Выступ кандыдата не пусьцілі ў эфір, дык ён на дэбатах расказаў пра імпічмэнт
Уладзімер Няпомняшчых, архіўнае фота
Кандыдат у дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Няпомняшчых выступіў на тэледэбатах кандыдатаў Гомельскай-Цэнтральнай акругі. Ягоны выступ пераказвае БелаПАН.
Раней тэлезварот кандыдата не прапусьцілі ў тэлеэфір. Ён мяркуе, гэта было зьвязана са згадкай магчымасьці імпічмэнту дзейнага кіраўніка дзяржавы. Расказаць пра гэта яму ўдалося на тэледэбатах.
«Я той, у каго на майцы напісана „За Беларусь без Лукашэнкі. Хопіць, дастаў“, — казаў Няпомняшчых. — Мяне ў Гомлі многія знаюць па гэтай майцы. Цяпер вы будзеце ведаць, як мяне завуць.
Я прадстаўляю АГП. Нашая партыя выбірае эўрапейскі шлях разьвіцьця, высокія тэхналёгіі, высокую зарплату, выкананьне законаў і роўнасьць усіх перад законам.
Мой выступ быў запісаны па радыё і тэлевізіі. Але ў эфір ён не паступіў толькі праз тое, што маім першым пунктам праграмы было сказана „імпічмэнт Лукашэнкі“. Гэта для гэтай улады ёсьць страшным злачынствам. Хачу заўважыць, што ў гэтых словах няма нічога супрацьпраўнага. Імпічмэнт прадугледжаны як Канстытуцыяй, так і законамі. Я лічу, што да мяне ўжылі дыскрымінацыю».
Разам зь Няпомняшчых у дэбатах удзельнічалі яшчэ два кандыдаты (агулам на акрузе балятуецца шэсьць): намесьнік дэкана ГДУ імя Скарыны Андрэй Злотнікаў і дырэктар дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзэрву №8 Алег Ракаў.
Ракаў казаў, што ў сваёй праграме ўдзяляе ўвагу здароваму ладу жыцьця, што законы ў сфэры спорту неабходна ўдасканальваць, прыняць кодэкс пра спорт.
Злотнікаў расказваў, што «Гомель з кожным годам становіцца лепшым, уводзяцца новыя сацыяльныя аб'екты, нашыя школьнікі і студэнты выйграюць прэстыжныя ўзнагароды на міжнародных турнірах і алімпіядах». Ён казаў, у ягоных прыярытэтах — годная праца, справядлівыя заробкі, здароўе нацыі і ўпэўненасьць у будучыні.
Злотнікаў спытаў у Няпомняшчых, ці ня супраць той разьвіцьця спорту і лядовых палацаў.
«Я ня супраць лядовых палацаў, але яны стратныя, — адказаў Няпомняшчых. — Адзіны ў нас, хто добра гуляе ў хакей, гэта Аляксандар Лукашэнка. Я ня супраць спорту, я супраць таго, каб бяздумна марнаваліся народныя грошы».
Сам Няпомняшчых пасьля спытаў апанэнтаў, як яны будуць «рэагаваць на імпічмэнт Лукашэнку» і ці будуць яго ініцыяваць. Абодва ўхіліліся ад адказу.