Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай і Расея абмяркоўваюць будаўніцтва тунэля з Крыму — Washington Post


Крымскі мост, ліпень 2023 году.
Крымскі мост, ліпень 2023 году.

Расейскія і кітайскія бізнэсмэны і топ-менэджары, зьвязаныя з уладамі абедзьвюх краін, у канцы кастрычніка на непублічнай сустрэчы абмяркоўвалі пляны будаўніцтва падводнага тунэлю, які злучаў бы анэксаваны Крым з тэрыторыяй Расеі.

Пра гэта паведамляе газэта The Washington Post са спасылкай на матэрыялы, атрыманыя ад украінскіх спэцслужбаў.

Як адзначае выданьне, факт перамоваў, з аднаго боку, сьведчыць аб тым, што Расея асьцерагаецца за бясьпеку Крымскага (Керчанскага) мосту, які ўжо двойчы часткова пераставаў функцыянаваць у выніку выбухаў, учыненых украінскімі спэцслужбамі. Зь іншага боку, выданьне падкрэсьлівае важнасьць транспартных зносін з Крымам для расейскіх уладаў, а таксама рост іх залежнасьці ад Кітаю.

Амэрыканскія экспэрты, на якіх спасылаецца газэта, адзначаюць, што тунэль — надзвычай складаны для будаўніцтва аб’ект нават у мірны час, а падчас вайны адносна недалёка ад лініі фронту такі буйны інфраструктурны праект яшчэ ніколі не будаваўся. Адзначаецца таксама, што ўдзел у праекце нясе рызыкі і для Кітаю, паколькі кампаніі, якія працуюць у Крыме, падпадаюць пад санкцыі ЭЗ і ЗША. Афіцыйна Пэкін не прызнае анэксію Крыму.

Тым ня менш перахопленая ўкраінскімі спэцслужбамі перапіска сьведчыць, што шэраг дзяржаўных кітайскіх кампаній зацікаўленыя ў праекце. Гаворка ідзе, у прыватнасьці, аб кітайскай кампаніі па будаўніцтве чыгунак (CRCC). Сьцьвярджаецца, што ў Севастопалі быў створаны расейска-кітайскі кансорцыюм для працы над праектам. Яго кіраўнік, бізнэсмэн Уладзімір Калюжны, заявіў, што ня будзе размаўляць з журналістам «варожага СМІ».

Пры гэтым, як сьцьвярджаецца, у лісьце Георгію Мурадаву, прадстаўніку расейскіх уладаў Крыму пры прэзыдэнце Расеі, Калюжны пісаў, што CRCC гатовая ўдзельнічаць у будаўніцтве тунэля як генэральны падрадчык. Кітайская кампанія ня дала камэнтароў.

У траўні 2017 году Газета.ру са спасылкай на расейскія ўлады Крыму паведамляла пра гатоўнасьць кітайскіх інвэстараў укласьціся ў будаўніцтва тунэля праз Керчанскі праліў.

Падчас візыту былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча ў Кітай у сьнежні 2013 году (гэта быў адзін з апошніх замежных візытаў Януковіча перад яго ўцёкамі з Украіны пасьля масавых пратэстаў) быў падпісаны мэмарандум аб намеры пабудаваць паблізу Еўпаторыі глыбакаводны порт з удзелам кітайскай кампаніі BICIM. Будаўніцтва не пачалося ў сувязі з анэксіяй Крыму. У матэрыяле Газеты.ру адзначалася, што кітайскія ўлады, магчыма, гатовыя вярнуцца да праекту, разьлічваючы на тое, што «з часам супярэчнасьці паміж краінамі вырашацца».

Афіцыйныя Масква і Пэкін, а таксама Кіеў пакуль не камэнтавалі публікацыю. Пераважная большасьць краін сьвету лічаць Крым тэрыторыяй Украіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG