Інтэрпол выдаў «чырвонае апавяшчэньне» на вышук двух беларусаў у справе прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у 2021-м

Нацыянальная пракуратура Польшчы шукае траіх грамадзян Беларусі, якія маюць дачыненьне да прымусовай пасадкі польскага самалёта ў Менску ў траўні 2021 году. Двое мужчын абвешчаныя ў міжнародны вышук паводле «чырвонага апавяшчэньня» Інтэрполу, у дачыненьні да трэцяга ідзе працэдура атрыманьня такога дакумэнта. У Акруговы суд Варшавы падалі заявы аб вынясеньні эўрапейскіх ордэраў на арышт у дачыненьні да ўсіх асобаў, якія знаходзяцца ў вышуку, перадае RMF24.

Як паведаміла прэс-сакратарка генэральнага пракурора Ганна Адамяк, Мазавецкі аддзел Дэпартамэнту па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры кантралюе сьледзтва, якое вядзе Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы ў справе аб захопе кантролю над польскім самалётам 23 траўня 2021 году ў Беларусі — гаворка аб прымусовай пасадцы самалёта Ryanair з блогерам Раманам Пратасевічам і расейскай грамадзянкай Соф’яй Сапегай на борце, якіх пасьля арыштавалі беларускія ўлады.

Паводле ведамства, супрацоўнікі авіядыспэтчарскай службы перадалі ілжывую інфармацыю пра нібыта закладзенае на борце выбуховае прыстасаваньне, вымусіўшы экіпаж зрабіць аварыйную пасадку ў Менску. Паведамляецца, што гэта «спрычыніла непасрэдную пагрозу жыцьцю і здароўю многіх людзей, у тым ліку грамадзян Польшчы, і незаконнае пазбаўленьне волі экіпажу і пасажыраў самалёта».

«У ходзе расьсьледаваньня былі вынесеныя загады аб прад’яўленьні абвінавачаньняў тром грамадзянам Беларусі, якія непасрэдна маюць дачыненьне да захопу самалёта», — паведаміла Адамяк.

Паводле яе, гаворка ідзе пра былога дырэктара «Белаэранавігацыі» Леаніда Чуро, начальніка зьмены кантролю Яўгена Цыганова і афіцэра КДБ Андрэя А. М.

Як паведамілі ў пракуратуры, паколькі падазраваныя знаходзяцца па-за межамі Польшчы, пракурор ня мог уручыць ім пастановы аб прад’яўленьні абвінавачаньняў. У сувязі з гэтым падалі запыт у суд на ўжываньне меры стрыманьня ў выглядзе часовага арышту для ініцыяваньня нацыянальнага і міжнароднага вышуку. 4 верасьня 2024 году польскі суд задаволіў гэты запыт і пастанавіў часова арыштаваць падазраваных на тры месяцы з моманту затрыманьня.

Пракуратура Польшчы накіравала ў Інтэрпол запыты аб публікацыі «чырвонага апавяшчэньня» на тэрыторыі ўсіх краін, якія ўваходзяць у Міжнародную арганізацыю крымінальнай паліцыі. У дачыненьні да двух падазраваных ужо пачаты міжнародны вышук на падставе «чырвоных апавяшчэньняў». У дачыненьні да трэцяга працэс афармленьня «чырвонага апавяшчэньня» працягваецца, паведаміла Адамяк.

Яна дадала, што пракурор падаў у Акруговы суд Варшавы запыты на выдачу эўрапейскіх ордэраў на арышт для ўсіх, хто ў вышуку.

Інтэрпол апісвае «чырвонае апавяшчэньне» як «запыт да праваахоўных органаў краін сьвету аб вызначэньні месцазнаходжаньня і папярэднім арышце асобы ў чаканьні экстрадыцыі, выдачы або аналягічнага прававога дзеяньня». Паводле Interpollawfirm.com, «чырвонае апавяшчэньне» — інструмэнт, найбольш блізкі да міжнароднага ордэра на арышт.

  • У верасьні 2024 году паведамлялі, што акруговы суд Варшавы завочна арыштаваў трох вышэйназваных грамадзян Беларусі за пасадку самалёта Ryanair у 2021-м. Дзяржаўная пракуратура Польшчы абвінавачвае іх у «акце тэрарызму». Высьветліць абставіны пасадкі самалёта дапамог 42-гадовы дыспэтчар, які ўцёк у Польшчу з каштоўнымі доказамі, у тым ліку запісамі з цэнтру кантролю за палётамі, зробленымі на тэлефон. Як вядома, яго завуць Алег Галегаў. Сьледзтва цягам трох гадоў праводзілі Нацыянальная пракуратура і Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы.

​
XS
SM
MD
LG