Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС адказала на прапанову зьнесьці скульптуру царскага гарадавога ў Менску


На сайце Petitions.by зьявіўся адказ Міністэрства ўнутраных справаў на пэтыцыю «Прыбраць скульптуру гарадавога, якая правакуе жыхароў і супрацоўнікаў міліцыі на неадэкватныя дзеяньні», якую падпісалі больш за 2600 карыстальнікаў.

Адказ не станоўчы і не адмоўны: намесьнік міністра Аляксандар Барсукоў піша, што «з пазыцыяй ведамства можаце азнаёміцца на афіцыйным сайце МУС», і дае спасылку на артыкул пад загалоўкам «Менскі гарадавы: адэкватныя дзеяньні пытаньняў не выклікаюць».

У тым артыкуле сьцьвярджаецца, што скульптура была пастаўленая ў гонар 100-годзьдзя беларускай міліцыі (хоць папраўдзе ёй далёка ня сто гадоў), што «вобраз гарадавога ёсьць часткай паўсядзённай гарадзкой культуры» і што «многія госьці і жыхары сталіцы штодзённа робяць сэлфі» са скульптурай.

Разам з тым у тэксьце сьцьвярджаецца, што «нездаровы ажыятаж» вакол скульптуры «наўмысна падаграецца асобнымі грамадзянамі», а «спэцыяльна сплянаваныя акцыі і флэшмобы» «іначай як танны піяр разглядацца ня могуць».

У артыкуле МУС пагражае адказнасьцю за дробнае хуліганства паводле арт. 17.1 КаАП і за хуліганства паводле арт. 339 КК, але адзначае, што «заканадаўства не зьмяшчае канкрэтнага пераліку хуліганскіх дзеяньняў, і кожны факт ацэньваецца індывідуальна». У якіх дзеяньнях у дачыненьні скульптуры ёсьць склад злачынства, а ў якіх няма, МУС не тлумачыць.

Прапанова прыбраць скульптуру ў тэксьце МУС ня згадваецца, ацэнкі дзеяньняў саміх міліцыянтаў не даецца.

Гісторыя скульптуры гарадавога цягнецца ад сакавіка 2016 году: некаторых зьдзіўляла, што ў Беларусі паставілі помнік савецкаму міліцыянэру ў форме царскага паліцыянта, а не беларускаму праваахоўніку.​ А гісторыя бальшавіцкай міліцыі пачалася якраз з разгону гарадавых і паляваньня на іх.

За зьнявагу помніка гарадавому беларусаў ня раз штрафавалі — нават патрабавалі пасадзіць на 2 гады «хіміі» за пэрформанс зь пятлёй на шыю скульптуры (абышлосяштрафам у 5 базавых). Сярод аштрафаваных за зьнявагу помніка — бяздомны, які, кажуць, не лічыў гэта палітычнай акцыяй.

У справе пра поўху гарадавому праваабаронца знайшоў два парушэньні закону з боку міліцыі.

Актывістаў, якія праводзілі пэрформанс каля скульптуры, штрафавалі за «непадпарадкаваньне міліцыі» — нібыта яны не выходзілі зь міліцэйскага аўтамабіля і такім чынам не падпарадкоўваліся міліцыянтам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG