Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніну Багінскую двойчы за вечар затрымалі за нацыянальную сымболіку


Актывістка Нана Багінская, архіўнае фота
Актывістка Нана Багінская, архіўнае фота

Грамадзкую актывістку Ніну Багінскую 25 сакавіка два разы затрымлівала міліцыя, але пратаколу на яе ня склалі.

Як распавяла Ніна Багінская Свабоде, першы раз яе затрымалі 25 сакавіка ўвечары на пачатку 6-ай гадзіны. Яна вярталася грамадзкім транспартам з Курапатаў і на плошчы Якуба Коласа перасядала, каб патрапіць на ўрачыстую вечарыну з нагоды Дня Волі ў кавярні па адрасе Валадарскага, 7. Таксама плянавала там пастаяць са сьцягам ля гістарычнага будынку № 9, дзе ўлады ўрэшце адмовіліся павесіць шыльду ў гонар абвяшчэньня незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Ніна Багінская, архіўнае фота
Ніна Багінская, архіўнае фота

«Я была ў паліто, на якім я даўно нашыла лёзунг „Свабода народу!“, — расказала Ніна Багінская. — Да мяне падыйшлі адразу двое „ціхароў“, потым падцягнуўся і трэці. Я адмовілася зь імі размаўлць, пасьля чаго яны пачалі хапаць мяне за рукі. Тады зьвярнулася да людзей, каб выклікалі міліцыю.

Тым часам яны пачалі мяне нахабна хапаць і цягнуць ад прыпынка. Я падагнула ногі і пачала крычаць. Пад’ехалі міліцыянты ў форме, „ціхарам“ яны не парэчылі, бо з адной банды. Ну і тыя аднесьлі ды пагрузілі мяне ў міліцэйскую машыну».

Паводле актывісткі, яе даставілі ў РАУС Савецкага раёну, дзе пратрымалі дзьве гадзіны. Ніна Багінская абвясьціла «маўклівы стайк», усе пытаньні ігнаравала. Падумаўшы, што ёй дрэнна, міліцыянты выклікалі хуткую дапамогу. Жанчына напісала, што адмаўляецца ад шпіталізацыі. Зноў пачалі пагражаць пратаколам. Напачатку дзявятай усё ж узяла сілавікоў зморамі — яе адпусьцілі. А на разьвітаньне зачытала верш Ніла Гілевіча «Будзьце праклятыя, каты свабоды!».

Адтуль Багінская выправілася на вуліцу Валадарскага, сустрэла паплечнікаў, даведалася, каго затрымалі, і расказала пра свае прыгоды. Пасьля падышла зь бел-чырвона-белым сьцягам ушанаваць памяць лідэраў БНР ля будынку на Валадарскага, 9. І ў такім жа антуражы пайшла па праспэкце побач з КДБ. Там за ёй зноў увязаліся «ціхары».

«Я ім сказала, што гуляю, адпачываю, а сьцяг не забаронены. Але яны запіхнулі ў машыну і павезьлі ў Маскоўскі РАУС. Я адмовілася выходзіць — яны вынесьлі мяне на руках і зацягнулі ў аддзяленьне.

Зноў іх папярэдзіла, што ніякіх пратаколаў ня будзе і размаўляць зь імі наогул не зьбіраюся. Яны выйшлі, пра нешта пачалі дамаўляцца. А потым адзін вяртаецца і кажа: „Багінская, ідзіце дахаты“. А палове 11-й я была дома. Вось такі насычаны дзень. Нічога страшнага, іншым было горш», — падсумоўвае Ніна Багінская.

Увечары 25 сакавіка падчас сьвяткаваньня Дня Волі ў Менску былі затрыманыя 15 чалавек, якія выйшлі ў цэнтар горада, каб адзначыць 101-я ўгодкі абвяшчэньня БНР. Вядомыя беларускія музыкі Павел Аракелян, Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч і Ігар Варашкевіч зьбіраліся даць бясплатны канцэрт у пешаходнай зоне, на скрыжаваньні вуліц Камсамольская і Рэвалюцыйная, але іх затрымала міліцыя, без тлумачэньня прычын. Сярод затрыманых таксама былі апазыцыйныя палітыкі Мікалай Казлоў і Віталь Рымашэўскі.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, у дачыненьні да затрыманых склалі пратаколы аб затрыманьні і правядзеньні прафіляктычнай гутаркі і празь некалькі гадзін адпусьцілі. У турме на Акрэсьціна на дадзены момант застаецца толькі Алена Таўстая, якая ўчора прыкавала сябе ланцугом да слупа на Кастрычніцкай плошчы. На знак пратэсту актывістка абвясціла галадоўку.

Пад вартай таксама застаюцца актывісты Зьміцер Дашкевіч і Натальля Гарачка-Басалыга, якія былі затрыманыя ў Менску 24 сакавіка. Чакалася, што іх асудзяць 25 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёну Менску, аднак суду не было.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG