Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта нешта новае». Як судзілі ўдзельнікаў акцыі насупраць МУС


Затрыманьне ўдзельнікаў акцыі 28 чэрвеня
Затрыманьне ўдзельнікаў акцыі 28 чэрвеня

Увечары 29 чэрвеня ў Заводзкім судзе Менску асудзілі двух удзельнікаў учорашняй акцыі ў абарону ЛГБТ-супольнасьці, актораў «Свабоднага тэатру» Дзьмітрыя Яфрэмава і Вольгу Рамашку. Іх аштрафавалі на 3 базавыя велічыні кожнага (73,5 рубля) за непадпарадкаваньне міліцыі — нібыта яны не выходзілі зь міліцэйскага аўтамабіля і такім чынам не падпарадкоўваліся міліцыі

«Гэта нешта новае», — казалі наконт працэсаў праваабаронцы.

Па-першае, іх зьдзівіла сама фармулёўка абвінавачаньня.

Па-другое, працэсы над Яфрэмавым і Рамашкай праходзілі ў судзе паралельна, на іх выступалі адны і тыя ж сьведкі — міліцыянты Раман Весялоўскі і Натальля Кухта, — а самі абвінавачаныя хадзілі з працэсу на працэс у якасьці сьведак. Судзьдзя абвяшчае 5-хвілінны перапынак, за гэты час тыя самыя асобы ідуць да другога судзьдзі і паўтараюць там тое самае. Праз 5 хвілін усе вяртаюцца.

«Ня бачыла, але ведаю са слоў напарніка»

Дзьмітры Яфрэмаў і Вольга Рамашка адпрэчылі абвінавачаньні ў непадпарадкаваньні. «Нам нават заўваг ад міліцыянтаў не было», — сказала Вольга Рамашка.

Але міліцыянты Раман Весялоўскі і ягоная напарніца Натальля Кухта казалі суду адваротнае.

«Яны адмовіліся выходзіць, садзіліся на падлогу ў салёне аўтамабіля, пыталіся, за што іх затрымалі. Выйшлі толькі пасьля папярэджаньня, што будзе ўжытая фізычная сіла».

Але паводле Натальлі Кухты, сама яна гэтага ня бачыла, а толькі чула пра гэта ад Весялоўскага, якому давярае.

У пратаколе памыліліся на 2 гады

Паводле пратаколаў, актывістаў затрымалі на вуліцы Гарадзкі вал а 16-й гадзіне, затрыманыя ж кажуць, што а 15-й, і гэтаму ёсьць відэапацьверджаньне. Судзьдзі разьбірацца ня сталі.

Таксама ў пратаколе быў пазначаны 2016 год. «Гэта памылка?» — спыталася судзьдзя. — «Ну вядома».

Пры гэтым непасрэдна саму акцыю каля МУС суды не вывучалі.

Абаронца Вольгі Рамашкі ўвогуле не зразумеў, за што яе затрымалі.

«Хіба ўскладаньне кветак да скульптуры парушае правілы добраўпарадкаваньня?»

«Затрыманым не сказалі, за што іх затрымалі, што яны парушылі, і таму законным было іх пытаньне пра тое, на якіх падставах іх прывезьлі ў міліцыю. Значыць, не было і непадпарадкаваньня» — адзначыў адвакат.

Суд не пагадзіўся з адвакатам і прызнаў Яфрэмава і Рамашку вінаватымі ў непадпарадкаваньні законным патрабаваньням міліцыі.

З Заводзкага суду міліцыянты Весялоўскі і Кухта паехалі ў Маскоўскі суд сьведчыць супраць удзельніцы акцыі Надзеі Крапівінай. Яе ў выніку таксама аштрафавалі на 73,5 рубля.

У Першамайскім судзе на тую ж суму аштрафавалі і журналіста Андрэя Шаўлюгу.

28 чэрвеня тэатральная лябараторыя Fortinbras пры Беларускім свабодным тэатры правяла ў цэнтры Менску насупраць будынка МУС акцыю ў падтрымку ЛГБТ-супольнасьці. Каля статуі гарадавога на вуліцы Гарадзкі вал зьявіліся кашы з кветкамі ў колерах вясёлкі, ад якіх у кірунку МУС вялі сьляды ў такіх жа колерах.

«Мы заклікаем МУС пераступіць праз забабоны і абараняць правы ЛГБТ-грамадзян, якія не парушаюць закон і сплачваюць падаткі, дзякуючы якім міністэрства і існуе», — казалі ўдзельнікі акцыі.

Каля статуі гарадавога насупраць МУС зьявілася ЛГБТ-клюмба

Траіх удзельнікаў акцыі — Вольгу Рамашку, Надзею Крапівіну і Дзьмітрыя Яфрэмава затрымалі і павезьлі ў РУУС Маскоўскага раёну. Разам зь імі быў затрыманы і пазаштатны журналіст БелаПАН Андрэй Шаўлюга.

Што важна ведаць​

  • 17 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
  • 20 траўня Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай.
  • 21 траўня на сайце petitions.by пачаўся збор подпісаў «За міліцыю для ўсіх». У пэтыцыі просяць праверыць законнасьць выказваньняў МУС. На момант публікацыі пад пэтыцыяй падпісалася больш за 1800 чалавек.
  • 21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешваньне міжнароднага сымбаля ЛГБТ-супольнасьці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцьця.
  • Ад 22 траўня ў адказ на заяву МУС у сацыяльных сетках пачалі зьяўляцца допісы з тэгам #янеподделка.
  • 23 траўня міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў, што існуе шэраг рэчаў, «непрымальных» для беларускага мэнталітэту. Макей адзначыў важнасьць і неадназначнасьць тэматыкі «правоў мяншыняў».
  • 30 траўня старшыня Моладзі БНФ скрытыкавала «навязваньне ЛГБТ» і «паўсюднае вывешваньне сваёй сымболікі».
  • 7 чэрвеня Шуневіч заявіў, што «ахова маральнасьці» — гэта функцыя МУС, хоць такой функцыі ў законе «Аб органах унутраных справаў» няма.
  • 16 чэвеня партрэт Ігара Шуневіча несьлі на прайд-парадзе ў ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG