Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя забараніла дзяўчатам цалаваць скульптуру царскага гарадавога ў Менску. ФОТА і ВІДЭА


Акторкі «Свабоднага тэатру» раніцай 19 літапада прыйшлі да будынка Міністэрства ўнутраных спраў, дзе стаіць скульптура гарадавога з сабакам, каб выказаць пратэст яе «асабліваму статусу».

А 10-й раніцы ля скульптуры зьявіліся чатыры дзяўчыны, пачалі яе цалаваць, абдымаць, каб «сагрэць».​

Практычна адразу з Музэя міліцыі выйшлі два міліцыянты, не назваліся, але папярэдзілі, што нельга так рабіць. Неўзабаве кампанію ім склаў трэці — малодшы сяржант Ягор Цырульнікаў. Ён, наадварот, сказаў, што хай «цалуюцца і абдымаюцца», абы не было «вандалізму».

У адказ на пытаньне дзяўчат прызнаўся, што ня ведае артыкулу, паводле якога нельга «даваць аплявухі» гарадзкой скульптуры, якая не ўяўляе архітэктурнай ці гістарычнай каштоўнасьці.

Гэтым разам абышлося без затрыманьняў.

​Днямі міліцыянты прымусілі 17-гадовага ліцэіста Арсенія прасіць прабачэньня на камэру перад помнікам за аплявуху і разьмясьцілі відэа ў інтэрнэце. На маладога чалавека склалі пратакол паводле арт. 17.1 КаАП «Хуліганства».

Пасьля гэтага на Petitions.by пачаўся збор подпісаў за знос менскага помніка гарадавому, а ў сацсетках разгарнуўся флэшмоб, у якім беларусы просяць прабачэньня ў помнікаў. Шмат прабачэньняў публікуюць пад хэштэгамі #памятникпрости, #помнікпрабач.

У мінулыя выходныя міліцыя затрымала менчука Зьмітра Завадзкага, які павязаў шалік на помнік і хацеў сфатаграфавацца. Міліцыянты забралі ў яго пашпарт, завялі ў аддзяленьне, перапісалі зьвесткі і правялі тлумачальную гутарку, што скульптура зьяўляецца «тварам МУС».

Гісторыя пратэстаў супраць помніка царскаму гарадавому цягнецца ад сакавіка 2016 году. За «зьнявагу» аштрафавана ўжо некалькі чалавек, а анархіста Вячку Касінерава нават патрабавалі пасадзіць на 2 гады «хіміі» за пэрформанс «зь пятлёй на шыі», але абышлося штрафам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG