У пачатку менскага мітынгу-канцэрту на Дзень Волі 24 сакавіка актывістку Натальлю Басалыгу-Гарачку затрымалі «людзі ў цывільным». Як было і з затрыманым там жа Зьмітром Дашкевічам, яна знайшлася толькі ў судзе.
Суд Цэнтральнага раёну адправіў на дапрацоўку пратакол за «дробнае хуліганства» (арт. 17.1 КаАП РБ) адносна Натальлі Басалыгі-Гарачкі. Сама яна зьбіраецца здымаць пабоі.
Паводле сьведкаў-міліцыянтаў, яна «нахабна сябе паводзіла, гучна крычала, навязвала сваю прысутнасьць». Але паказаньні сьведкаў-міліцыянтаў не супалі з часам тэлефанаваньняў у міліцыю самой затрыманай. Басалыга-Гарачка сама выклікала міліцыю, калі праваахоўнікі адмовіліся размаўляць зь ёй па-беларуску, якасьці доказаў у яе таксама захаваліся відэа дзеяньняў «людзей у цывільным» перад затрыманьнем.
Увесь час ад затрыманьня да суду, расказала Басалыга-Гарачка, яна была ў ізалятары часовага ўтрыманьня, адна ў камэры. Там яна абвясьціла галадоўку. Паводле актывісткі, ёй адмовіліся выклікаць хуткую дапамогу, калі ў яе падняўся ціск — далі толькі асьпірын і цытрамон.
Паводле актывісткі, яе затрымлівалі Юрый Аксюта і Ільля Шуневіч, «ганяліся» за ёй, былі ў цывільным адзеньні і не назваліся.
Калі яе прымалі ў ізалятар, у яе адзначылі гематомы на руках і нагах, хоць на судзе сьцьвярджалася, што яна сама пайшла ў машыну «людзей у цывільным».
У ізалятары, расказвае Басалыга-Гарачка, была таксама 18-гадовая Аляксандра С., якую затрымалі на выходных за тое, што яна пнула помнік «царскаму гарадавому» каля галоўнага будынку Міністэрства ўнутраных справаў. На судзе пасьля прагляду запісаў з камэраў назіраньня, кажа Басалыга-Гарачка, выявілася, што дзяўчына толькі замахнулася на скульптуру, але не нанесла ўдар. Пратакол накіравалі на дапрацоўку, дзяўчыну вызвалілі.