Кампаніі Гуцэрыева ў студзені паставяць у Беларусь каля 750 тысяч тон нафты

Ілюстрацыйнае фота. Нафтаправод "Дружба"

Да канца месяца падпісаны графік паставак расейскай нафты ў Беларусь. Нафта будзе паступаць на два беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы — «Нафтан» і Мазырскі.

10 студзеня кампаніі групы «Сафмар» выканаюць абавязацельствы па пастаўцы ў Беларусь 130 тысяч тон нафты, а ўсяго ў студзені яны плянуюць паставіць 750 тысяч тон нафты: 650 тысяч тон — па трубаправодзе і 100 тысяч тон — чыгуначным транспартам, паведамляюць «Інтэрфакс» і «Ведомости» са спасылкай на крыніцы, знаёмыя с хадой перамоваў.

Паводле крыніц ТАСС, цяпер афармляюцца дакумэнты па пастаўцы першай партыі расейскай нафты ў 133 тон на наваполацкі «Нафтан», а таксама падпісаны графік паставак расейскай нафты ў Беларусь і «да канца студзеня плянуецца паставіць яшчэ каля 600 тысяч тон нафты».

Паводле РБК, кампанія гатовая штоквартальна пастаўляць у Беларусь у 2020 годзе па 750 тысяч тон нафты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейская нафта дайшла толькі да «Нафтану», у Мазыры яшчэ чакаюць 

Як паведаміў прадстаўнік групы кампаній «Сафмар», у якую ўваходзяць «Русснефть» і «Нефтиса», здабыча нафты кампаніямі «Сафмара» у 18 млн тон дасьць магчымасьць выканаць абавязацельствы па пастаўцы нафты на ўнутраны рынак у поўным аб’ёме і таксама забясьпечыць пастаўку нафты ў Беларусь у поўным абʼёме згодна зацьверджаным міністэрствам энэргетыкі Расеі графікам.

Увечары 4 студзеня стала вядома пра аднаўленьне паставак нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, спыненых 1 студзеня. Помпавыя агрэгаты ўключылі а 17:05, пастаўкі нафты пачаліся на ААТ «Нафтан». Пастаўляць нафту з Расеі ў Беларусь будуць кампаніі «Русснефть» і «Нефтиса», якія ўваходзяць у групу кампаніяў «Сафмар» Міхаіла Гуцэрыева.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Паэт, сябра Лукашэнкі, сын рэпрэсаванага. Хто такі Міхаіл Гуцэрыеў, які пагадзіўся пастаўляць нафту ў Беларусь