Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец выйшаў на волю зранку 10 студзеня. Ягонае вызваленьне з-пад адміністрацыйнага арышту і чакалася ў гэты дзень, але ня так рана: а палове на 12-ю. Апоўдні яго чакае новы суд.
Паводле Севярынца, яго паднялі яшчэ ўначы і загадалі зьбіраць рэчы. Ён думаў, што так рыхтуюць да наступнага суду і новых «сутак». Але высьветлілася, што ў тэрмін зьняволеньня залічылі пяць гадзінаў затрыманьня 18 сьнежня, калі «здымалі на камэру папярэджаньні пра дзяцей і ялінку». Ягоны арышт, такім чынам, скончыўся ў 6.45 10 студзеня.
«Як прайшлі 15 сутак? — піша Севярынец. — Акрэсьціна ёсьць Акрэсьціна. Зноў вошы (у маёй 14-й камэры перад гэтым, як я даведаўся, знарок трымалі бяздомных: рыхтаваліся да сьвяточных пасадак, так сказаць). На ўваходзе забралі асадкі і стрыжні (каб пісьменьнік у камэры не пісаў). Апошнія двое сутак амаль ня спалі: ў камэру закінулі мужыка зь белай гарачкай, забралі толькі сёньня ноччу пасьля чарады скандалаў».
Павал Севярынец быў асуджаны на 15 сутак 18 сьнежня за заклікі на акцыі пратэсту ў абарону незалежнасьці Беларусі і супраць інтэграцыі з Расеяй. Але яго не затрымалі ў залі суду, а адпусьцілі. 26 сьнежня яго зноў затрымалі, аштрафавалі на 1275 рублёў і адвезьлі адбываць прызначаны раней арышт.
Ён сустрэў за кратамі і дзень народзінаў (30 сьнежня палітыку споўнілася 43 гады), і Новы год, і Раство.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Новы год сустрэлі праз два дні». Як прайшлі сьвяты ў сем’ях зьняволеных за пратэсты супраць інтэграцыіПакуль Севярынец быў у няволі, судзьдзя Іван Касьцян прысудзіў яму яшчэ 1350 рублёў штрафу за адну з акцыяў пратэсту. На працэс Паўла не прывезьлі. У дзень вызваленьня яго чакае яшчэ адзін суд.
Але сям’і Севярынца ахвяроўвалі грошы праз інтэрнэт, падтрымалі іхную інтэрнэт-краму, дарылі цукеркі і цацкі для дзяцей, дапамагалі з выданьнем кнігі «Беларусалім. Сэрца сьвятла».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Судовы канвэер» працягнуўся: 60 сутак і звыш 14 000 рублёў за акцыі супраць інтэграцыіСевярынец не апошні з арыштаваных за пратэсты сьнежня-2019, хто выйдзе на волю: яшчэ чакаецца вызваленьне Стаса Шашка і Алеся Чахольскага (10 студзеня), Максіма Ўрбановіча і Сяргея Ціханоўскага (11 студзеня).
Акрамя таго, 9 студзеня меў выйсьці на волю пасьля 15 сутак арышту блогер Дзьмітры Казлоў (вядомы як «Шэры кот»), але яго ня выпусьцілі — кажуць, нібыта «маецца яшчэ адна пастанова аб арышце», але якая і за што, невядома.