Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дашкевіча аштрафавалі за заклік ускладаць кветкі ў Курапатах


Зьміцер і Наста Дашкевічы ў судзе.

У судзе Цэнтральнага раёну Менску 26 сакавіка судзьдзя Іван Касьцян разгледзеў справу былога лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча, якога «людзі ў цывільным» затрымалі пасьля выступу на менскім мітынгу на Дзень Волі 24 сакавіка.

Дашкевіча аштрафавалі на 1 147,5 рубля. Паводле судзьдзі, Дашкевіч «публічна заклікаў да несанкцыянаванай акцыі»: «заклікаў сабрацца ў мэмарыяле Курапаты». Дашкевіч не пагадзіўся: заявіў, што не заклікаў на акцыю, а прапаноўваў толькі запаліць зьнічы і ўскласьці кветкі ў Курапатах, а таксама прыходзіць да мэмарыялу, бо там цяпер пачасьціліся акты вандалізму.

Ніжэй фрагмэнт выступу Дашкевіча. Поўнае відэа мітынгу-канцэрту ў Менску 24 сакавіка тут.

Ён прапанаваў судзьдзі паглядзець у інтэрнэце відэа ягонага выступу на мітынгу, бо ў пратаколе «напісаная хлусьня». Адзначыў, што не паведамляў ні месца, ні час «несанкцыянаванай акцыі» — казаў, што «там штонядзелю адбываецца малітва».

Сьведка-міліцыянт Юрый Манахаў заявіў, што Дашкевіч заклікаў сабрацца ў Курапатах на наступны дзень ці то а 19-й гадзіне, ці то з 16 да 21 гадзіны (а палове на дзявятую ў Курапатах затрымалі двух актывістаў, якія ўдзельнічалі ў штодзённым пікеце пад рэстарацыяй «Поедем поедим»), «пытаўся ў людзей, ці даўно яны былі ў Курапатах, прасіў падняць рукі» і прыгадаў, што Дашкевіч заклікаў маліцца.

Сьведка-міліцыянт Віталь Сьветкін, які дзяжурыў з Манахавым, прыгадаў, што Дашкевіч «казаў пра Курапаты, казаў, там ламаюць крыжы, і заклікаў усіх пайсьці на Курапаты, каб паставіць зьнічкі». На пытаньне судзьдзі аб тым, ці называў Дашкевіч дату, супрацоўнік АМАП ня памятаў: маўляў, «памятаю толькі пра дзень, 25 сакавіка».

Заля суду падчас працэсу была поўная, прыйшлі ў тым ліку жонка Зьмітра Наста Дашкевіч, блогеры Антон Матолька і Эдуард Пальчыс (якія былі ў ліку арганізатараў горадзенскага канцэрту #БНР101).

Дашкевіч у апошнім выступе згадаў, што ён ужо 18 гадоў «катаецца ў аўтазаках» і за гэты час сыстэма выгадавала шмат людзей, якія фальсыфікуюць пратаколы. Згадаў словы Лукашэнкі пра Курапаты, што туды «можна прыйсьці выпіць чарку».

«Мне незразумела, як заклік прыйсьці ў мэмарыяльнае месца, каб ускласьці зьнічку і ўшанаваць памяць загінулых, можна трактаваць як заклік да несанкцыянавага мерапрыемства», — сказаў у апошнім выступе ў судзе Зьміцер Дашкевіч.

Раней за Дашкевіча на тым жа мітынгу была затрыманая актывістка Натальля Басалыга-Гарачка. Паводле Дашкевіча, яна была «ў суседняй камэры ў ІЧУ». Калі будуць судзіць яе і ў чым абвінавачваюць, невядома. Судзьдзя Касьцян вёў працэс на беларускай мове.

Стала вядома, што Алене Талстой у ІЧУ на Акрэсьціна прынялі перадачу. Талстая і Гарачка трымаюць галадоўкі пратэсту. Міліцыянты, якія затрымлівалі Зьмітра Дашкевіча, не кажуць, калі будуць суды над Гарачка і Талстой. Дашкеівіч згадаў, што Гарачка 24 сакавіка сядзела ў суседняй камэры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG