Расея аднавіла пастаўкі нафты на беларускія заводы

Наваполацкі «Нафтан», здымак 2017 году

Увечары 4 студзеня аднавіліся пастаўкі нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. Пра гэта піша БелТА са спасылкай на намесьніка старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімера Сізова.

А 17:05 уключылі помпавыя агрэгаты і пачаліся пастаўкі нафты на ААТ «Нафтан». Паступова пастаўкі адновяць і для Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу.

Паводле Сізова, да канца 4 студзеня ў Беларусь прапампуюць 6 тысяч тонаў нафты.

Як паведамлялася раней, Беларусь і Расея дамовіліся пра пастаўку першай партыі нафты бяз прэміі пастаўнікам. Гэта мусіць забясьпечыць няспынную працу беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў у студзені 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусь і Расея дамовіліся пра пастаўку першай партыі нафты ў студзені

Раней прэмія пастаўнікам складала 10 даляраў за тону нафты і дадавалася да кошту пастаўкі. Беларусь прапаноўвала адмовіцца ад прэміі пастаўнікам, расейскі бок быў з гэтым ня згодны.Пастаўляць нафту з Расеі ў Беларусь будуць кампаніі «Русснефть» і «Нефтиса», якія ўваходзяць у групу кампаніяў «Сафмар» Міхаіла Гуцэрыева, піша Interfax.by.