Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За знос менскага помніка царскаму гарадавому пачалі збор подпісаў


Помнік гарадавому, архіўнае фота
Помнік гарадавому, архіўнае фота

Блогер Яўген Ліпковіч запусьціў на Petitions.by збор подпісаў за знос менскага помніка гарадавому. За першыя дзьве гадзіны подпісы пакінулі больш за 100 карыстальнікаў.

У пэтыцыі прапануецца прыбраць скульптуру, якая «правакуе жыхароў і супрацоўнікаў міліцыі на неадэкватныя дзеяньні». Сама скульптура названая «маламастацкім творам».

Аўтар адзначае, што хоць «да сапраўднага вандалізму не дайшло», былі «беспрэцэдэнтныя дзеяньні» міліцыянтаў адносна хлопца, якога прымусілі на камэру выбачыцца перад помнікам за аплявуху.

Гісторыя помніка гарадавому цягнецца ад сакавіка 2016 году: некаторых зьдзіўляла, што ў Беларусі паставілі помнік савецкаму міліцыянэру ў форме царскага паліцыянта, а не беларускаму праваахоўніку.​ А гісторыя бальшавіцкай міліцыі пачалася якраз з разгону гарадавых і паляваньня на іх.

За зьнявагу помніка гарадавому беларусаў ня раз штрафавалі — нават патрабавалі пасадзіць на 2 гады «хіміі» за пэрформанс зь пятлёй на шыю скульптуры (абышлося штрафам у 5 базавых). Сярод аштрафаваных за зьнявагу помніка — бяздомны, які, як кажуць, не лічыў гэта палітычнай акцыяй.

У справе пра поўху гарадавому праваабаронца знайшоў два парушэньні закону з боку міліцыі.

Актывістаў, якія праводзілі пэрформанс каля скульптуры, штрафавалі за «непадпарадкаваньне міліцыі» — нібыта яны не выходзілі зь міліцэйскага аўтамабіля і такім чынам не падпарадкоўваліся міліцыянтам.

Беларусы прапануюць выбачацца перад помнікамі Купалу і Быкаву

Пасьля відэа МУС беларусы пачалі прасіць прабачэньня ў помнікаў у сацсетках: хтосьці за тое, што залазіў на паравоз у Баранавічах, хтосьці за тое, што сядаў на калені Дастаеўскаму… Шмат выбачэньняў публікуюць пад хэштэгам #памятникпрости.

Тым часам на партале Tut.by ідзе апытаньне аб тым, перад якім помнікам і за што яшчэ трэба выбачыцца. Самы папулярны варыянт (на момант публікацыі 45% з больш як 3300 галасоў) — перад Васілём Быкавым за тое, што яму няма помніка. Сьледам ідзе варыянт выбачэньня перад помнікам Янку Купалу (25%) з фармулёўкай «за тое, што не размаўляем на мове» (маецца на ўвазе, пэўна, беларуская мова). На трэцім месцы варыянт выбачэньняў перад скульптурай анёла на Востраве сьлёз (10%) за «ну, вы зразумелі» (магчыма, за звычай паціраць яму геніталіі).

Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў паабяцаў, што сам дасьць поўху «гарадавому», калі прэс-сакратарку партыі сапраўды вышлюць з краіны, як зьбіраюцца цяпер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG