Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Моладзі БНФ скрытыкавала фэмінізм і «навязваньне ЛГБТ». Партыя яе не асуджае


Ганна Сьмілевіч, архіўнае фота
Ганна Сьмілевіч, архіўнае фота

На сайце «Будзьма беларусамі» 30 траўня зьявіўся артыкул старшыні Моладзі БНФ Ганны Сьмілевіч «Пра фэмінізм, ЛГБТ, перагібы і празьмерную паліткарэктнасьць», які выклікаў неадназначную рэакцыю ў байнэце.

У артыкуле Ганна Сьмілевіч сярод іншага сьцьвярджае, што:

  • «Паўсюднае вывешваньне сваёй сымболікі — не змаганьне за роўнасьць. Агрэсіўныя пікеты бяз мэты і шуканьне прыгнёту там, дзе яго няма, — тое ж самае. У большасьці выпадкаў уся дыскрымінацыя — толькі ў галаве».
  • Вясёлкавы сьцяг на «Эўравізіі» недарэчны, бо сьпеўны конкурс — гэта «не пляцоўка для прапаганды якіх-небудзь каштоўнасьцей».
  • Магчымасьці мужчын і жанчын у цывілізаваных краінах цяпер няшмат адрозьніваюцца, а пэўныя абмежаваньні для жанчын «небеспадстаўныя, бо жанчына папросту не заўжды няздольная [маецца на ўвазе, пэўна, «не заўжды здольная». — РС] выконваць пэўныя віды працы паводле фізычных, фізіялягічных і псыхалягічных асаблівасьцей».
  • Фэмінізм сёньня выглядае дзіўна, калі «група раззлаваных жанчын, дэманструючы аголеныя грудзі, выкрыквае антымужчынскія лёзунгі». Змаганьне за фэмінітывы кшталту «аўтарка» і «куратарка» неабавязковае [пра якую мову ішла гаворка, яна не ўдакладніла, але фэмінітывы ўласьцівыя беларускай мове прынамсі з часоў Скарыны, — РС].
  • Існуе «навязьлівая прапаганда» ЛГБТ-стасункаў і таго, што «нетрадыцыйная арыентацыя ёсьць ня проста нормай, а нават лепш», якая выяўляецца ў «бясконцай сымболіцы дзе трэба і не», гей-парадах і абмеркаваньнях камінг-аўтаў публічных асобаў.
  • Нэгатыўнае стаўленьне людзей да ЛГБТ-супольнасьці гэта неад’емнае «права на сваё меркаваньне», няправільна «навязваць чалавеку свае каштоўнасьці», калі меркаваньні наконт ЛГБТ не супадаюць. Сама яна хоча, каб ейныя дзеці «не жылі ў сьвеце, дзе менш за ўсё правоў мае белы гетэрасэксуальны мужчына».
  • У барацьбе супраць расавай дыскрымінацыі «маюцца шматлікія перагібы праз часам залішнюю паліткарэктнасьць»: у ЗША — «пазытыўная дыскрымінацыя» па расавай прыкмеце пры прыёме на навучаньне, магчымасьць лёгка абскардзіць звальненьне з працы пры спасылцы на расавую дыскрымінацыю, абавязковая прысутнасьць цемнаскурых актораў у галівудзкіх фільмах («у фільме “Бітва тытанаў”, дзе дзеяньне адбываецца ў Старажытнай Грэцыі, а цемнаскурых там ну ніяк быць не магло, раптам узьнікаюць цемнаскурыя пэрсанажы»).

Сьмілевіч піша, што ня зьдзівіцца, калі «знойдуцца тыя, хто пасьля прачытаньня артыкула абвінаваціць мяне ў мізагініі, расізьме і гамафобіі. Але людзям уласьціва бачыць толькі тое, што ім хочацца». Сапраўды, пасьля публікацыі ў сацсетках былі пасты, у якіх ейны артыкул называлі гамафобным, параўноўвалі з «гамафобнай заявай» МУС («Яны ня пройдуць»).

«Абсалютна карэктна, у мяккай і талерантнай форме выказала меркаваньне», — намесьнік старшыні Партыі БНФ

Аляксей Янукевіч, архіўнае фота
Аляксей Янукевіч, архіўнае фота

​Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа Свабодзе, што артыкул Сьмілевіч —​ гэта «асабістая пазыцыя Ганны як чалавека», а нейкіх рашэньняў кіроўных органаў партыі, каб даручаць ёй пісаць такі тэкст, не было. Але ў партыі лічаць, што кожны ейны сябра як грамадзянін Беларусі можа і павінен выказваць свае меркаваньні, імкнуцца іх распаўсюджваць.

«Пазыцыя Ганны — гэта яе пазыцыя, але не пазыцыя партыі ці Моладзі БНФ, — сьцьвярджае Янукевіч. — Але Ганна, безумоўна, мае права публічна агучваць меркаваньні.

Разважаць у такіх азначэньнях, як гамафобія ці ксэнафобія, тут няслушна. На маю думку, гэтыя азначэньні — сродкі ў арсэнале пэўных групаў, каб прасоўваць свае бачаньні, не заўсёды выкарыстаньне гэтых словаў карэктнае.

У чым я дакладна перакананы, — што ў артыкуле Ганны абсалютна няма мовы нянавісьці, заклікаў да нейкіх дзеяньняў, нават нэгатыўных думак пра кагосьці не было. Я перакананы, што абсалютна карэктна, у мяккай і талерантнай форме Ганна выказала сваё меркаваньне адносна таго, што адбываецца і як яна гэта ацэньвае».

«Адмаўляе рэчы, якія не разумее» і «ідэалягічна падтрымлівае ўлады», — ЛГБТ-актывіст

Андрэй Завалей, арзіўнае фота
Андрэй Завалей, арзіўнае фота

ЛГБТ-актывіст і каардынатар кампаніі «Справа Пі» памяці Міхаіла Пішчэўскага Андрэй Завалей адзначае ў камэнтары Свабодзе, што спрэчкі вакол таго, дзе праходзіць мяжа між свабодай слова і распальваньнем варожасьці, цяпер ідуць па ўсім сьвеце, па такіх пытаньнях павінна быць прафэсійная экспэртыза.

Але ў канкрэтным артыкуле Сьмілевіч ён бачыць «ідэалягічную падтрымку таго, што трансьлюе нашая афіцыйная ўлада», а гэта «выклікае шмат занепакоенасьці»: ад дэмакратычных палітыкаў, кажа ён, хочацца чуць «нейкую больш абгрунтаваную пазыцыю», а ня гэткія «некампэтэнтныя і незбалянсаваныя, папулісцкія выказваньні».

«Канечне, можна сказаць, што артыкул гамафобны, расісцкі ды сэксісцкі, бо ў ім адмаўляюцца базавыя каштоўнасьці, да якіх імкнецца дэмакратычная эўрапейская супольнасьць, — разважае Завалей. — Крытыка палітыкі інклюзіі меншасьцяў і паліткарэктнасьці заўсёды павінна быць, але не ў такім тоне і не ў такой форме, якую дэманструе Ганна. Шкада, што ў нас пакуль няма дыялёгу з павагай адно да аднаго.

Ганна адмаўляе сэнс змаганьня за свае правы. „Мы бачым дыскрымінацыю там, дзе яе няма“ — гэтым аргумэнтам заўсёды падтрымлівалася патрыярхальная сыстэма і сэксізм. У Ганны, на жаль, адсутнічае ў гэтым пытаньні ўсьведамленьне прычынна-выніковых сувязяў».

Завалей кажа, што Сьмілевіч «не ўсьведамляе палітычныя і сацыяльныя працэсы, ня ведае, у чым сэнс квотаў і так званай „пазытыўнай дыскрымінацыі“», і таму «адмаўляе рэчы, якія проста не разумее».

Ён таксама бярэ за прыклад выказваньне «цемнаскурых у Старажытнай Грэцыі ну ніяк быць не магло» — называе гэта эўропацэнтрызмам, адмаўленьнем існаваньня іншых расаў і іх значэньня ў сусьветнай гісторыі. Маўляў, там побач Афрыка, зь якой чарнаскурыя людзі траплялі ў Грэцыю, былі там ці не заўсёды.

«Я адкрыты гей, ЛГБТ-актывіст, але не адмаўляю праблемы дыскрымінацыі беларускамоўных у Беларусі, заўсёды праяўляў салідарнасьць і буду праяўляць, — дадае Завалей. — Тое, што ў нас бракуе дэмакратычных інстытутаў, што нам не даюць уплываць на палітычнае жыцьцё краіны, — гэта важныя і для мяне пытаньні. Мне незразумела, чаму большасьць нашых патрыятычных актывістаў і палітыкаў адмаўляюць мае праблемы, спрабуюць выключыць мяне з грамадзянскага руху.

Я лічу гэта контрапрадуктыўным. Калі Ганна імкнецца да некаторых зьменаў у дзяржаве, яна мусіць прызнаць, што без падтрымкі ёй ня ўправіцца. Калі ў яе ня будзе падтрымкі тых жа ЛГБТК-людзей, жанчын, якія пакутуюць ад хатняга гвалту, ня будзе ніякіх зьменаў, а сваімі словамі яна адштурхоўвае нас».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG