусь, нягледзячы на гэта.
«Між іншым, пракурор Партызанскага раёну сам павінен абскардзіць гэты прысуд, — кажа Сіўчык. — Нават без маіх заяваў павінен быў бы абскардзіць, бо прысуд цалкам незаконны, не ўкладаецца ў беларускае заканадаўства. Але паглядзім. У нас жа далей гэты тэатар абсурду будзе працягвацца».
Акрамя гэтага суду за акцыю 8 сьнежня, яго чакаюць яшчэ чатыры працэсы ў судзе Партызанскага раёну — штодзень да 7 лютага.
За сьнежаньскія акцыі раней 13 чалавек былі асуджаныя агулам на 345 сутак арышту, аштрафаваныя на 129 тысяч рублёў.